Працягваем спазнаваць палескія абшары. Сёння нас чакае заключная частка нашага трохдзённага маршруту па заходнім Палессі. Неўзабаве мы наведаем Дубае — Янава — Варацэвічы — Язвін — Закозель — Пескі. Рушыць раім з Пінска, дзе можна затрымацца на дзень, калі дазваляе час, ці хаця б да абеда, каб паспець агледзець асноўныя цікавосткі. Прапанаваны дзённы маршрут мае працягласць каля 100 км.
Фота: planetabelarus.by
Дубае
З Пінска адразу прапануем рушыць у Дубае. Тут варта не пераблытаць Дубае Пінскага раёна з Дубае Столінскага. Паселішча Дубае на рацэ Піна ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1495 годзе. На пачатку ХVII стагоддзя паселішча і маёнтак Дубае належалі Слуцкаму і Віленскаму Святадухаўскаму праваслаўным брацтвам. А ў 1638 годзе Пінскі стараста Альбрэхт Станіслаў Радзівіл перадаў маёнтак Пінскаму езуіцкаму калегіуму. Езуіты тут гаспадарылі ажно да скасавання ордэна — да 1773 года.
Фота: planetabelarus.by
Езуіты заклалі тут парк, праклалі каналы, адаптавалі мураваны палац 1596 года папярэдняга гаспадара Яна Полаза пад прытулак для дзяцей-сірот, разгарнулі гаспадарчую дзейнасць, актыўна займаліся бортніцтвам і агародніцтвам.
Фота: planetabelarus.by
Праз Дубае пралягалі шляхі і «апостала Піншчыны» Андрэя Баболі, і Адама Нарушэвіча, навучэнца мясцовага езуіцкага калегіума, які сабраў 231 том матэрыялаў па гісторыі Рэчы Паспалітай, і Міхала Казіміра Агінскага, які стварыў тут унікальную водную сітэму і заснаваў Дняпроўска-Бугскі канал.
Вандроўка па заходнім Палессі. Частка першая
Фота: citydog.by
Пасля ліквідацыі ордэна езуітаў уласнікамі Дубае становіцца род Кужанецкіх, а за ХІХ стагоддзе маёнтак змяніў мноства гаспадароў. У міжваенны час у колішняй езуіцкай камяніцы і палацы Кужанецкіх месцілася сельскагаспадарчая школа, а ў 1944 годзе палац быў знішчаны ды расцяганы кемлівымі месцічамі на будаўнічыя матэрыялы. Але як ён выглядаў, мы можам уявіць, дзякуючы малюнкам Напалеона Орды, народжанага тут побач, у Варацэвічах.
Сёння на месцы комплексу будынкаў — пустка. Застаўся толькі ў глыбіні парка «прафесаркі дом», так названы за часам існавання тут сельскагаспадарчай школы.
Фота: citydog.by
Больш пашчасціла капліцы, пабудаванай напрыканцы ХVIII — пачатку ХІХ стагоддзя. Яна засталася не кранутай і перажыла за савецкім часам трансфармацыю ў поштовае аддзяленне. Сёння будынак належыць каталіцкай царкве, тут адноўлена дахоўка, а ўнутры можна пабачыць ўкрыжаванне, уратаванае мясцовай жыхаркай ад знішчэння савецкай адміністрацыяй.
Вандроўка па заходнім Палессі. Частка другая
Фота: citydog.by
Водная сістэма ў мясцовым парку хоць і прыйшла у заняпад, але рэшткі яе можна пабачыць і сёння. У глыбіні парку абавязкова сустрэнеце безліч сажалак, каналаў, крынічак. Тут жа варта пашукаць і 450-гадовы дуб, белую піхту і самае старое ў Беларусі дрэва канадскай тсугі. Яшчэ ў парку захаваліся могілкі часоў Першай сусветнай вайны.
Фота: citydog.by
Фота: citydog.by
Янава
Далей рушым у колішняе мястэчка Янава (з 1940 — Іванава), вядомае ў пісьмовых крыніцах з ХVII стагоддзя як мястэчка Янаў-Палескі. Янаў вядомы тым, што ў Трынаццацігадовую вайну 16 траўня 1657 года паселішча захапілі казакі, якія пасля працяглых катаванняў забілі тут езуіцкага месіянера Андрэя Баболю.
