29 ліпеня 1939 года жыхары беларускай сталіцы даведаліся, што сталі жыць у іншым вымярэньні. Менск сьцерлі і пачалі выдаваць за яго бездухоўны камуністычны Мінск. Гэта адбылося на сэсіі Вярхоўнага Савету, піша Павел Хадзінскі ў «Новым Часе».
Назва Менск на сталічным Чырвоным касьцёле
«Так захочацца жыць, і прарэжуцца крылы,
Дворнікі вызваляць горад ад пылу,
Мінск бутафорскім алмазам зазьзяе на сцэне,
Менск назаўжды ў ягоным схаваецца ценю.
Мастакі на памяць Менску занатуюць прыкметы,
Сэрца Менску ў сваім сэрцы захавае паэта,
Жыхары павылазяць з пракураных нораў
Спрэжваць вуліц адлегласьць, выкрочваць прастору.
Тут прасторы хапае, ды паветра няшмат,
І дыхае цяжка горад-вар’ят,
Але б’ецца і грукае сэрца ягонае,
Надзейна схаванае: на белым — чырвонае».
Верш: Міхал Анемпадыстаў, песьня «Схаванае сэрца» гурта IQ48.
Менск быў цэнтрам Менскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага, Менск быў сталіцай Беларускай Народнай Рэспублікі, і Менск быў галоўным горадам камуністычнай БССР. Усё скончылася за месяц да пачатку Другой Сусьветнай вайны.
Перайменаваньне ў Мінск адбылося падчас маштабных сталінскіх рэпрэсіяў супраць нацыянальнай інтэлігенцыі і мэтанакіраванай русыфікацыі Беларусі.
З інфармацыйнага паведамленьня аб паседжаньні Другой Сэсіі Вярхоўнага Савета БССР 29 ліпеня 1939 года:
29 ліпеня, у 11 гадзін раніцы, у зале паседжаньняў Дома ўрала адбылося заключнае паседжаньне Другой Сэсіі Вярхоўнага Савета БССР. Сэсія абмеркавала 5 пункт парадку дня — Аб Указах Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР, прынятых у перыяд паміж Першай і Другой сэсіямі і падлягаючых зацьвярджэньню Вярхоўнага Савета БССР, і аб зьменах і дапаўненьнях некаторых артыкулаў Канстытуцыі БССР.
З дакладам па гэтаму пытаньню выступіў дэпутат тав. Папкоў Л.Е.
Па сканчэньні даклада тав. Папкова Сэсія аднагалосна (хто б сумняваўся — заўв. П.Х.) зацьвярджае Ўказы:
Аб разьдзяленьні Народнага Камісарыята Харчовай прамысловасьці на Наркамат Мясной і Малочнай прамысловасьці і на Наркамат Харчовай прамысловасьці;
Аб утварэньні пры абласных Саветах дэпутатаў працоўных Упраўленьняў Народнага Камісарыята Юстыцыі БССР;
Аб клясыфікацыі населеных пунктаў Беларускай ССР.
Тагачаснае прапагандысцкае выданьне
Сэсія зацьведзіла беларускі тэкст надпісу на выяве герба БССР у наступным выглядзе: «Пролетарыі ўсіх краін, еднайцеся!» і наіменаваньне сталіцы БССР на беларускай мове — Мінск.
Вось так, пару словаў у шэрым тэксце азначалі каардынальную зьмену.
У адпаведнасьці з гэтым Сэсія ўнесла зьмены і дапаўненьні ў артыкулы 31, 45, 48, 52, 53, 54, 56, 57, 58, 60, 61, 63, 67, 75, 79, 109, 118 Канстытуцыі БССР.
Заўважце, нават так званы рэфэрэндум для зьменаў у так званую канстытуцыю не спатрэбіўся.
Пасьля Сэсія аднагалосна зацьвярджае Ўказы аб прызначэньні Народных Камісараў БССР, у тым ліку сумна вядомага наркама ўнутраных справаў Лаўрэнція Цанаву.
Напрыканцы старшыня Вярхоўнага Савета БССР, дэпутат Н.Г. Грэкава паведамляе, што парадак дня Другой Сэсіі Вярхоўнага Савета БССР вычарпаны і абвяшчае Сэсію закрытай.
