Мінулай ноччу сайт Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org не вытрымаў хакерскай атакі. На гэты момант сайт не працуе.

Заснавальнік і кіраўнік бібліятэкі "Камунікат" Яраслаў Іванюк
«Аднак весткі пра нашу смерць, так як і пра смерць беларускай культуры і мовы — як казаў класік — заўчасныя і крыху перабольшаныя. Хаця, трэба прызнаць, што атака знішчыла больш чым 25-гадовую працу многіх людзей, але мы не здаемся», — напісаў заснавальнік і кіраўнік найбуйнейшай беларускай інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат» Яраслаў Іванюк.
Ва ўмовах узмацнення рэпрэсій супраць беларускай культуры і мовы, Kamunikat.org быў не толькі бібліятэкай, але і інструментам абароны культурнай спадчыны, якая знаходзіцца пад пагрозай, а таксама платформай, якая падтрымлівае свабодны доступ да ведаў і незалежнай творчасці. Хакерская атака чарговы раз пацвердзіла, што Камунікат гэта важны культурніцкі праект, які як соль у воку для спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі.
«Будзем змагацца і адбудуем адзін з найважнейшых незалежных архіваў беларускай культуры! Ня выключана аднак, што зойме гэта шмат часу», — адзначыў Яраслаў Іванюк.
Kamunikat з'яўляецца найбуйнейшай беларускай анлайн-бібліятэкай. На галоўнай старонцы рэсурса штодзённа рэгіструецца каля тысячы наведванняў. У 2024 годзе на сайце бібліятэкі было 1 мільён 200 тысяч заамповак файлаў, то-бок 100 тысяч запамповак на месяц.
У 2021 годзе Kamunikat пачаў яшчэ і выдавецкую дзейнасць. Выйшаў шэраг кніг Уладзіміра Някляева, Віктара Марціновіча, Ганны Янкуты, зборнік «Нерасстраляныя», Уладзіміра Арлова і інш.
У ліпені 2023 года рашэннем Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь доступ да сайта быў абмежаваны на тэрыторыі Беларусі. У 2025 годзе сайт бібліятэкі і старонкі ў сацсетках дадалі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.