Гэта сесія адметная не толькі сваёй працягласцю (з 23 сакавіка па 9 красавіка), але і пытаннямі, якія на ёй абмяркоўваліся. Некаторыя з іх з’яўляюцца актуальнымі і сёння.
Усе шляхі вядуць у Мадрыд
Ухваляючы пачатак працы сесіі, старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч у сваёй прамове канстатаваў тэндэнцыю, якая, па сутнасці, існуе ў краіне на працягу чвэрці стагоддзя: супрацьстаянне двух падыходаў да ацэнкі рэчаіснасці і да шляхоў выхаду з крытычнага стану. Кожны з бакоў, казаў старшыня, адмоўна ацэньвае ўсе фрагменты гісторыі і ўчынкі, якія ўхваляе іншы бок. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да знявагі і незаслужанага звужэння цэлага шэрагу гістарычных падзей мінулага, якімі могуць ганарыцца любая дзяржава, любая нацыя.
Станіслаў Шушкевіч, канешне меў на ўвазе і абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) 25 сакавіка 1918 года, супраць чаго выступалі многія кансерватыўныя айчынныя гісторыкі і палітыкі (25 сакавіка 1993 года, пасля таго, як дэпутат Анатоль Вярцінскі пад апладысменты калегаў павіншаваў іх з 75-мі ўгодкамі гэтай падзеі, Шушкевіч заклікаў ганарыцца тым добрым, што было ў беларускім мінулым; кіраўнік парламента таксама выказаў надзею, што праціўнікі БНР з цягам часу зразумеюць яе ролю ў беларускай гісторыі).
Якое ж было выйсце з крытычнага стану? Шушкевіч прывёў прыклад Іспаніі другой паловы 1970-х гадоў, калі пасля смерці Франка розныя палітычныя сілы здолелі знайсці кансенсус, суіснаваць і супрацоўнічаць. Таму, быў упэўнены Шушкевіч, Беларусі быў патрэбен свой «пакт Манклаа» (умоўная назва шэрагу дакументаў, падпісаных у рэзідэнцыі іспанскага прэм’ер-міністра), які забяспечыць ёй сапраўдную дэмакратыю і трывалую эканоміку. Калі эканамічную частку такога пакта павінен забяспечыць урад, то палітычную — Вярхоўны Савет шляхам прыняцця новай Канстытуцыі, якая, па словах Шушкевіча, павінна была стаць агульным помнікам ахвярам таталітарных, антычалавечых і антыбеларускіх рэжымаў.
І праз дваццаць пяць гадоў зноў паўстае пытанне з Канстытуцыяй. Аляксандр Лукашэнка чарговы раз 15 сакавіка 2018 года казаў пра неабходнасць рэформы Асноўнага Закона, але так і не наважыўся раскрыць сутнасць будучых зменаў і дапаўненняў.
Пытанні, пытанні…
На разгляд сесіі былі прапанаваны законапраекты, якія закраналі кожнага жыхара краіны. Большасцю галасоў дэпутаты ўнеслі ў павестку дня, а потым, на працягу 23–25 сакавіка зацвердзілі ў першым чытанні праекты Грамадзянскага, Крымінальна-працэсуальнага і Крымінальнага кодэксаў, праектаў законаў аб Канстытуцыйным судзе, аб адвакатуры, аб судовым ладзе і статусе суддзяў.
Па словах пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па заканадаўстве Дзмітрыя Булахава, з прыняццем гэтых законапраектаў парламентарыі падышлі да пэўнага этапу ў сваёй дзейнасці і выйшлі на чарговую фазу прававой рэформы.
Адзіны законапраект, які быў адхілены дэпутацкай большасцю, тычыўся Следчага камітэта. Парламентарыі палічылі немэтазгодным стварэнне гэтага органа, які можа разбурыць усю структуру папярэдняга следства ў краіне.
Па прапанове старшыні пастаяннай камісіі па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі Леаніда Козіка, таксама ў павестку дня былі ўнесена пытанне аб эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, стане і развіцці эканамічных адносінаў з краінамі СНД.
