Згодна з матэрыяламі дзяржаўных закупак, раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый выдзеліў звыш 14 тысяч рублёў на знос васьмі пабудоў — усіх гаспадарчых пабудоў былой сядзібы, піша тэлеграм-канал «Спадчына».
Сядзібны дом у Чэхаўшчыне. Фота: et.butb.by
Падставай для гэтага стала рашэнне Валожынскага райвыканкама № 1337 ад 30 мая 2026 года. У афіцыйным дакуменце пералічаны аб’екты, якія падлягаюць ліквідацыі: два жылыя дамы, бензасклад, сарай для каня, склад-лядоўня, склад для агародніны, харчовы склад і кармакухня. Знос будзе ажыццяўляцца механізаваным разбурэннем без распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі, а пасля завяршэння прац участак трэба «вызваліць ад смецця».
Фарміраванне гэтага комплексу пачалося яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Асаблівую каштоўнасць сярод прысуджаных да зносу аб’ектаў уяўляе тая самая «склад-лядоўня». Згодна з даследаваннямі Анатоля Федарука, гэта арыгінальны квадратны ў плане будынак (8×8 метраў), збудаваны з бутавага каменю з чорным шчэбнем на вапнавай росчыне. Больш за тое, над уваходам у гэтую лядоўню захавалася аўтэнтычная перамычка з датай будаўніцтва — «Roku 1855».

Гістарычная лядоўня, складзеная з бутавага каменя ў тэхніцы «разынкавай муроўкі». Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Старыя шаляваныя ромбам дзверы лядоўні і перамычка над імі з датай пабудовы — «Roku 1855». Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Паралельна з зачысткай тэрыторыі чыноўнікі спрабуюць прадаць з аўкцыёну сам драўляны сядзібны дом плошчай 433 квадратныя метры. Характэрна, што ў дакументацыі таргоў будынак, узведзены яшчэ ў 1849 годзе, фігуруе як «гаспадарчы корпус 1957 года пабудовы» — вынік тыповай савецкай БТІ-пашпартызацыі. Пакупніку прапануюць набыць аб’ект з абавязацельствам па яго рэканструкцыі альбо поўным зносе дзеля ўзвядзення новага будынка.
Шляхецкая сядзіба — гэта заўсёды цэласны планіровачны ансамбль, дзе гаспадарчы двор з’яўляецца такой жа неад’емнай часткай гісторыі, як і жылыя будынкі. Знішчаючы аўтэнтычныя каменныя лядоўні пад выглядам «добраўпарадкавання», улады ўласнаручна пазбаўляюць комплекс як інвестыцыйнай, так і наступнай турыстычнай прыцягальнасці.