Фота: planetabelarus.by
У Янава трэба наведаць касцёл Узвышэння Святога Крыжа, збудаваны ў 1848 годзе ў стылі ампір. Варта звярнуць увагу на адноўленую каплічку ў агароджы касцёла: меркавана, на гэтым месцы і быў закатаваны «пінскі апостал» Андрэй Баболя.
Фота: planetabelarus.by
Унутры храма ў левым алтары размешчаны драўляны крыж, выразаны самім Напалеонам Ордай. А постаць Ісуса на ўкрыжаванні выканана скульптарам Геленай Скірмунт. Прадстаўнікі абодвух выбітных палескіх родаў спрычыніліся да гэтага твору. На Піншчыне яшчэ менш за стагоддзе таму была папулярнай прымаўка: «На Палессі што ні грунцік, то Скірмунцік, што ні морда, то Орда». Колькі ўсяго гэтыя людзі зрабілі для развіцця Палесся, мы распавядалі раней. Вось і ў Янава таксама можна знайсці памяць пра іх.
Вандруем па сталіцы заходняга Палесся — Пінску
Фота: planetabelarus.by
Яшчэ адзін колішні адметны феномен Янава — лабары. Лабарамі называлі мужчынаў, жыхароў мястэчка Янава, якія збіралі грошы на пабудову і рэстаўрацыю цэркваў. З даўніх часоў мястэчка Янава належала каралям Рэчы Паспалітай, і гэта надзяляла яго жыхароў пэўнымі ільготамі. Сяляне, што адбывалі так званую «мілевую павіннасць» (то бок пастаўлялі па патрабаванні каралеўскай адміністрацыі пэўную колькасць падводаў), былі вызвалены ад іншых павіннасцяў. Так здарылася, што вольнага часу янаўцы мелі шмат, а вось зямлі — меней. І яны знайшлі спосаб, як ператварыць лішак часу ў грошы. Пасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі дзейнасць лабараў не спынілася. Больш за тое, яны адчулі заступніцтва з боку новых уладаў, якія таксама прытрымліваліся праваслаўя. Лабары былі тагачаснымі прафесійнымі вандроўнікамі. Іх дзейнасць распаўсюджвалася ад Украіны да Прыбалтыкі, ад Малдовы да Цэнтральнай Расіі.
А яшчэ лабары як спецыфічная прафесійная супольнасць мелі свой дыялект — збор слоў з самых розных моваў, каб не кожныя вушы маглі зразумець спецыфіку іх працы, многія словы, на жаль, беззваротна страчаныя. Але супрацоўнікі янаўскай раённай бібліятэкі стварылі «Дыялектычны слоўнік лабарскай гаворкі», які ўключае ў сябе 299 словаў. Самі лабары называлі сваю гаворку «ліберская гаврідня». Прыклады словаў можам сустрэць і ў сучаснай мове: валасы — патлы, канец — хана, кампанія — хеўра, сячы — крамсаць, спаць — кемарыць і іншыя. Паглядзець больш можна тут gn.org.ua/Labur_dictionary. Варацэвічы Далей рушым на радзіму аднога з самых знакамітых палешукоў і самага тыповага прадстаўніка высакароднай ліцвінскай шляхты мінулай эпохі — мастака Напалеона Орды. У Варацэвічах можна наведаць «Музейны комплекс імя Напалеона Орды», каб падрабязней пазнаёміцца з біяграфіяй мастака і копіямі яго прац.
Што паглядзець на Шчучыншчыне. Частка першая
Фота: vedaj.by
У другой палове ХІХ стагоддзя гэты незвычайны чалавек, народжаны на Палессі, намаляваў усё, што пазней мы беззваротна страцілі. Ён аб’ездзіў амаль усю сучасную Беларусь, палову Украіны, Літву, Польшчу і зафіксаваў неймаверную колькасць архітэктурных аб’ектаў. Найверагодней, што каб не гэтыя намаляваныя ў разнастайных тэхніках — ад акварэлі да алоўка — гарады і мястэчкі, замкі і храмы, палацы і сядзібы, то пра шматлікую забудову, што фармавала ландшафт у пазамінулым стагоддзі, мы б нічога і не ведалі, бо частка будынкаў знікла, а частка так нядбайна перабудаваная, што ў цяжка пазнаць аўтэнтыку.
