Гэтыя беларускія прадукты сталі нацыянальным брэндам

Той самы смак дзяцінства і лепшы сувенір для замежных гасьцей — некаторыя прадукты даўно перасталі быць проста ежай і ператварыліся ў сапраўдныя нацыянальныя брэнды. Пісьменьніца і публіцыстка Яна Вольская ўзгадвае 5 гастранамічных сымбаляў Беларусі, чыя рэцэптура прайшла праверку часам і заваявала любоў мільёнаў.

1. Глазураваны сырок

syrki-z-pandai.jpgТыя самыя сыркі з пандай. Фота: «Савушкин»

Гэты малочны дэсэрт з тварагу ў шакаладнай глазуры ўпершыню быў выраблены яшчэ ў Савецкім Саюзе ў 1930-х гг. Тады працэс быў паўаўтаматычным: сырную масу замешвалі ўручную, а глазураваньне займала шмат часу. У эпоху «перабудовы» сыркі былі сапраўдным дэфіцытам. Такі ласунак можна было набыць адно пасьля доўгага стаяньня ў чарзе ці то «па блаце». Але ўжо ў 1990-х працэс вырабу сыркоў стаў аўтаматызаваным.

Беларускія заводы пачалі набываць замежнае абсталяваньне і экспэрыментаваць са смакамі. Апроч клясычных — ванільнага і шакаладнага, з’явіліся варыянты з варанай згушчонкай, мармеладам і печывам.

На сёньня глазураваны сырок — гэта дэсэрт на аснове сапраўднага тварожнага сыру, а не расьліннага тлушчу, што робіць яго якасным экспартным прадуктам.

2. Згушчонкі «Глыбоцкая» і «Рагачоўская»

Гэтая прадуктовая легенда таксама родам з савецкага часу. З 1970-х, калі ў г. Глыбокае Віцебскай вобласьці паўстаў завод па вырабе малочных прадуктаў для ўсёй краіны, знакамітую згушчонку выраблялі строга па савецкім ДАСТ 2903-78. Простымі словамі — толькі з малака і цукру без кансервантаў і расьлінных тлушчаў. Дарэчы, па гэтым жа стандарце яе вырабляюць і сёньня.

zhuszczonka.jpegГлыбоцкая і рагачоўская згушчонка. Фота: Blizko.by

Трэба адзначыць, што існуе нежартоўны антаганізм паміж прыхільнікамі «Глыбоцкай» і «Рагачоўскай» згушчонак. Кожны бок мае свае аргумэнты, чаму адна лепшая за іншую. Але мы ня будзем спрачацца, а проста каротка адзначым, што менавіта ў Рагачове ў 2013 годзе быў адкрыты першы ў сьвеце помнік згушчонцы, у аснову якога паклалі капсулу часу з пасланьнем для нашчадкаў.

sgushchenka_pomnik.jpg
Помнік згушчонцы ў Рагачове. Фота: monument.goub.by

Згушчонка стала сапраўдным нацыянальным брэндам, і натхніла шматлікіх мастакоў і дызайнэраў на арыгінальныя творы з гэтым вобразам.

3. Смажанка

Сапраўдная каралева беларускага рэтра-фуду, кулінарная славутасьць са школьнай сталоўкі ці з крамнага буфэту, фактычна «піца па-беларуску». Гэта пышная, сакавітая ды харчавальная выпечка, якая займела шалёную папулярнасьць па ўсёй краіне. Вонкава смажанка можа нагадваць міні-піцу, але тэхналёгія яе прыгатаваньня адрозьніваецца карэнным чынам. Цеста для смажанкі пышнае, мяккае і дражджавое, нібы для салодкай булачкі, а не для піцы. А заліўка! Для смажанкі абавязковая шчодрая паліўка яечна-сьмятаннай ці яечна-маянэзнай сумесьсю. У духоўцы гэтая заліўка пераўтвараецца ў далікатнае і пяшчотнае «суфле».


Практычна, смажанка — гэта традыцыйны адкрыты невялікі пірог зь мягкага дражджавога цеста з начынкай з мяса ці каўбасы, заліты сумесьсю са сьмятаны ды яек, альбо сумесьсю з маянэзу ды яек. А самую знакамітую беларускую смажанку можна знайсьці, бадай, у Магілёўскай вобласьці, дзе дзесяцігодзьдзямі працуе прывакзальная кавярня зь легендарнай назвай — «Смажанка».

4. Зефір бела-ружовы

Яшчэ адзін гастранамічны сымбаль Беларусі, знаёмы зь дзяцінства. Круглыя, паветраныя «чарупінкі» зь дзьвюх паловак, дзе адна белая (ванільная), а другая ружовая (зь ягадным смакам). Зефір — сапраўдная візытоўка беларускага кандытарства.

ziefir.jpgБабруйскі зефір бела-ружовы. Фота з інстаграма

Галоўны беларускі вытворца зефіру працуе з 1870 г. у Бабруйску. І менавіта бабруйскі зефір лічыцца эталёнам якасьці.

У аснове беларускага зефіру — клясычная тэхналёгія, дзе аснову складае натуральнае яблычнае пюрэ, зьбітае з цукрам і яечным бялком.

Сакрэт у гатунку яблыкаў: для вырабу зефіру найбольш пасуюць кіслыя гатункі кшталту «антонаўкі». Менавіта ў іх утрымліваецца найбольш пекціну, натуральнага жэлюючага агенту з садавіны, які надае зефіру адначасова шчыльную і паветраную структуру.

Чаму менавіта бела-ружовы?

Бо ў белай палавінцы саладкаваты, ванільны смак, а ў ружовай — ягадная кісьлінка праз сок чорнай парэчкі, малінаў альбо трускавак. А ўжо гэтае спалучэньне кіслага і салодкага дае той самы адметны балянс, за які зефір так любяць, і праз які ён і стаў адным з нацыянальных беларускіх брэндаў.

5. Марозіва «Каштан»

Абсалютная легенда беларускага лета. Самае вядомае беларускае эскімо на палачцы і галоўны салодкі сымбаль сталіцы. Шмат для каго гэты пламбір стаў «смакам дзяцінства».

каштан.jpgМарожанае «Каштан». Фота з інстаграма edostavka_by

Чаму ж «Каштан»? Афіцыйнае тлумачэньне назвы вельмі паэтычнае: пламбір паўтарае вобраз рэальнага каштана — хрусткая і карычневая глазура зьверху і сьветлы ванільны пламбір унутры.

Тэхналёгіі захоўваюць традыцыі з рэцэптуры 1975 г., і ў склад марозіва дадаюць пастэрызаванае каровіна малако, вяршковае масла, згушчанае малако і цукар.

«Каштан» настолькі папулярны беларускі брэнд, што 30% сваёй прадукцыі мінскі завод адпраўляе на экспарт — у суседнія краіны і нават у далёкі Кітай.

А што б вы дадалі ў гэты сьпіс?

Яна Вольская, Budzma.org