Аднак некаторыя пытанні, прапанаваныя дэпутатамі, не былі ўнесеныя ў павестку дня. Напрыклад, не прайшла прапанова Генадзя Карпенкі пра тое, каб разгледзець у другім пытанні праект закона аб дзяржаўнай службе. Такі ж лёс чакаў прапанову Івана Герасюка пра ўключэнне ў павестку дня праекта пастановы аб адказнасці дзяржаўных служачых за разгляд заяў і скаргаў насельніцтва.
І атака на Шушкевіча
Дэпутат Віктар Ганчар раскрытыкаваў павестку дня і прапанаваў зрабіць галоўным наступнае пытанне: даклад старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб становішчы рэспублікі і важнейшых пытаннях яе ўнутрыпалітычнай і знешнепалітычнай дзейнасці. На думку Ганчара, у краіне не існуе выключна эканамічнага крызісу, а маецца хутчэй крызіс палітычны. У такім выпадку, лічыў Віктар Ганчар, трэба казаць пра персанальную адказнасць. Ганчар абвінаваціў Шушкевіча ў тым, што кіраўнік парламента нібыта не мае дакладна выразнай палітычнай пазіцыі, у тым ліку і па развіцці краіны.
Пытанне Віктара Ганчара было ўключана з мінімальнай перавагай: «за» прагаласавалі 178 дэпутатаў (з 224) пры кворуме ў 173 чалавекі.
Такі даклад Шушкевіч зрабіў 31 сакавіка 1993 года ў адпаведнасці са 108 пунктам Канстытуцыі.
Даклад Шушкевіча быў структураваны наступным чынам:
1) Пабудова прававой дзяржавы.
2) Эканоміка і сацыяльная палітыка.
3) Ахова здароўя.
4) Навука, адукацыя, культура, рэлігія; 5) Нацыянальная бяспека, барацьба са злачыннасцю.
6) Знешнепалітычная дзейнасць; 7) Шлях выхаду з крызісу — нацыянальная і грамадзянская згода.
Шушкевіч канстатаваў цяжкае становішча амаль ва ўсіх сферах жыцця, аднак выказаў упэўненасць, што няма абсалютнай ідэі, але ёсць кампрамісны ўлік інтарэсаў усіх бакоў.
Без апазіцыі нікуды
Як і заўсёды, свае пытанні падрыхтавала і парламенцкая апазіцыя Беларускага Народнага Фронту (БНФ). Дэпутат Сяргей Навумчык прапанаваў унесці ў павестку дня пытанне аб стварэнні часовай камісіі па выкарыстанні валютных сродкаў. Парламентарый быў упэўнены, што ў краіне ёсць злоўжыванне пры размеркаванні і выкарыстанні дзяржаўных валютных сродкаў. Навумчык заявіў, што ў камісіі будуць працаваць і «нейтральныя» дэпутаты, каб пазбегнуць абвінавачанняў у палітыканстве. Аднак такая прапанова набрала ўсяго 56 галасоў (пад ціскам Валянціна Голубева і Зянона Пазьняка, які заявіў, што замест аспірыну ва ўрадзе набылі на 3 мільёны долараў апраў акуляраў, Станіслаў Шушкевіч паставіў прапанову на паўторнае галасаванне, аднак і ў другі раз за яе прагаласавала яўная меншасць — 68 дэпутатаў).
Прапанова Лявонція Зданевіча аб неадкладным прадастаўленні ўсім ахвотным зямельных надзелаў набрала 73 галасы.
Прапанова Мікалая Маркевіча паставіць першасным пытанне аб мінімальнай заработнай плаце набрала 116 галасоў.
Прапанову Яўгена Новікава аб уключэнні ў павестку дня праекта закона аб барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю падтрымалі 98 дэпутатаў.
Зянон Пазьняк прапанаваў разгледзіць пытанне аб даверы старшыні Савета Міністраў Вячаславу Кебічу. Лідар БНФ тлумачыў сваю ініцыятыву тым, што яшчэ 18 сакавіка 1993 года Кебіч выступіў на семінары старшыняў выканкамаў гарадскіх і раённых Саветаў народных дэпутатаў з дакладам «Аб некаторых пытаннях сацыяльна-эканамічнай і палітычнай абстаноўкі ў рэспубліцы». На думку Пазьняка, у дакладзе Кебіча былі выкладзены думкі, якія «супярэчаць Канстытуцыі, супярэчаць палітыцы парламента, супярэчаць нашай дзяржаве і суверэнітэту». Прапанову Пазьняка падтрымалі толькі 33 народных дэпутата.