Напалеон Орда — сын інжынера-фартыфікатара і піяністкі, нарадзіўся ў 1807 годзе. Яго імя, папулярнае на той час сярод мясцовай шляхты, якая спадзявалася на абяцанае французскім імператарам Напалеонам Банапартам адраджэнне ВКЛ узамен на падтрымку ў вайне з Расейскай Імперыяй, магчыма, наклала адбітак на лёс мастака, музыкі, кампазітара. Ён з маладосці прыняў на сябе адказнасць шляхецкага паходжання і ўключыўся ў грамадска-палітычнае жыццё краю. Спачатку за ўдзел у таемным студэнцкім таварыстве ён быў выключаны з чацвёртага курса фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта і трапіў на 15 месяцаў за краты, далей — пасля актыўнага ўдзелу ў паўстанні 1830–1831 гадоў — ён быў вымушаны эміграваць у Францыю з падробленымі дакументамі, ратуючыся ад рэпрэсій.
Што паглядзець на Шчучыншчыне. Частка другая
З’ехаў ён амаль на 25 год. Напалеон Орда перазнаёміўся з яскравымі прадстаўнікамі еўрапейскай інтэлегенцыі: музыцыраваў з Шапэнам, з Лістам, ведаў Бальзака і Стэндаля, паспеў стаць дырэктарам італійскай оперы ў Парыжы, навучаўся архітэктурнаму пейзажу і вызначыўся з асноўнымі накірункамі сваёй дзейнасці: музыкай і жывапісам. Але, асэнсоўваючы сваё прызначэнне, Напалеон Орда адразу пасля абвяшчэння ў 1856 годзе амністыі, пакінуў сям’ю, кар’еру і, у пэўным сэнсе, багемнае жыццё, і скіраваўся на Палессе.
Але не доўга Напалеон Орда выкладаў музыку на Валыні. У 1866 годзе мастака і музыку арыштавалі за ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў і зняволілі ў кобрынскім астрозе, пазбавілі родавага маёнтку і пагражалі этапаваць у Сібір. І толькі дзякуючы ўмяшальніцтву жонкі і французскага пасла, Напалеон Орда застаўся на волі ў статусе невыязнога.
Застаўшыся на радзіме, ён напісаў падручнік «Граматыка музыкі», які на доўгі час стаў значным дапаможнікам па тэорыі музыкі, і распачаў безліч вандровак па правінцыях знікаючага краю — маляваць рэшткі старога свету. Як вынік гэтых вандровак — тысячы малюнкаў і акварэляў з дэталёва выкананымі архітэктурнымі пейзажамі. Дзякуючы яго працам мы маем магчымасць аднавіць некаторыя знакавыя, але зніклыя архітэктурныя аб’екты і сёння.
Менавіта тут, недалёка ад Варацэвічаў, ва ўрочышчы Чырвоны двор, паводле малюнка Напалеона Орды аднавілі ягоную родавую сядзібу, бо пасля пажару 1943 года ад яе застаўся толькі падмурак. Сюды варта заехаць, паглядзець не столькі на навабуд, а на сажалкі, рэшткі парку, ландшафты, якія сузіраў і сам выбітны мастак.
Месца пахавання Напалеона Орды ў Янава знеслі разам з каталіцкімі могілкамі, каб пабудаваць школу. Але помнік творцу на месцы ўмоўнай магілы там можна пабачыць.
Язвіны (Вінчы) (52.143828, 25.24398)
З Варацэвічаў палявымі дарогамі, калі дазволіць надвор’е, прапануем рушыць да не надта папулярнага, але цікавага для аматараў архітэктурных «парэшткаў» — да руінаў касцёла Св. Духа, 1750-га года пабудовы паблізу вёскі Язвіны, ці, як мясцовыя называюць, Вінчы.
