Новы год – новыя культурніцкія амбіцыі: пачаўся прыём заявак на новы “Кірмаш праектаў” у Магілёве!

 Днямі Магілёў як культурная сталіца Беларусі і СНД урачыста перадаў эстафету Гародні. Але гэта не зменшыла  культурніцкую актыўнасць улюбёных у горад жахароў. Наадварот: каб культура Магілёва квітнела і далей, гучаць новыя ідэі, праекты і прапановы!

Kirmash___1401_________final14 студзеня кампанія “Будзьма беларусамі!” ладзіць новы “Кірмаш праектаў”, скіраваных на паляпшэнне і развіццё культурніцкага жыцця горада: творчых сфер (музыка, выяўленчае і сцэнічныя мастацтвы, літаратура), захаванне і інтэрпрэтацыю культурніцкай спадчыны. Вітаюцца таксама праекты, якія нясуць новае якаснае разуменне паняцця “культура” сродкамі такіх прафесійных галін, як сацыяльная праца, адукацыя, экалогія, гарадская прастора, турызм, бізнэс, рэклама і камунікацыі і іншыя.

У адрозненне ад першага “Кірмашу праектаў” у Магілёве, мэтай гэтага “Кірмашу” ёсць пошук не толькі партнёраў у рэалізацыі задумы, але і аднадумцаў і крытыкаў, здольных даць карысныя парады па ўдасканаленні праекта яшчэ на стадыі ідэі.

Досвед папярэдніх прэзентацый яшчэ раз пацвярджае: адна галава — добра, а дваццаць — нашмат лепш! Калектыўны розум аўтараў, адмыслоўцаў, а таксама запрошаных экспертаў аналізуе, каму і навошта патрэбнае новае пачынанне, якіх складанасцяў у ім можна пазбегнуць, якія магчымасці скарыстаць.

На “Кірмашах” культурніцкія і грамадскія дзеячы знаёмяцца, натхняюцца, натхняюць і дапамагаюць адно аднаму.

Фармат “маланкавай размовы”, ужо традыцыйны для ўсіх “Кірмашоў праектаў”, уяўляе сабой шэраг прэзентацый, на кожны выступ даецца 5-7 хвілін. У прэзентацыі трэба адлюстраваць наступнае:

— назва прэзентацыі;

— сутнасць прэзентацыі (што менавіта вы хочаце прадставіць: праект, стратэгію, кампанію, канцэпцыю і г.д.);

— мэты і задачы (чаму і каму гэты праект неабходны?);

— фармат праекта, яго ўнікальнасць і (ці) неабходнасць;

— калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;

— якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія шукаеце (каманда, дзеянні, партнёры, бюджэт).

Калі вы маеце задуму, здольную вырашыць важную культурніцкую задачу для вашага горада і пэўнай групы яго жыхароў, якая будзе спрыяць узмацненню прафесійных культурніцкіх супольнасцяў і вызначэнню адметнасці Магілёва, — дзейнічайце!

Дасылайце прэзентацыю, а таксама запоўненую анкету ўдзельніка на электронную скрыню kirmash.praektau@gmail.com да 7 студзеня ўключна.

Дэтальная інфармацыя аб падрыхтоўцы прэзентацыі знаходзіцца тут.

Выніковая прэзентацыя “Кірмашу праектаў” адбудзецца 14 студзеня 2014 года. Месца правядзення будзе абвешчанае ў хуткім часе.

Даведкі па тэл.: (029) 319-93-09 — каардынатар ГКК “Будзьма беларусамі!” па Магілёўскім рэгіёне Юры Стукалаў.

Запрашайце “Кірмаш праектаў” у свой горад!

Тэгі: