Менск — горад з вельмі драматычным лёсам, які страціў велізарную частку сваёй гістарычнай спадчыны не толькі ў полымі войнаў, але і праз савецкую перапланіроўку. У гэтым артыкуле расказваем пра найбольш яркія і трагічныя страты менскай культурнай спадчыны, якія працягваюць нагадваць пра сябе і сёння.
Гэта быў наймаштабнейшы і вельмі багаты архітэктурны ансамбль Высокага Рынку (пляцу Волі), які вызначаў сілуэт гораду на працягу стагоддзяў.
Касцёл Езуітаў (цяпер — Архікатэдральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі) — гэта адзіная частка комплексу, якая захавалася, і была адноўлена. У галоўным навучальным корпусе выкладалі філасофію, рыторыку, матэматыку і мовы. У комплексе вылучалася высокая шмат’ярусная вежа з гадзіннікам, якая была галоўным арыенцірам горада. Вежу знеслі ў 1950-я гады, каб не «перашкаджаць» выгляду на новую забудову.
Комплекс будынкаў езуітаў у Менску на канец XIX ст. Да нашых дзён дайшоў толькі будынак касцёла, цяперашняя катэдра Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Выява: be-tarask.wikipedia.org
Калегіум быў элітнай навучальнай установай. Пры ім дзейнічалі тэатр, бібліятэка і аптэка.
Пасля паўстанняў XIX стагоддзя езуітаў выгналі, а калегіум перадалі пад рэзідэнцыю грамадзянскага губернатара. Пасля Другой сусветнай вайны будынак калегіума быў моцна перабудаваны ў стылі «сталінскага ампіру». Сёння гэта Рэспубліканская гімназія-каледж пры Акадэміі музыкі.

Архікатэдра Найсвяцейшай Дзевы Марыі, былы езуіцкі касцёл, наш час. Выява: bel.wikipedia.org
Храм знаходзіўся на Высокім Рынку, на рагу вуліц Дамініканскай і Юраўскай. Калі глядзець на сучасную мапу — гэта паўночная частка Кастрычніцкай плошчы, прыкладна там, дзе цяпер знаходзіцца ўваход у Палац Рэспублікі і лесвіца, што вядзе да вуліцы Інтэрнацыянальнай.
Вуліца Валоцкая (цяпер Інтэрнацыянальная), на пярэднім плане відаць фасад касцёла Тамаша Аквінскага, канец XIX ст. Выява: be-tarask.wikipedia.org
Пабудову кляштара фундавала ўдава ваяводы вэндэнскага Крыштапа Слушкі — Сафія Слушка з Завішаў. Спачатку будынкі былі драўлянымі. А ў сярэдзіне XVII стагоддзя паўстаў велічны мураваны касцёл. Гэта быў адзін з найбагацейшых кляштараў Вялікага Княства Літоўскага.
Храм уяўляў сабой трохнефную базіліку з дзвюма высокімі вежамі на фасадзе. Інтэр’ер быў аздоблены 15 алтарамі, фрэскамі і меў адзін з лепшых арганаў у краіне.
Пры кляштары дзейнічалі школа, бібліятэка, якая налічвала тысячы тамоў, і нават шпіталь.
Пасля паўстання 1830–1831 гадоў расейскія ўлады зачынілі кляштар. Будынак касцёла перадалі вайсковаму ведамству і ператварылі ў каталіцкі парафіяльны касцёл, а пазней выкарыстоўвалі як склад і пажарнае дэпо. Пры гэтым выгляд храма паступова разбураўся: былі знятыя вежы, знік багаты дэкор.

