III Міжнародны ваенна-гістарычны фестываль “Скокі-2014” пройдзе 12-14 снежня на тэрыторыі гісторыка-мемарыяльнага музея “Сядзіба Нямцэвічаў” у вёсцы Скокі Брэсцкага раёна.
Фестываль прысвечаны баявым дзеянням на Усходнім фронце 1914-1918 гадоў і стагоддзю пачатку Першай сусветнай вайны. Радавая сядзіба сям’і Нямцэвічаў, пабудаваная ў канцы XVIII стагоддзя, да падзей той вялікай і забытай вайны мае самае непасрэднае дачыненне. Палац два гады з’яўляўся стаўкай камандуючага Усходнім германскім фронтам прынца Баварскага Леапольда. Тут 15 снежня 1917 года было падпісана ваеннае перамір’е, а праз два дні адбылося першае арганізацыйнае пасяджэнне па правядзенні перамоваў аб заключэнні міру, які ў выніку быў падпісаны 3 сакавіка 1918 года ў Белым палацы ў Брэсцкай крэпасці.
Фестываль пачнецца міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыяй “Першая сусветная вайна. Стагоддзе”, у якой прымуць удзел гісторыкі, краязнаўцы, музейшчыкі, публіцысты з Беларусі, Расіі і Украіны. Сярод заяўленых удзельнікаў і такія вядомыя даследчыкі тэмы Першай сусветнай вайны, як доктар гістарычных навук з Санкт-Пецярбурга Аляксей Арановіч, расійскі рэжысёр дакументальных фільмаў і тэлепраграм, журналіст Віктар Праўдзюк. Тэмай дакладаў і выступленняў стануць палітычныя і сацыяльныя падзеі напярэдадні вайны, баявыя дзеянні на Усходнім фронце, матэрыяльна-гістарычная і палітычная спадчына Першай сусветнай вайны.
У суботу, 13 снежня, на тэрыторыі сядзібы пройдуць асноўныя мерапрыемствы фестывалю, апагеем якіх стане рэканструкцыя фрагментаў зімовых баёў на Усходнім фронце 1915-1917 гадоў. Гледачам абяцаюць паказаць зыход бежанцаў, газавыя атакі, ар’ергардная і пазіцыйныя баі рускай імператарскай, аўстра-венгерскай і германскай армій. Тут жа адбудзецца малебен у памяць аб усіх загінуўшых на палях бітваў. Як паведамілі ў аргкамітэце фестывалю, у Скоках чакаюць прыезду каля 60 рэканструктараў з ваенна-гістарычных клубаў Брэста, Мінска, Гомеля, Барысава, Кіева, Івана-Франкоўска, Чаркас, Масквы і Санкт-Пецярбурга.
У музеі будзе разгорнута выстава уніформы і экіпіроўкі вайскоўцаў армій краін – удзельніц Першай сусветнай. Будзе працаваць палявая кухня, выязны гандаль, кірмаш сувеніраў. У заключны дзень фестывалю гаспадары спецыяльна для гасцей – удзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі і ваенна-гістарычны рэканструкцыі – правядуць экскурсію па фартыфікацыйнай спадчыне Брэстчыны.
Арганізатарамі III Міжнароднага фестывалю “Скокі-2014” з’яўляюцца гісторыка-мемарыяльны музей “Сядзіба Нямцэвічаў”, Палескі аграрна-экалагічны інстытут НАН Беларусі, група ваенна-гістарычных рэканструктараў “Рубеж”, абласное аддзяленне Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Партнёрамі фестывалю выступілі гатэль “Эрмітаж”, СГЦ “Заходні”.
Святлана Вячорка, БелТА