Канцэптуальная мастачка Дар’я Cemra пачынала свой творчы шлях у Беларусі, а цяпер жыве ў Польшчы. Яе працы выстаўляліся таксама ў Чэхіі, Брытаніі, Чарнагорыі.
Як не страціць сябе і захаваць сваю беларускасць у эміграцыі? Наколькі складана беларускаму мастаку інтэгравацца ў еўрапейскі рынак? Чаму ў Італіі гэта прасцей, чым у Польшчы? Пагутарылі пра гэта з Дар’яй, а таксама пра яе мінулыя і сённяшнія праекты.

Дар’я Cemra падчас рэалізацыі праекта «Лазарэт»
— Я і, бадай, большасць людзей, якія цікавяцца традыцыйнай культурай, упершыню пачула пра цябе ў 2019 г., калі ты зрабіла праект «Spadchina». Гучалі розныя думкі: ад «Сапсавала аўтэнтычную кашулю» да «Кашуля з позняй бракараўскай вышыўкай, такіх шмат, а праца цікавая». Што ты цяпер думаеш пра гэта?
— Ну, гэта праца мяне не пакідае. Я колькі б усяго ні рабіла пасля таго, усё яшчэ ўзгадваюць. Для мяне было важна паказаць, што на той момант не было павагі да традыцыйнага ў грамадстве. Я хацела звярнуць увагу: мы замяняем сучаснымі рэчамі тое, што можна проста ўзяць і несці далей. Некаторыя рэчы для праекта я знайшла на сметніку. І я наогул часта заглядала на сметніцы і там знаходзіла шмат чаго добрага.
Ці вось, напрыклад, вёска, дзе жывуць мае сваякі. Я аднойчы прыехала, а яны зрабілі еўрарамонт у вясковай хаце. І там фоташпалеры наклеілі. Я проста не магла ім патлумачыць, што так рабіць нельга. Людзі часта думаюць, што ўсё каштоўнае ўжо як бы ў мінулым, і цяпер мы імкнемся да сучаснасці, да сучасных рэчаў. Мяне гэта вельмі абурала, і я падумала, што трэба зрабіць такі праект і такім чынам паказаць іншую думку.

Праект «Spadchina». 2019 г. Даматканая кашуля з вышыўкай, акрылавыя фарбы. Крыніца: cemra.art
У назве праекта — гульня слоў, і ў «Spadchina» прысутнічае слова China (Кітай). То-бок, у нас цяпер ідзе такая замена: тое, што зроблена ў Кітаі, наступае на спадчыну. І шмат людзей абіраюць новыя рэчы, бо яны імкнуцца быць сучаснымі. Але сучаснасць прапануе нам не заўсёды добрае, а часам менш каштоўнае, на мой погляд.
Спачатку я не дала тлумачэнняў. Проста выставіла гэты праект на восеньскім салоне «Белгазпрамбанка» (дарэчы, ён там перамог). А потым пачаліся такія спрэчкі, што я нават не ўсё чытала. Мне пагражалі ўсім, чым можна: адсекчы рукі і г. д. Мае сябры дапамагалі мне, таму што я гэта чытаць не магла. І... гэта была такая двурушнасць, таму што ў жыцці мы бачым зусім іншае. Ёсць людзі, якія цікавяцца традыцыяй, яны яе працягваюць, але іх мала. А большасць імкнулася як быццам пераступіць мінулае, і ўсё.
Тое, што ўжо ёсць добрае, не трэба мяняць на тое, што мае меншую каштоўнасць — вось такі быў мой мэсэдж.
Калі б я гэта адразу напісала, то, можа быць, было б менш пытанняў. Але я лічу, што ўсё адбылося так, як павінна было: калі мяне запыталі, я патлумачыла.
— То-бок, ты фактычна рэч, якую лічыла каштоўнай, ахвяравала для таго, каб прыцягнуць увагу да традыцыйнай культуры, так?
— Не толькі да традыцыйнай культуры, а да таго, што мы ўжо маем нешта каштоўнае, і трэба гэта працягваць і не пакідаць, хай яно прысутнічае ў нашым жыцці.