Нямецкі перыяд
Цікава, што з пачаткам нямецкай акупацыі Беларусі, новая адміністрацыя выкарыстоўвала сапраўдную назву нашае сталіцы — Менск на сваіх блянках.
Менск вяртаецца ў дакумэнты. Заява на атрыманьне пашпарту ў 1942 годзе Ільля Хадзінскі
(Не) зварот
Такім чынам закрытым аж да сёньняшняга часу зьяўляецца і пытаньне пра Менск. Толькі ў 1991 годзе быў самы спрыяльны момант да вяртаньня забароненай назвы. Дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ скліканьня Сяргей Навумчык прыгадваў: «Быў у нас пункт і пра вяртаньне беларускай сталіцы яе гістарычнай назвы — Менск. Нам падавалася, што гэтая прапанова мае неблагі шанец рэалізавацца. Нагадаю, што 5 верасьня 1991 году Менскі гарадзкі савет, дзе была даволі моцная фракцыя БНФ (на выбарах 1990 году сталіца прагаласавала больш дэмакратычна, чым правінцыя) прыняў пастанову «Аб вяртаньні гораду яго гістарычнай назвы Менск»:
«Зыходзячы зь неабходнасьці аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці i з нагоды 400-годзьдзя наданьня месту Менску герба, Менгарсавет лiчыць неабходным вярнуць гораду яго спрадвечнае гістарычнае найменьне — Менск — i пацьвердзіць герб, нададзены яму 12 студзеня 1591 года».
Згодна са сказаным вышэй сэсія Менгарсавету прымае рашэньне:
1. Пацьвердзіць герб, нададзены гораду 12 студзеня 1591 года ў выніку атрыманьня Магдэбурскага права ў 1499 годзе.
2. Зьвярнуцца ў Вярхоўны Савет БССР з прапановай адмяніць рашэньне 2-й сэсіі Вярхоўнага Савету БССР 1-га скліканьня ад 29 лiпеня 1939 г., згодна зь якім горад Менск быў перайменаваны ў Мінск».
Рашэньне падпісаў старшыня Менгарсавету Аляксандар Герасіменка.
Далей спадар Навумчык прыгадвае: Герб гарсавет меў права зацьвердзіць, а вось дзеля зьмены назову сталіцы патрабавалася пастанова парлямэнту. Нас падтрымала і камісія па пытаньнях адукацыі, культуры і захаваньня гістарычнай спадчыны на чале зь Нілам Гілевічам.
Адным з нашых галоўных аргумэнтаў было тое, што сталіца мела назоў «Менск» да 1939 году — гэта значыць, добрая палова дэпутатаў засьпела той час (хоць ён мог прыпадаць і на іх маленства).
Цікава, што некаторыя ў гэта проста ня верылі — аж пакуль мы не раздрукавалі копіі афіцыйных дакумэнтаў (у тым ліку — пратаколы пасяджэньняў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР у 1930-я гады). Да пэўнага часу ў друку і ў афіцыйным справаводзтве на расейскай мове пісалі «Минск», на беларускай — «Менск». Аднак 29 ліпеня 1939 г. — у рэчышчы палітыкі русыфікацыі — пастановаю Вярхоўнага Савету 1-га скліканьня «е» замянілі на «і» і ў беларускім напісаньні.
Мы заклікалі сваіх калег дэпутатаў вярнуць гістарычны назоў сталіцы, што было б аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці. На жаль, і ў верасьні 1991-га ўсё вырашыла арытмэтыка. «За» прагаласавалі 142 дэпутаты, а для станоўчага рашэньня патрабавалася 173. Не хапіла 31 голасу.
Як тады, так у прынцыпе і сёньня, у парлямэнце (ці сёньня ў протапарлямэнце) дзейнічалі квоты. Сёньня па прыкмеце полу, а тады — дзясяткі дэпутатаў прызначаліс галоўнай партыяй з ліку ветэранаў, інвалідаў па зроку і іншых. Квоты, вернасьць мёртвай партыі зрабілі ўрэшце сваю справу. 31 голас мог паставіць кропку, але рабская сутнасьць не дазволіла.