Улетку 2022 года фалькларыстка Алена Ляшкевіч наведала Падляшша і дзеліцца з чытачамі Budzma.org экспедыцыйнымі нататкамі. Трасцянка — яшчэ адзін пункт на шляху турыстаў, якія цікавяцца драўлянай архітэктурай. На мясцовым дыялекце напісана цэлая кніга, якую можна пачытаць анлайн.
Драўляная архітэктура
Трасцянка (па-польску Trześcianka) знаходзіцца ў гміне Нараў Гайнаўскага павета. Разам з Сацамі і Пухламі ўтварае турыстычны брэнд «Краіна адкрытых аканіц» і з’яўляецца найбольшай вёскай з усіх трох.
На некаторых хатах і брамах выразаныя прозвішчы гаспадароў.
Трасцянская драўляная царква пабудавана ў 1864–1867 гг. і асвечана ў гонар арханёла Міхаіла.
І ва ўнутраным, і ў вонкавым дэкоры царквы можна заўважыць падабенства з упрыгожаннямі хат.
Драўлянае дойлідства ў Трасцянцы паўплывала на архітэктуру мураваных будынкаў.
Матывы драўляных упрыгожанняў і геаметрычнага арнаменту выкарыстоўваюцца для дызайну абвестак.
У вёсцы ёсць некалькі прыдарожных крыжоў і капліц.
Крыж пастаўлены ў 1893 г. Надпіс на ім: «Всемогущий Боже, помилуй насъ и Благослови весь сію и достояніе сіе молитвами Пречастой Божьеи Матери и Св. Ант. Печ. (Антонія Пячэрскага — рэд.) 1893 года 10 іюля».
Прыдарожная слупавая капліца 1863 г., у якой паўстанцы хавалі карэспандэнцыю. Каля аснавання каплічкі была адтуліна, прыкрытая разьбяным сэрцам. Паўстанец, кленчачы ў малітве, мог пакінуць ці забраць цыдулку. Абраз Спаса нерукатворнага, які зараз знаходзіцца ў капліцы, прывезлі ў 2011 г. з маскоўскага храма Хрыста Збавіцеля.
Варта паглядзець таксама драўляную праваслаўную капліцу на могілках. Яе перанеслі з вёскі Белавежа.
З гісторыі Трасцянкі
Лічыцца, што назва Трасцянкі паходзіць ад балотнай травы трыснягу, «трасціны».
Вёска захавала з XVI стагоддзя вулічную планіроўку, якая ўзнікла пасля правядзення валочнай памеры — зямельнай рэформы каралевы Боны. У канцы XV стагоддзя тут быў маёнтак Трасцяніца. Месца, дзе ён стаяў, можна сёння шукаць па тапонімах «Городіска», «Груд», «Замок», «Дворыска», «Двуоршчына». Вакол маёнтка жылі каралеўскія сяляне.
Па адным баку вуліцы хаты не маюць вокнаў ад дарогі. У гэтай частцы будынкаў, арыентаванай на поўнач, знаходзілася камора, дзе сялянскія сем’і захоўвалі прыпасы ежы. Камора не ацяплялася ўзімку, а яе арыентацыя абумоўлівала, што і ўлетку яна менш награвалася.
Жыхары Трасцянкі, як і шматлікіх іншых падляскіх вёсак, у 1915 г. выязджалі ў бежанства ў Расію. Не ўсе вярнуліся.
Падчас перапісу 1921 г. 606 вяскоўцаў (98 %) задэкларавалі праваслаўнае веравызнанне і беларускую нацыянальнасць. Старэйшыя жыхары і сёння лічаць сябе ці беларусамі, ці «тутэйшымі». Тут жыло таксама некалькі яўрэяў. Памяць аб іх захавалася ў назве ўрочышча «Жыдоўшчына». Яны маліліся ў сінагозе ў Заблудаве. Загінулі падчас Другой сусветнай вайны.
Большасць жыхароў Трасцянкі маюць патранімічныя прозвішчы, якія сканчваюцца на -ук (-юк), што характэрна і для Брэстчыны. Тут гучыць падобны да заходнепалескага дыялект. Стваральнікі Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны адзначаюць: «Варта звярнуць увагу, што высновы аб нацыянальнай прыналежнасці жыхароў Беласточчыны на падставе гаворкі, якой яны карыстаюцца, могуць быць памылковымі. Нацыянальная свядомасць не развівалася тут адпаведна з моўнымі крытэрыямі. Істотную ролю адыгрывала веравызнанне. Пры гэтым не мае значэння, ці з’яўляецца чалавек вернікам... Вырашальную ролю адыгрывае выхаванне ў пэўным асяродку. Католікі з ваколіцаў Саколкі і Дамбровы Беластоцкай, якія ў побыце выкарыстоўваюць беларускую гаворку, лічаць сябе палякамі, а праваслаўныя з-пад Бельска Падляскага ці Сямятычаў — пераважна беларусамі, хаця іх гаворка мае шмат украінскіх рысаў. Здараецца таксама, што хтосьці размаўляе па-польску, лічыць сябе беларусам, а паходзіць з сям’і, дзе карыстаюцца ўкраінскай гаворкай. І да таго ж не ва ўсіх нацыянальная свядомасць цалкам сфармавалася».
На гаворцы Трасцянкі пісьменнік, журналіст, паэт і мастак Віктар Стахвюк напісаў кнігу «Сіва зязюля» (Siwa zozula). З яе можна даведацца, напрыклад, што старэйшыя жыхары Трасцянкі найлепш узгадвалі перыяд царскай Расіі і камуністычнай улады, а жыць у міжваеннай Польшчы ім не падабалася. Гэта цікава, бо па беларускі бок мяжы менавіта жыццё «за палякамі» называюць самым лепшым часам.
У кнізе апісаны абрады і песні Калядаў, Мясьніці (Масленіцы), Юр’я, Зелянец, Купалле, жніво, выкліканне дажджу, хрэсьбіны, вяселле, провады ў рэкруты, гасцяванні. Аўтар інтэрпрэтуе сімволіку святаў з адсылкамі да славянскага паганства, не заўсёды яго тлумачэнні навукова дакладныя. Але сабраны ў кнізе «Сіва зязюля» матэрыял дае добрае ўяўленне пра каляндарныя і сямейныя абрады Трасцянкі.
Фота аўтаркі
Алена Ляшкевіч, для budzma.org