Ганна Златкоўская: «Хопіць ужо баяцца і шкадаваць тых, хто вымушае вашых дзетак жыць у нервовым стане»

27.11.2025
Пісьменніца Ганна Златкоўская прыгадвае дзяцінства, дзіцячы садок і школу. Успаміны не самыя прыемныя. Прайшло больш за 20 гадоў, а ў беларускіх школах мала што змянілася. Дык што мы можам сёння зрабіць, каб абараніць нашых дзяцей? Разважае Ганна Златкоўская і параўноўвае атмасферу ў школах Беларусі і Літвы.

Hanna ZłatkoŭskajaГанна Златкоўская. Фота з Фэйсбука Ганны Златкоўскай

Часам на вочы трапляюцца навіны, у якіх расказваецца пра непрыемныя здарэнні ў дзіцячым садку альбо школе. Вось нядаўні прыклад: маці пачула, як выхавальніца крычала на дзяўчынку са словамі: «Я цябе прыб’ю зараз!». Дачка той жанчыны скардзілася, што яе лаюць і б’юць. На жаль, такіх гісторый у Беларусі шмат. Вынікі гэтых гісторый вельмі розныя: недзе бацькі робяць усё магчымае, каб абараніць дзіця, а недзе — лічаць такія паводзіны нормай і шкадуюць настаўнікаў ды выхавальніц і выхавальнікаў.

Для мяне заўсёды з’яўляецца дзіўным, калі маці альбо тата не прымаюць бок дзіцёнка. Для мяне дзіўна, што дарослыя, нягледзячы на сотні псіхалагічных даследаванняў, па-ранейшаму лічаць, што насілле — норма паводзін у дачыненні да дзяцей.

Мой дзіцячы садок: стрэс кожны дзень

Успамінаючы сваю школу і дзіцячы садок, прызнаюся, што мне непрыемна думаць пра тыя часы.

Адна з выхавальніц была вельмі злая. Гэта была высокая жанчына з цёмнымі валасамі і з пастаянна варожым, каменным тварам. Яна ніколі не ўсміхалася, а вось паскардзіцца за маленькія правіны — яе любімая справа. Мы яе вельмі баяліся. Памятаю, што яна патрабавала абавязкова з’ядаць усю ежу, а я не любіла малако, мяне ванітавала ад яго. Даводзілася чакаць, калі яна адвернецца, каб хутка яго выліць у мыйку на кухні, якая была побач. Гэта заўсёды быў такі стрэс! А колькі сумных гісторый у маіх сяброў і сябровак. Пра пагрозы стаяць голым перад усёй групай, пра кпіны з боку дарослых...

Гэтыя людзі ніводнага разу не задумваліся, наколькі страшна іх паводзіны б’юць па псіхіцы маленькага чалавека, але самае дрэннае — яны не разумелі, што так паступаць увогуле нельга.

Мая школа: варожасць з боку настаўніцы

Школа таксама падарыла ўспаміны пра настаўніцу, якая вельмі любіла здзекавацца з мяне. Але калі мая мама не ведала пра здзекі выхавацелек (бо малыя не заўсёды пра такое расказваюць), то пра Наталлю Іллінічну я гаварыла, і маці вучыла мяне за сябе пастаяць. Што я і рабіла, чым яшчэ больш распальвала варожасць з боку жанчыны.


Ганна Златкоўская на спінеў аднакласніцы. Фота з Фэйсбука Ганны Златкоўскай

Мне было цяжка. Я не разумела, чаму яна да мяне заўсёды чапляецца. Адзін з успамінаў, як яна пытаецца перад усім класам, што за жахлівыя рэчы я апранула, грэбліва тыкаючы пальцамі ў чорную байку. Хаця ведала, што мы з мамай жывём бедна. Я не разумела, чаму ўвогуле тыя, хто працуе з дзецьмі, такія злыя...

Праз больш чым 20 гадоў амаль нічога не змянілася

Прайшло больш за дваццаць гадоў, як я скончыла школу, але ў краіне мала што змянілася. Як і раней, аўтарытэт настаўніка вышэйшы за аўтарытэт школьніка нават тады, калі дарослы дапускае непрымальныя паводзіны. Нават у гісторыі з выхавацелькай вынікам стала — зрабіць заўвагу і пазбавіць прэміі. А працаваць з дзецьмі яна працягне, і ўсіх усё задавальняе. Я б свайго сына да такога чалавека больш не падпусціла нават на хвілінку.

Ведаеце, я лічу, што пакуль у нашай краіне бацькі будуць баяцца абараняць сваіх дзетак, мы будзем жыць у бясконцым рэжыме страху і насілля. Менавіта з дзяцінства пачынаецца будучыня. Ды хай усе школы ды садкі апусцеюць, таму што з іх звольнілі ўсіх аб’юзарак ды аб’юзераў — гэта толькі абставіны для новых умоў. Хопіць ужо баяцца і шкадаваць тых, хто вымушае вашых дзетак жыць у нервовым стане кожны дзень.

Ад гэтай гісторыі трошкі прыфігела

U Biełaruskaj himnazii ŭ Vilni adznačajuć «Stadzionku»
У Беларускай гімназіі ў Вільні адзначаюць «Стадзёнку» — 100 дзён да выпускных экзамэнаў у апошнім класе. Фота: «Радыё Свабода»

У Літве, якая таксама перажыла часы савецкай акупацыі з тым самым асаблівым флёрам, калі важней не чалавек, а сістэма, зараз зусім іншае стаўленне да дзяцей.

Так, і тут здараюцца розныя выпадкі — людзі ўсюды людзі. Трэба час, каб перакадзіраваць мысленне. Мы з сынам некалькі разоў сутыкаліся з не зусім добрымі паводзінамі з боку настаўнікаў, аб чым гаварылі дырэктару школу — і сітуацыю заўсёды адразу вырашалі. Прычым так, каб лепей было менавіта вучню.

Ну аб чым гаварыць, калі дзецям у школе выдаюць Канстытуцыю дзіцяці? Каб яны ведалі свае правы і маглі самі сябе абараніць. Каб з малых гадоў ведалі, што кожнага чалавека, нават у малым узросце, павінны паважаць. Калі я гляджу на адносіны сына... бачу, што яны не напружаныя. Дзеці спакойна дыскутуюць з дарослымі, нават калі некалі і патрабуюць ад іх чагосьці. Так, мой сын стаміўся рабіць хатнюю працу, якую ў яго не правяралі, і патрабаваў, каб яму ставілі кожны раз плюс бал наўпрост за гэта. Настаўніца пасмяялася і пагадзілася. А я ад гэтай гісторыі трошкі прыфігела, але як жа гэта крута! Бачыць, што нашыя дзеці больш не баяцца, а дарослыя вядуць сябе як сябры.

Зразумела, што дыктатуры не патрэбны свабодныя людзі — пакорлівасць і паслухмянасць — вось яе галоўная мэта. Але ж сістэма робіцца менавіта людзьмі. І разбурыць яе могуць толькі самі людзі.

Гэта пачынаецца з ясельнай групы. Калі маці ці тата не дазваляюць нікому крычаць ці біць іх дзіця. Калі настаўнікі гэта разумеюць! А не разумеюць толькі таму, што баяцца звальнення ці страты прэміі. Каб так рабіў кожны грамадзянін — перамены наступілі б раней.

Ганна Златкоўская, Budzma.org