— А дзе цяпер кашуля з праекта «Spadchina»?
— Я раней была вельмі шчодрая і падарыла свае працы галерэі «Арт-Беларусь» у Мінску. Бо гэта кашуля проста была ўжо для мяне перагружанай сэнсам і вось гэтымі ўсімі разборкамі, што я проста вырашыла ад яе пазбавіцца. Але цяпер я ўжо так шчодра не раздавала б свае працы.
— А над чым ты цяпер працуеш?
— Мне падаецца, што цяпер я раблю праект, які можа быць мацнейшы за «Спадчыну». Я ўдзельнічала ў мастацкай рэзідэнцыі ў аўстрыйскім Грацы. І там хадзіла ў Музей сучаснага мастацтва, дзе была вельмі добрая выстава: усе працы палітычныя, але не наўпрост палітычныя, як быццам дакументавалі, што адбываецца. Вельмі глыбокія. Я проста была зачараваная тым, што палітычная тэма важная, яны яе паказваюць і не адмаўляюцца. Я нават не магла ўявіць, што мой праект таксама прыцягне ўвагу, і ў тым месцы, куды я прыходзіла натхняцца, будзе мая выстава. Яна адкрыецца ў лютым.
Праект пра зямлю, бо я адчула, што ўсё, усё мне тут чужое, няма сіл, людзі мне не дадаюць энергіі. І я зразумела, што сама зямля, свая, дае шмат энергіі. Мы проста гэтага не разумеем.
Мне тут казалі: «Ну што табе не так? Ідзі ў Лазенкі (парк у Варшаве — рэд.), там прырода, гэта наш агульны дом. Ідзі, прыхініся да дрэва». Я разумею, што гэта наш агульны дом, што няма межаў, як быццам у нармальным свеце няма межаў, нацыянальнасцяў. Ну гэта так, але насамрэч усё гэта мае значэнне. І чалавек без зямлі — ніхто. А больш падрабязнасцяў пра свой праект пакуль не хачу распавядаць.

Праект «B Rh+». 2025 г. Карціна (аб’ект) — змяшаная тэхніка на гіпсава-бінтнай форме: алей, акрыл, палімернае пакрыццё, тканіна, вышыўка; інвалідны вазок (апора). Крыніца: cemra.art
— Ці лёгка мастаку-эмігранту застацца ў прафесіі?
— Я паважаю вельмі мастакоў, бо яны робяць сваю працу, нягледзячы на абставіны. Абставіны такія сабе, таму што няма дзяржавы, якая нас падтрымлівае, дапамагае нам. Няма прыватных мецэнатаў. Проста нас пакінулі самім сабе.
Я люблю каштоўныя рэчы, але маю абмежаваныя магчымасці. Напрыклад, шмат маіх прац імітуе фарфор. Я не маю магчымасці рабіць з сапраўднай гліны такія вялікія працы і абпальваць іх, мець печы, і я проста прыдумала такую тэхніку, якая імітуе фарфор. Але калі б я была ў Італіі, напрыклад, і мела больш якасныя матэрыялы, то я б з імі працавала. Але без гэтага шляху я б не прыйшла, можа быць, да нейкіх высноў ці разумення. Гэта трэба прайсці. І ўсе мастакі робяць так, як дазваляюць магчымасці.
Што да захавання беларускасці ў творчасці... Сваё — яно і ёсць сваё. Жанчыны гэта адчуваюць больш балюча. Мужчыны выкарыстоўваюць магчымасці. А жанчыны, я з імі размаўляю і бачу — яны цягнуць вось гэта, яны не могуць так адарвацца.

Праект «Кветкі ідэнтычнасці». 2024 г. Крыніца: cemra.art
— Ці лёгка беларускаму мастаку інтэгравацца ў польскі мастацкі рынак?
