У каталіцкім Нацыянальным санктуарыі ў Будславе 21 ліпеня пачалі новы этап археалагічных раскопак з удзелам валанцёраў. Кусташ санктуарыя ксёндз Дзмітрый Дубовік па выніках першага дня працы распавёў на парафіяльным пабліку пра галоўную знаходку: вугал старога касцёла. Мяркуецца, што тут таксама была вежа, піша katolik.life.
У далейшым плануецца пракласці шурф уздоўж усёй сцяны фасаду старога касцёла, магчыма, атрымаецца знайсці ўваход у былы храм і ягоную крыпту. Жадаючых запрашаюць далучацца да раскопак.
Гэтыя працы праходзяць паралельна з рэканструкцыяй і рэстаўрацыяй існага касцёла, які пацярпеў ад пажару ў 2021 годзе. Архітэктурныя і археалагічныя даследаванні праводзяцца з мэтай аднавіць увесь вялікі комплекс будслаўскага кляштара бэрнардынаў. У будучыні гэта дазволіць стварыць у Будславе агульнабеларускі «духоўны цэнтр» — такую ідэю агучвалі ўлады.
Што тычыцца рэстаўрацыі існага касцёла, то яе плануецца цалкам завяршыць толькі ў 2033 годзе — фінальным этапам будзе аднаўленне інтэр’ераў.