Будынак касцёла ў 1901 г. Фота: bel.wikipedia.org
Самае жудаснае ў гісторыі гэтага храма тое, што ён перажыў Другую сусветную вайну, але быў знішчаны савецкімі ўладамі. У 1944 годзе будынак быў пашкоджаны, але яго сцены і скляпенні засталіся цэлымі. Больш за тое, у 1945 г. касцёл быў прызнаны помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. Беларускія навукоўцы нават паспелі падрыхтаваць праект ягонай рэстаўрацыі. Аднак савецкае кіраўніцтва горада мела іншыя планы на Цэнтральную плошчу (цяпер Кастрычніцкая). У ноч на 5 красавіка 1950 года магутным выбухам храм быў знішчаны. Гэта зрабілі таемна і хутка, каб не выклікаць пратэстаў. Цэглу ад храма выкарыстоўвалі для будаўніцтва іншых аб’ектаў у горадзе.
Паводле легендаў, пад касцёлам існавала разгалінаваная сістэма скляпенняў і хадоў, якія вялі да іншых кляштараў і нават пад раку Свіслач.
Сёння пад брукам Кастрычніцкай плошчы ўсё яшчэ захоўваюцца падмуркі касцёла. Падчас рэканструкцыі плошчы археолагі адкрылі гэтыя падмуркі, але замест таго, каб зрабіць музей, іх зноў закапалі і закаталі ў асфальт.
Сярод архітэктараў і грамадскасці стала ідуць дыскусіі пра аднаўленне касцёла (рэгенерацыі пляцу), бо без гэтага дыяменту сілуэт старога Менска застаецца непаўнавартасным.
Рэканструкцыя выгляду і лакалізацыі касцёла Тамаша Аквінскага ў наш час. Выява: historybelarus.com
Адна з найпрыгажэйшых вуліц старога цэнтра, якая злучала Высокі Рынак з раёнам сучаснага цырка. Яна знікла пры пасляваеннай забудове праспекта.
Вуліца атрымала сваю назву, хутчэй за ўсё, ад царквы Святога Юры, якая знаходзілася на ўзгорку над Свіслаччу (уніяцкія крыніцы згадваюць яе ў канцы XVIII стагоддзя). Пры царкве існавалі старажытныя могілкі.
Вуліца Юраўская, 1907 г. Выява: bel.wikipedia.org
Вуліца вядомая як мінімум з 1596 года. У той час яна знаходзілася ў раёне «Новага Места», якое пачало актыўна забудоўвацца пасля вялікага пажару і перапланавання горада. У пачатку XX стагоддзя Юраўская лічылася адной з самых фешэнебельных вуліц. Тут знаходзіліся рэспектабельныя рэстараны (напрыклад, знакаміты «Акварыум»), банкаўскія канторы і дарагія жылыя дамы. Менавіта тут, у адной з устаноў на Юраўскай, будучы народны паэт Янка Купала атрымліваў свой пашпарт.
Рог Юраўскай і Францішканскай, 1900 год. Фота: bel.wikipedia.org
У 1920-х гадах бальшавікі перайменавалі яе ў Камуністычную. Юраўская праходзіла ў самым цэнтры сучаснага горада, але паралельна цяперашняму праспекту Незалежнасці:
Яна пачыналася ад сучаснай вуліцы Леніна (у раёне задняга фасада ГУМу). Праходзіла праз тэрыторыю, дзе цяпер стаіць Палац Рэспублікі (Кастрычніцкая плошча), і спускалася да Свіслачы ў бок цяперашняй вуліцы Янкі Купалы.
Амаль уся забудова была разбурана падчас бамбаванняў 1941 года або знесена пры рэканструкцыі цэнтра ў 1940–50-я гады.
Адзіны ацалелы будынак, гэта дом, які цяпер мае адрас праспект Незалежнасці, 27А. Ён схаваны ў дварах за Палацам культуры прафсаюзаў. Гэты дом — маўклівы сведка існавання зніклага Менска.
Палац Сапегаў у Менску — гэта адзін з самых значных страчаных помнікаў. Цікава, што многія мінчукі штодня праходзяць міма месца, дзе знаходзіўся палац, нават не падазраючы пра гэта.
Палац размяшчаўся на тэрыторыі сучаснай Кастрычніцкай плошчы. Калі стаяць тварам да Палаца Рэспублікі, то сядзіба Сапегаў знаходзілася прыкладна на правым ускрайку плошчы, бліжэй да фантанаў.

Палац Сапегаў, малюнак, 1918 год. Выява: bel.wikipedia.org
Мураваны палац быў пабудаваны ў першай палове XVII стагоддзя прадстаўнікамі магутнага роду Сапегаў. Першапачаткова гэта быў будынак у стылі барока. Палац меў Г-падобную форму, два паверхі і высокі дах. Пазней, у XVIII стагоддзі, яго перабудавалі ў стылі класіцызму. Пры палацы месціўся цудоўны сад з грушамі, якія давалі плады цёмнага колеру. Гэтыя грушы атрымалі назву «сапежанкі».
Палац на малюнку М. Філіповіча, 1924 г. Выява: be-tarask. wikipedia.org
Што цікава, пэўны час садоўнікам у Сапегаў працаваў Самуіл Скаўронскі — бацька будучай расейскай імператрыцы Кацярыны.
У канцы XVIII стагоддзя Сапегі прадалі палац. У 1790-я гады будынак набыў магістрат горада.
Пасля таго як палац перайшоў у дзяржаўную ўласнасць, ён стаў цэнтрам адміністрацыйнага жыцця. У ХІХ стагоддзі будынак выкарыстоўваўся для дзяржаўных фінансавых патрэб.