— У Польшчы, у Варшаве канкурэнцыя вельмі вялікая. Я грукалася ва ўсе дзверы ў Варшаве амаль тры гады. Мне ўсюды адмаўлялі. Я не разумела чаму, бо бачыла выставы, шчыра кажучы, горшыя за мае, а мне адмаўлялі. Мне здаецца, тут яшчэ не сфармаваўся да канца рынак сучаснага мастацтва. Імкнуцца падтрымліваць у першую чаргу сваіх, польскіх мастакоў, бо сваё яшчэ не надта добра стаіць на нагах. Потым даюць месца ўкраінцам, таму што ім трэба дапамагаць, а потым ужо беларусам. У Польшчы яшчэ ідзе барацьба за сваё. Мы выставім сваё, нават калі яно горш, чым тваё. Але мы выставім сваё, бо мы будуем сваё. І гэта працуе!
Я лічу, што ўзровень польскага сучаснага мастацтва стаў значна вышэйшы, чым калі я прыехала сюды ў 2022 годзе. У кагосьці з беларускіх мастакоў атрымалася прабіцца, калі стыль працы больш падыходзіць для Польшчы.
Я працую з тэмай болю. Палякі сутыкнуліся наўпрост з украінцамі і беларусамі, таму што мы тут жывем. І яны гэтай тэмы не хочуць. Так мне сказалі ў адной галерэі, дзе я наўпрост запытала, чаму мне адмаўляюць. І як толькі я выехала за межы Польшчы, адразу ўсе гатовыя пра гэта слухаць.
Там, дзе няма сутыкнення з беларусамі і ўкраінцамі, з болем наўпрост, як бы на вуліцы, яны гатовы слухаць, таму што ў іх больш геданістычнае жыццё, яны не пакідалі сваёй зямлі. І ў іх ёсць сілы і магчымасць паслухаць цябе. У Заходняй Еўропе ёсць намер зрабіць свет лепшым. І таму яны даюць голас усім, каму лічаць, што трэба яго даць.
— А якія пытанні цікавяць палякаў у мастацтве? Калі іх не цікавіць боль, то што?
— Напрыклад, квір-асобы. Калі твая тэма неяк датычная квір, то больш шанцаў зрабіць выставу. Ці штосьці вельмі экстравагантнае. Я ўжо сталею, і ўсё менш мне хочацца рабіць нешта экстравагантнае, каб прыцягнуць увагу. Калі тут ідзе такая бойка за месца пад сонцам, што трэба так рабіць, то я проста вырашыла не рабіць. Тым больш, я пабачыла, што ёсць свет іншы, ёсць іншыя месцы, дзе, напрыклад, цікавая палітычная тэма...

Хустка з калекцыі CHUSTY. 2023 г. Крыніца: Instagram cemradarya
— Хіба перад кожным свядомым беларусам стаіць пытанне, як захаваць сваю беларускасць у эміграцыі. Адным са сродкаў, як я заўважыла, былі хусткі з тваім дызайнам. Распавядзеш пра гэты праект?
— Гэта было зроблена з сацыяльнага выкліку: я заўважыла, што людзі вельмі пакутуюць. Яны кажуць, што іх часта пытаюць: «Ты з Украіны?». Дагэтуль. Нават я ў паліклініку прыходжу, і яны не пытаюцца: «Адкуль Вы?», проста як ветлівае пытанне, а адразу: «Вы з Украіны?». У нейкі момант мне самой нават не хапала рэчаў, каб паказаць, што я з Беларусі. І ў людзей быў такі запыт.
Я вельмі паважаю тых, хто працягвае менавіта традыцыйнае, але я ўжо раблю, каб гэта было сучасна. Напрыклад, нават слова «Спадчына» ці тая ж самая кашуля, якую я размясціла цяпер на хустцы, працягвае сваё жыццё. Хустка з кашуляй — проста топ, і... я думала ўжо не кранаць гэтую працу, але потым думаю: ладна... І калі яна нават надрукаваная на тканіне, усё роўна мае вельмі вялікі поспех, бо яна проста эстэтычна добра глядзіцца. Яна спалучае графіці з традыцыйнасцю, і людзі адразу счытваюць нават вось гэтыя там кропачкі чырвоныя. І чытаюць слова «Spadčyna», якое напісана беларускай лацінкай. І ўжо ёсць як быццам дачыненне да чагосьці, людзі штосьці разумеюць.
