Сёлета адзін з самых прэстыжных фотафестываляў Еўропы — Fotofestiwal у Лодзі (18–28 чэрвеня) — пройдзе пад знакам салідарнасці з незалежнай Беларуссю. На падзеі адбудзецца прэзентацыя дзесяці праектаў беларускіх фатографаў, а таксама выстава Сашы Вялічка, фотамастачкі са Слоніма, якая ўзяла галоўную ўзнагароду фэсту Fotofestiwal Grant 2026, піша reform.news.
Саша Вялічка «Called to the Carpet». Фота: fotofestiwal.com
Праект Сашы Вялічка пад назвай «Called to the Carpet» («Выкліканыя на дыван») стаў найлепшым сярод сотняў заявак з усяго свету. 19 чэрвеня ў Камяніцы Хіларыя Маеўскага адкрыецца выстава беларускай аўтаркі і будзе працаваць цягам усяго фестываля.
Назва «Выкліканыя на дыван» адсылае і да савецкай ідыёмы пра допыт у начальніка, і да фізічнага гвалту ў турмах. Саша працуе з тэмай «біяпалітыкі» — яна даследуе, як дзяржава спрабуе кантраляваць цела палітзняволеных. Гэта моцнае, інтэлектуальнае мастацтва, якое прынесла аўтарцы і статус «Futures Talent 2026» — аднаго з самых перспектыўных імёнаў еўрапейскай фатаграфіі.
Творца, якая працуе на мяжы фатаграфіі, архіўнай працы, інсталяцыі і новых медыя, падрыхтавала серыю партрэтаў, надрукаваных на дыване і фатаграфіі, у супрацы з ініцыятывамі Politvyazynka і Pink Scarves.
Поспех Сашы Вялічка — не адзінкавая прысутнасць беларускай фатаграфіі на падзеі. Дзякуючы спецыяльнай праграме падтрымкі беларускіх фатографаў, якую фэст ладзіць разам з міжнароднымі куратарамі (Ганна Карпенка, Эмануэль Халкін і Іштван Вірагвёльдзі), сёння на івэнце можна будзе ўбачыць праекты яшчэ дзесяці сучасных аўтараў з Беларусі.
27 чэрвеня ў Art_Inkubator пройдуць публічныя прэзентацыі працаў вядомых, так і новых беларускіх фатографаў:
Гэта маладое і сярэдняе пакаленне фатографаў, якое намагаецца адлюстраваць глыбінныя трансфармацыі грамадства, працуюць з архівамі і асабістымі траўмамі. Кожны з іх мае сваю мастацкую мову.
Адзначым, што беларускі дэсант у Лодзі не абмяжуецца толькі выступамі.
Пятнаццаць аўтараў (уключаючы Яўгена Атцецкага, Максіма Багдановіча, Мілу Іванову, Марыю Карнеенка, Яўгенію Курган і Караліну Палякову) увойдуць у спецыяльны міжнародны PDF-каталог, які пойдзе па руках еўрапейскіх галерыстаў і крытыкаў.
Таксама конкурс уключае і магчымасць працы ў творчай рэзідэнцыі ў Польшчы, якая пройдзе ў кастрычніку 2026 года. Тут спіс абраных фіналістаў будзе абвешчаны на пазнейшым этапе.
Заснаваны 25 гадоў таму, Fotofestiwal у Лодзі з’яўляецца адной з самых уплывовых фотападзей у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Сёлета фестываль (які пройдзе з 18 па 28 чэрвеня) засяроджаны на тэмах вызвалення, экалогіі і калектыўнай памяці. У агульнай праграме возьмуць удзел каля 150 мастакоў, а агульная тэма заклікае пераасэнсаваць адносіны з навакольным асяроддзем і мінулым праз прызму «свабоды».