Палац Сапегаў у Менску, фота 1927 г. Фота: bel.wikipedia.org
Лёс палаца Сапегаў быў вельмі падобны да лёсу Юраўскай вуліцы: будынак моцна пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны. Хоць сцены заставаліся цэлымі і палац можна было аднавіць, савецкія ўлады пастанавілі інакш.
У 1950-я гады, падчас стварэння велізарнай Цэнтральнай плошчы (цяпер Кастрычніцкая), рэшткі палаца былі канчаткова знесены, каб расчысціць прастору для манументальных савецкіх пабудоў.
Лічыцца, што пад Кастрычніцкай плошчай да гэтага часу захоўваюцца магутныя скляпы палаца Сапегаў. Падчас будаўніцтва Палаца Рэспублікі і падземных пераходаў рабочыя не раз натыкаліся на старажытную муроўку XVII стагоддзя.
У Менску ў гэтага магутнага роду была вялікая гарадская сядзіба, якая знаходзілася ў самым сэрцы Высокага Рынку (цяпер пляц Свабоды).

Палац Радзівілаў на малюнку Юзэфа Пешкі, 1800 год. Выява: bel.wikipedia.org
Будынак размяшчаўся на рагу сучасных вуліц Інтэрнацыянальнай і Энгельса. Калі вы стаіце на плошчы Свабоды тварам да Ратушы, то палац знаходзіўся злева ад яе — там, дзе цяпер месціцца гатэль «Еўропа» (дакладней, яго левая частка і ўнутраны дворык).
Радзівілы выкупілі некалькі суседніх дамоў і аб’ядналі іх у адзіны палацавы комплекс. Гэта быў класічны Г-падобны будынак у стылі барока, які пазней набыў рысы класіцызму.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Радзівілы паступова страцілі цікавасць да менскай рэзідэнцыі. У ХІХ стагоддзі будынак перайшоў да горада. У 1825 годзе праводзілася рэканструкцыя будынка, пасля якой у ім размясціўся менскі тэатр. У яго памяшканнях, акрамя спектакляў, давалі балі і маскарады, ладзілі аматарскія канцэрты.

Палац Радзівілаў на малюнку 1836 года. Выява: be-tarask.wikipedia.org
Палац не пацярпеў за часамі Другой сусветнай вайны, аднак у 1984 годзе, нягледзячы на пратэсты грамадскасці (будучыя сябры Талакі), савецкая ўлада зруйнавала ўнікальны помнік культуры і архітэктуры.
У 2004–2007 гадах на месцы знішчанага палаца збудавалі вядомы гатэль «Еўропа», які ў агульных рысах паўтарае існы да Другой сусветнай вайны аднайменны гатэль, што месціўся справа ад палаца.
Вуліца Школьная і Халодная сінагога — складалі сэрца найстаражытнейшага габрэйскага кварталу Менска, які называўся Нізкі Рынак. На жаль, сёння ад іх не засталося амаль нічога, акрамя падмуркаў пад ходнікам і памяці гісторыкаў.
Выгляд вуліцы Школьнай у 1918 годзе. Фота: bel.wikipedia.org
Вуліца Школьная была адной з самых кароткіх, але самых каларытных у горадзе. Яна злучала Высокі Рынак (пляц Свабоды) з Нізкім Рынкам (раён сучаснай станцыі метро «Няміга»). Сёння гэта стромкі спуск ад катэдальнага касцёла ў бок Нямігі. Назва вуліцы паходзіць ад слова «школа», як габрэі часта называлі свае малітоўныя дамы і сінагогі. На гэтай вуліцы і вакол яе знаходзілася каля дзясятка розных сінагог і малітоўных школ.
Гэта была вузкая вуліца з вельмі шчыльнай забудовай. Дамы даслоўна «напаўзалі» адзін на аднаго праз складаны рэльеф. У пачатку XX стагоддзя вуліца была знакамітая сваімі дробнымі крамкамі і майстэрнямі.
Тут месцілася Халодная сінагога — адзін з найстарэйшых мураваных будынакаў Менска.
Скрыжаванне вуліцы Школьнай і Нямігі, з левага боку відаць фрагмент будынка сінагогі. Фота: etoretro.ru
Дакладная дата пабудовы невядомая, але лічыцца, што мураваны будынак з’явіўся ў 1570-я гады (паводле іншых звестак — на пачатку XVII ст.). Да сярэдзіны XX стагоддзя гэта быў найстарэйшы мураваны будынак у Менску, які захаваўся ў першапачатковым выглядзе.
Чаму «Халодная»? У сінагозе ніколі не было ацяплення. Яна выкарыстоўвалася для набажэнстваў толькі ў цёплы час года, а ўзімку суполка збіралася ў суседніх «цёплых» малітоўных дамах. Будынак быў узведзены ў стылі готыкі і рэнесансу з магутнымі сценамі (да 1,5 метра таўшчынёй). У Сярэднявеччы яна магла выконваць і абарончую функцыю. Унутры сінагога была ўбраная ўнікальнымі роспісамі. Існавала легенда, што ў яе сутарэннях захоўваліся старажытныя скруткі Торы, якія нібыта мелі цудадзейную сілу і ахоўвалі горад ад пажараў.
Халодная сінагога, 1928 г. Фота: bel.wikipedia.org
Вуліца апынулася на тэрыторыі Менскага гета ў гады нацыстоўскай акупацыі. Будынкі пацярпелі, але Халодная сінагога засталася амаль непашкоджанай.

