Пабачыў свет другі нумар часопіса “Svajksta”

25.12.2017 Культура

Выйшаў у свет другі нумар часопіса “Svajksta”, прысвечанага архаічным і сучасным аспектам традыцыйнай культуры.

svajksta

У часе зімовага сонцавароту, 21 снежня, у беларускай сталіцы Менску быў прэзентаваны другі нумар часопіса “Свайкста”, які выдае рэдакцыя Svajksta.by.

Часопіс выпускаецца паводле матэрыялаў, якія на працягу прамінулага году з’яўляліся на сайце. Першы, пілотны нумар выйшаў увесну, у ім змяшчаліся тэксты за 2016 год. У гэтым выпуску – самыя цікавыя навіны з Беларусі, суседніх краін і свету за 2017 год. Часопіс дае досыць досыць поўную карціну па падзеях за год і дазваляе з “першага прыбліжэння” зарыентавацца ў тым, што было важнага на думку беларускіх прыхільнікаў этнічнай традыцыйнай культуры.

Як у першым, так і ў другім нумарах пастаянныя рубрыкі – “Літва”, “Латвія”, “Балты”, “Традыцыя”.

У рубрыцы “Літва” – рэпартажы з гары Шатрыі, з фестывалю Юодарагіс. У рубрыцы “Латвія” – фотарэпартаж з рыжскага Фестываля традыцый масак, навіна пра выдадзеную Банкам Латвіі манету з богам грымотаў Пэркансам, пра латвійскі фільм “Пярсцёнак Намея”.

У рубрыцы “Балты” – навіны не толькі пра VII Балцкую Крывулю (сход прыхільнікаў духоўнага адзінства нашчадкаў балцкіх культур) у латвійскай Локстэнэ, але і пра ўсходнія, некалі балцкамоўныя, землі, Цвер, Варонеж, Разань, Смаленск. Менавіта “Свайкста” на працягу ўсёй сваёй 5-гадовай працы настойліва звяртае ўвагу на тэму балцкіх земляў на ўсход ад Беларусі. Змешчаны таксама вялікі рэпартаж пра сёлетні Дзень адзінства балтаў у Беларусі – фотаздымкі, спіс месцаў, тэндэнцыі (у параўнанні з мінулым годам колькасць месцаў, дзе запалілі агонь, нават падвоілася).

З іншых цікавостак 2-га нумару “Свайксты” – тэксты пра архаічнае значэнне велікодных яек і пра балцкае паходжанне веснавога свята ўшанавання памерлых “Радаўніца” ў беларусаў. Падаюцца рэпартажы пра тое, як летам энтузіясты аднавілі ахвярнік на ўсходзе Беларусі, у Магілёўскай вобласці, а таксама правялі балцка-паганскае вяселле каля Смургоняў.

Аб’ём часопіса – 60 старонак. У пачатку будучага года плануецца правесці прэзентацыю часопіса ў Вільні і Рызе.

Рэпартаж з прэзентацыі можна паглядзець тут.