Цікавае пытанне прапанаваў разгледзіць Віталь Малашка: што будзе з Расійскай Федэрацыяй на бліжэйшую перспектыву, улічваючы імклівае супрацьстаянне паміж прэзідэнтам Барысам Ельцыным і Вярхоўным Саветам Расіі на чале з Русланам Хасбулатавым (апошні наведаў Беларусь 18 сакавіка 1993 года). Малашка прапанаваў даць даручэнне аналітыкам з КДБ зрабіць адпаведную справаздачу. Прапанова Малашкі была сустрэтая са смехам і набрала толькі 27 галасоў. Але ж рэзкае абвастрэнне палітычнай сітуацыі ў Расіі восенню і крывавыя падзеі ў Маскве 3–5 кастрычніка 1993 года сведчылі пра тое, што Малашка меў рацыю.
І зноў камуністы
На нечарговай адзінаццатай сесіі не абышлося без добрых сяброў-камуністаў. Як вядома, на пасяджэнні дзясятай сесіі Вярхоўнага Савета 3 лютага 1993 года была скасавана пастанова ад 25 жніўня 1991 года аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС-КПБ на тэрыторыі Беларусі. Для камуністаў гэта мела моцнае пазітыўнае псіхалагічнае значэнне і, тэарэтычна, давала магчымасць для далейшага росту.
25 сакавіка 1993 года (у піку 75-гадоваму юбілею абвяшчэння БНР) дэпутат Міхаіл Качан заявіў пра стварэнне дэпутацкай групы камуністаў у Вярхоўным Савеце. У сваёй прамове Качан абвясціў галоўную мэту камуністычнай дэпутацкай фракцыі і партыі камуністаў Беларусі ўвогуле: «Разъяснять белорусскому народу авантюризм и пагубность навязываемого ему курса на реставрацию капитализма; противодействовать любым попыткам ликвидации Советов как формы народовластия; добиваться сохранения в Конституции Республики Беларусь всех прав, свобод и гарантий, завоёванных народом за годы советской власти». Выступ галоўнага парламенцкага камуніста скончыўся не менш пафасна: «Предлагая свой путь, коммунисты не навязывают его никому, но и не позволят силам внутренней и внешней реакции обманом превратить нашу Родину в полигон для сомнительных социальных экспериментов. Наследуя лучшие традиции коммунистического движения, критически оценивая опыт своих предшественников, мы извлекаем уроки из ошибок, черпаем мудрость из богатой истории своего народа».
«Чыстка» арміі
Кебічаўскае кіраўніцтва пільна сачыла за працэсамі ва Узброеных Сілах краіны і было незадаволенае дзейнасцю шэрагу ваенных патрыятычных структураў кшталту Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ) на чале з падпалкоўнікам Мікалаем Статкевічам. Выступаючы ў Вярхоўным Савеце 25 сакавіка 1993 года, міністр абароны Павел Казлоўскі абвінаваціў БЗВ у тым, што яно нібыта не карыстаецца папулярнасцю і адначасова «своими действиями дискредитирует государственную концепцию военного строительства». Казлоўскі прапанаваў канкрэтнае вырашэнне гэтага пытання. Справа ў тым, што ў частцы 2 артыкула 6 закона аб статусе ваеннаслужачых ад 13 лістапада 1992 года ішла гаворка пра тое, што ваеннаслужачыя не могуць займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю ў службовы час. Міністэрства абароны настойвала на тым, каб словы «ў службовы час» былі ўвогуле выкраслены з закона — і тады, запэўніваў Казлоўскі, «все эти вопросы в армии будут сняты».
Казлоўскі гарантаваў, што гэта закране чальцоў любых грамадска-палітычных арганізацый, у тым ліку і Славянскага Сабора «Белая Русь» і іншых.
У выніку галасавання змены ў законы былі ўнесеныя: гэта патрымалі 226 дэпутатаў (галасавалі ўсяго 232) пры кворуме ў 173 чалавекі. А ўжо 7 мая 1993 года Статкевіч быў звольнены з Узброеных Сілаў з ганебнай фармулёўкай: дыскрэдытацыя высокага звання афіцэра.