Касцёл — помнік архітэктуры барока. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Закозель
Далей прапануем рушыць у Закозель — вёску, вядомую ажно з канца ХІІІ стагоддзя, якая з ХVIІ стагоддзя сталася галоўнай палескай рэзідэнцыяй рода Ажэшкаў. Сюды не раз прыязджала з суседняга Людвінава пісьменніца Эліза Ажэшка, і, паводле мясцовай легенды, у Закозелеўскай капліцы ў 1863 годзе яна ратавала ад расейскага войска параненага кіраўніка паўстанцаў Рамуальда Траўгурта.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Паводле задумы архітэктара Францішка Яшчолда, які, дарэчы, быў аўтарам праекта знакамітага палаца Пуслоўскіх у Косава, узведзеная 1839 годзе родавая капліца мусіла стацца рамантычнай неагатычнай кветкай у суворым Палескім краі. Паводле загаду царскага ўраду ў 1867 годзе ў капліцы быў знішчаны алтар і наглуха забіты ўваход. Да нашых дзён капліца дайшла ў выглядзе маляўнічыхх крушняў сярод парку і сажалак. Але апошнія некалькі год распачалося актыўане аднаўленне каплічкі: сёння можна пабачыць яе ў будаўнічых «лясах». За ўсімі падзеямі вакол яе можна сачыць тут.
За ўдзел у паўстанні маёнтак у Закозелі ў Ажэшкаў быў сканфіскаваны, а муж Элізы, Пятро, быў сасланы ў Сібір. Праз некаторы час маёнтак усё ж вярнулі гаспадарам. У 1892 годзе Эліза Ажэшка прадала маёнтак графіні Бабрынскай. У Закозелі ад яе імя гаспадарыў Аксэль фон Дэн. Ён і пабудаваў вінакурню, якая захавалася ў добрым стане да нашага часу.
Фота: natatnik.by
Фота: natatnik.by
Вінакурня была ўзведзена ў тым жа стылі, што і сядзіба, збудаваная значна раней. На той час тут была наладжана наватарская вытворчасць: вакарыстоўваліся сучасныя паравыя механізмы, была праведзена электрычнасць. Для вытворчасці спірту выкарыстоўвалася зерне, што захоўвалася тут жа, у гумне. Апошнім гаспадаром у маёнтку быў Караль Талочка з 1923 года па 1944. Сёння мы можам пабачыць толькі частку ацалелага палаца, якая выкарыстоўваецца як жылы дом.
Фота: natatnik.by
Час вяртацца дадому. Прапануем пракласці свой шлях праз Драгічын — прыхапіць адсюль прадукцыі з мясцовага фармацэўтычнага прадпрыемства «Экзон»: гематагену, аскарбінкі, натуральных сіропаў з чабору ці шыпшыны. А як знойдзеце ў мясцовых сала па знакамітым Бездзежскім рэцэпце з макухай (асаблівай пасыпкай з насення лёну), можна лічыць, што палескі гастранамічны план-мінімум выкананы. Яшчэ тут варта пакаштаваць вяленай рыбы, якую мясцовыя робяць кожны па сваім адмысловым рэцэпце.
Фота: direktor.by
Пескі
Раім з Драгічына рушыць па Р136 уздоўж 20-кіламетровага Чорнага возера, каб па дарозе пабачыць у Песках маляўнічыя рэшткі колішняй сядзібы Пуслоўскіх. Першы ўспамін пра Пескі датуецца 1503 годам. На мяжы ХVII — XVIII стагоддзяў Пескі перайшлі ва ўласнасць Пуслоўскіх, якія гаспадарылі тут ажно да 1939 года.
Фота: planetabelarus.by
Ад шыкоўнага палаца Войцэха Пуслоўскага мяжы XVIII — ХІХ стагоддзяў да нашых дзён захавалася няшмат, але і гэта вельмі ўражвае. Паўночная і паўднёвая неагатычныя брамы сярэдзіны ХІХ стагоддзя, сядзібны дом, вінакурня, парк з рэдкімі відамі дрэваў, якія растуць і сёння.
Фота: natatnik.by
Фота: planetabelarus.by
Парк сканчваецца на беразе глыбокага Чорнага возера. Асноўнай «фішкай» гэтага парка з’яўляліся каналы: у месцах, дзе яны перасякаліся, утвараліся выспачкі, кожную з якіх упрыгожвала якаясьці скульптура ці альтанка. Калі застанецца час, па парку абавязкова варта пашпацыраваць, каб найбольш яскрава адчуць атмасферу мінулага і ўпарадкаваць уражанні апошніх некалькіх дзён.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Вандруйма разам з «Будзьма!»
ПЖ, Budzma.by