Сінагога побач з будынкам Белпрампраекту, 1960-я гады. Фота: bel.wikipedia.org
У канцы 1940-х гадоў савецкія ўлады пачалі «рэканструкцыю» раёна Нямігі. Нягледзячы на пратэсты гісторыкаў і той факт, што сінагога была афіцыйным помнікам архітэктуры, у 1965–1966 гадах яе падарвалі.
На месцы сінагогі цяпер знаходзіцца паркоўка пры вядомым будынку Белпрампраекту, і праезная частка. Вуліца Школьная ператварылася ў безыменную лесвіцу, па якой людзі спускаюцца ад плошчы Свабоды да метро.
Беларускі мастак Май Данцыг на сваім палатне «Мой горад старажытны, малады» захаваў ужо няісны будынак сінагогі ў цені Белпрампраекту.
Карціна Мая Данцыга "Мой горад старажытны, малады«(1972 г.) у экспазіцыі Мастацкага музея ў Менску. Фота: bel. wikipedia.org
Сёння, шпацыруючы каля велічнага будынка Нацыянальнага тэатра оперы і балету наўрад ці можна згадаць штосьці напраўду старажытнае ў ценях савецкага канструктывізму. Але пад сучаснымі ходнікамі захоўваецца сапраўдны «культурны пласт» стагоддзяў. Менавіта тут, на найвышэйшым пункце Траецкай гары, некалі панавала Белая царква — архітэктурная дамінанта, якая вызначала сілуэт гэтай часткі Менска на працягу некалькіх эпох.
Будынак Нацыянальнага тэатра опэры і балету, які, як лічыцца, стаіць на месцы старажытнай царквы. Фота: bel.wikipedia.org
Гісторыя гэтага месца пачалася яшчэ ў Сярэднявеччы. Першапачаткова тут існаваў праваслаўны манастыр і царква Ушэсця Гасподняга. Пазней сваю мянушку — «Белая» — царква атрымала ад месцічаў за светлы колер сцен, які быў рэдкасцю сярод драўлянай і шэрай забудовы тагачаснага прадмесця.
У 1633 годзе манастыр перайшоў да ўніяцкага ордэна базылянаў. Менавіта ў гэты перыяд храм набыў свае знакамітыя рысы віленскага барока: дзве высокія вежы на фасадзе, вытанчаныя лініі і маштабнасць, якая дазваляла бачыць царкву нават з самых аддаленых раёнаў горада.
Белая царква была сапраўдным адукацыйным і культурным цэнтрам. Пры манастыры існавалі багатая бібліятэка і школа. Пасля падзей 1839 года, калі унія была ліквідаваная, храм вярнуўся ў праваслаўе, але захаваў сваю назву ў народнай памяці.
Канец гісторыі храма быў імклівым і бязлітасным. У 1930-я гады савецкая ўлада прыняла пастанову аб кардынальнай рэканструкцыі Менска. Траецкая гара была абраная як пляцоўка для будаўніцтва манументальнага Тэатра оперы і балету паводле праекта Іосіфа Лангбарда.
Белая царква, якая перажыла войны і пажары, не вытрымала ідэалагічнага націску. Яе падарвалі і разабралі на цэглу, якую выкарыстоўвалі для будаўніцтва іншых аб’ектаў. Да 1938 года, калі тэатр быў завершаны, ад храму не засталося і следу.
Хоць фізічна Белай царквы больш няма, яна пакінула глыбокі след у тапаніміцы горада. Сучасная сетка вуліц вакол плошчы Парыжскай Камуны дагэтуль захоўвае контуры былых манастырскіх зямель.
Ю. К., Budzma.org