Улетку 2022 года фалькларыстка Алена Ляшкевіч наведала Падляшша і дзеліцца з чытачамі Budzma.org экспедыцыйнымі нататкамі. У вёсцы Козлікі стаіць царква, якая два разы з XVIII ст. мяняла лакацыю, пакуль не прывандравала на сваё цяперашняе месца.
З гісторыі вёскі
Вёсак з назвай «Козлікі» на Падляшшы дзве. Тут пойдзе размова пра Козлікі ў гміне Нараў Гайнаўскага павета. А за 10 км на поўнач ад іх, на шашы Беласток — Бельск Падляскі, месцяцца іншыя Козлікі (гміна Заблудаў Беластоцкага павета). На думку стваральнікаў Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны, якія працавалі ў Козліках пад Заблудавам у 1960 і 1971 гг., тады падставовым сродкам паразумення жыхароў вёскі між сабой быў мясцовы дыялект беларускай мовы. У 1992 г. лінгвіст Міхаіл Саевіч, даследчык беларуска-ўкраінскай моўнай мяжы на Падляшшы, назваў Козлікі сярод вёсак, у якіх «без сумніву» панавала беларуская гаворка, «часам ужо ў заняпадзе». Праўда, невядома, пра якія дакладна Козлікі гаворка.
Мяркуючы па мапе, апрацаванай навукоўцам, ён карыстаўся звесткамі з Козлікаў з-пад Заблудава. Атрымліваецца, патрэбныя нам Козлікі, на рацэ Нараў, адпаведна класіфікацыі Міхаіла Саевіча трапляюць у зону ўкраінскіх гаворак. Цікавы факт для вёсак з аднолькавай назвай і адлегласцю паміж сабой толькі 10 кіламетраў! Варта адзначыць, што далёка не ўсе мовазнаўцы прытрымліваюцца думкі, што між беларускімі і ўкраінскімі гаворкамі на Падляшшы можна дакладна акрэсліць мяжу.
Археолагі выявілі недалёка ад Козлікаў гміны Нараў стаянку эпохі неаліту, а таксама раннесярэднявечныя могілкі і паселішча. У пісьмовых крыніцах Козлікі згадваюцца з 1576 года як прыватнаўласніцкая вёска.
Драўляная архітэктура
Хаты ў Козліках стаяць уздоўж галоўнай дарогі, іншых вуліц няма. Дарога забрукаваная. Афіцыйна ў 2021 г. вёска налічвала 28 гаспадарак. Бачна, што ў некаторыя хаты гаспадары прыязджаюць толькі па выходных.
У вёсцы сустракаюцца і дэталі, характэрныя для традыцыйнай драўлянай архітэктуры, і праявы сучаснай народнай творчасці.
Драўляная праваслаўная царква Святога Мікалая, якая сёння знаходзіцца ў Козліках, была пабудаваная ў XVIII ст. у вёсцы Вяжанка.
Па розных звестках, у 1792 ці 1834 г. будынак перанесены ў Клейнікі. Адтуль, у сваю чаргу, у пачатку ХХ ст. храм трапіў на сваё цяперашняе месца. Апошні рамонт царквы прайшоў у 2013–2016 гг. Нязвыклы для беларусаў факт: пасля рамонту храму надалі больш архаічны выгляд, замяніўшы бляшаны дах на драўляную дахоўку.
Большую частку года царква зачынена. Набажэнства тут абавязкова адбываецца 22 мая, у вясновы дзень памінання Святога Мікалая.
На крыжы побач з храмам выразана імя будаўніка: Онтіп Місіюк. Іншы крыж на царкоўным двары прысвечаны памяці жыхаркі Козлікаў, памерлай на чужыне, у Петрапаўлаўску, у 1921 г. Памятны знак паставіў сын. Такія пустыя магілы, дзе родныя могуць узгадаць чалавека, пахаванага далёка, даволі часта сустракаюцца на падляскіх царкоўных дварах.
Прыдарожныя крыжы
У Козліках усталявана два прыдарожныя крыжы. Адзін з іх — недалёка ад царквы. Надпіс на ім заклікае: «Спаси Господи люди твоя и благослови достояние твое». Крыж датаваны 1955 г.
Надпіс на другім крыжы, усталяваным пасярод вёскі: «Спаси Господи от всяких бед и напасти рабов Божих живущих в деревни сея и храни их на многие лета. 1979 г.»
Чытайце яшчэ:
Падляскія замалёўкі: вёска Карыціскі, дзе можна паглядзець галандскі вятрак
Падляскія замалёўкі: вёска Трасцянка, на гаворцы якой напісалі кнігу
Сацы — вёска ў «Краіне адкрытых аканіц»
Вёска Пухлы, дзе супрацоўнічаюць з Маларытай
Алена Ляшкевіч для budzma.org
Фота аўтаркі