А хусткі з арнаментальнымі знакамі я больш не раблю. Усё ж такі праект павінен мець дачыненне да мяне. Хоць я гэтыя знакі, іх дызайн рабіла так, як я іх бачыла, але ўсё роўна, як мастак я працягваю абапірацца на вобразы, каб не проста ўзяць сімвал.
Хустка з калекцыі CHUSTY. 2023 г. Крыніца: Instagram cemradarya
— А паўплывала на цябе дыскусія пра арнаменты (што спачатку ўсе кінуліся ў гэтыя сімвалы шчасця, кахання і гэтак далей, а цяпер ужо людзі трошкі больш свядомыя, што гэта прыдуманая міфалогія прафесара Кацара)? Ці ты мела нейкія больш асабістыя прычыны вось гэты праект спыніць, са знакамі на хустках?
— Так, я падумала, што гэта прымітыўна. Што трэба глыбей капаць. Што я яго перарасла. Я гэты праект перарасла, так. Калі я гэта рабіла, я абірала тое, што больш пазнавальнае. Проста каб людзям было лягчэй успрыняць.
Людзям не падабалася, што іх ідэнтычнасць, яна як быццам не існуе. Яны хацелі не тлумачыць увесь час, а проста сваім выглядам казаць, што яны беларусы.
Асабліва на хлопцах добра выглядаююць мае хусткі. Яны іх носяць і на галаве, і на шыі.
Я сама адышла ад гэтага, у мяне нічога няма, таму што на сённяшні дзень мне ўжо не патрэбна неяк сябе пазначаць. Таму што быў перыяд і час, калі мы вельмі ўсе атрымлівалі сілу ад нейкіх вось такіх рэчаў: то мы сабе пояс тчэм, то нешта яшчэ робім... Мы адарваныя ад зямлі, і нам трэба, Божа, хоць штосьці. Фотаздымак з дома. Ай, мама! Кніжкі! Канечне! Усё, мы ўсё купім! Мы вось так вось абжываліся ў эміграцыі. Але, канечне, можна знайсці сілу вось у гэтай адарванасці, і шмат людзей, нават калі насілі мае хусткі, яны казалі, што гэта мой абярэг.
А цяпер я і шмат людзей згубілі гэтыя хусткі і сказалі, што яны таксама цяпер не маюць патрэбы ў пазначэнні сваёй ідэнтычнасці з дапамогай нейкіх рэчаў. Гэта такі знак, што ўся сімвалічная абарона перайшла ўнутр. І цяпер я таксама так лічу, што мне ўжо нічога не трэба.

Праект «Палонніца». 2022 г. Жалобны вэлюм з малюнкам калючага дроту. Крыніца: cemra.art
— Калі не пазначаць сябе як беларуса нейкімі аксэсуарамі, то што, на твой погляд, варта рабіць, каб глыбей асэнсаваць і захаваць сваю беларускасць?
Падтрымліваць тое, што падабаецца. Гэта асноўнае. Калі ты не хочаш, каб гэта знікла, туды трэба накіроўваць увагу. Хочаш змен у сабе — усё, на што ты накіроўваеш увагу, пачынае працаваць. Так і тут. Калі ты не хочаш, каб гэта знікла, то трэба гэта падтрымліваць: увагай, словам, як-небудзь. Бо інакш яно знікне, і гэтага не будзе. Заўсёды, калі мне нешта падабаецца, я пішу хаця б, што вось гэта сапраўды добра. Думаю, што калі гэтыя рэчы знікнуць, мне будзе вельмі самотна.
А маё мастацтва я раблю для тых людзей, якія жывуць побач са мной, каб ім не было так самотна. Для тых людзей, якія адчуваюць так жа, як я. Проста, каб нам усім трываць усю гэту рэчаіснасць. Трываць, выжыць... Ну, пакуль што я адчуваю так, што мы трываем і выжываем. Таму Жыве Беларусь!
Алена Ляшкевіч, для budzma.org