Прапануем вашай увазе другую частку маршрута па заходнім Палессі. Сёння мы наведаем клубнічную сталіцу Палесся, скарыстаемся паромнай пераправай праз Прыпяць, пашпацыруем па найбольш значным у Еўропе балотным комплексе, пабачым агурковую сталіцу Беларусі. Такім чынам, прапануем праехаць шляхам Лунінец — Новаберажное — Альманы — Столін, а заначаваць у Пінску, тут і з інфраструктурай лепш, чым у Століне, і адсюль будзе зручней рушыць па наступных пунктах маршрута.
Фота: planetabelarus.by
Лунінец
Наступным нашым прыпынкам на шляху па заходнім Палессі будзе горад Лунінец. У большасці людзей ён асацыюецца з вакзалам, і невыпадкова: гэта ў мінулым адзін з найбуйнейшых чыгуначных вузлоў Беларусі. Сам горад пачаў імкліва развівацца акурат з таго часу, як тут з’явілася чыгунка, але гісторыя яго больш старажытная. Гораду сёлета ужо 572 гады. Упершыню Лунінец згадваецца ў гістарычных крыніцах як вёска Малы Лулін. З 1540 г. Лунінец атрымаў сваю сучасную назву.
Чытайце таксама: Вандроўка па заходнім Палессі. Частка першая
Фота: planetabelarus.by
Лунінец не меў права на самакіраванне, і старажытнага герба ў яго таксама няма. Сучасны герб Лунінец атрымаў толькі ў 90-я гады ХХ стагоддзя. У блакітным полі герба тры срэбныя элементы. Зверху размяшчаецца карона, якая сімвалізуе тое, што ў часы ВКЛ тэрыторыя Лунінца была вялікакняжацкімі ўладаннямі. У цэнтры выяўленыя дзве перакрыжаваныя стралы — сімвал руху, які асацыюецца з чыгуначным вузлом, а ніжэй размяшчаецца кветка лілеі, якая нагадвае пра прыроду Лунінеччыны, у прыватнасці ўнікальнага Белага возера, якое знаходзіцца ў ваколіцах Лунінца, дзе расце занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі лабелія водная, яна ж лабелія Дортмана.
Чытайце таксама: Што паглядзець на Іўеўшчыне. Частка першая. Частка другая
Само Белае возера вельмі незвычайнае для Палесся, сапраўдны прыродны помнік. Яно мае амаль ідэальную авальную форму і крыштальна чыстую ваду, што для Палесся зусім не тыпова, бо вада ў большасці мясцовых рэках і азёрах балотнага колеру.
Фота: planetabelarus.by
У 80-я гады ХІХ стагоддзя праз мястэчка праходзяць два буйныя чыгуначныя шляхі: Пінскі і Вільня-Ровенскі, — што спрыяла імкліваму развіццю Лунінца. На прывакзальнай плошчы ўсталяваны помнік чыгунцы, якой Лунінец абавязаны сваім развіццём. 30 снежня 1884 г. у Лунінец прыйшоў першы цягнік, які скіроўваўся з Баранавічаў у Пінск. Будынак вакзала быў узведзены на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. У 1930-я гады ягоны выгляд быў значна зменены.
Фота: planetabelarus.by
Пешаходным мостам праз чыгунку Лунінец падзелены на дзве часткі. Напрыканцы ХІХ стагоддзя праз узнікненне чыгуначнага вузла, спатрэбілася будаваць жытло для супрацоўнікаў. Але мясцовае насельніцтва сваю зямлю прадаваць не пагадзілася і прапанавала чыгуначнікам сяліцца па другі бок рэек — там, дзе балота. Так і зрабілі: нізіну асушылі, пракапалі роўчыкі, пабудавалі дамы. Гэты мікрараён стаў называцца Залессе, а ў даваенны час ён меў назву «пасад Лунінец» (у адрозненне ад цэнтра — «сяла Лунінец»). І цяпер у гэтай частцы горада пераважае прыватная забудова пачатку ХХ стагоддзя. А ў некаторых дварах можна заўважыць старую брукаванку.
Чытайце таксама: Што паглядзець на Шчучыншчыне. Частка першая. Частка другая
Фота: vandrouka.by
З Лунінецкім Палессем звязаны лёс выбітнага беларускага пісьменніка Якуба Коласа. Пасля адседкі ў мінскім Пішчалаўскім замку (цяпер «Валадарка») у 1911–1912 гг. Колас прыватна настаўнічаў у Лунінцы, без дазволу расійскіх ўладаў вучыў дзяцей чыгуначнікаў.
Фота: vedaj.by
Менавіта тут ён пачаў пісаць паэму «Сымон-музыка», дзе яскрава апісваюцца тагачасны палескі побыт і традыцыі. На доме, дзе пясняр жыў, на сучаснай вул. Савецкай, ёсць шыльда ў памяць аб ім. Сёння тут месціцца мясцовы краязнаўчы музей. У Лунінцы ёсць таксама помнік Якубу Коласу і вуліца, названая ў яго гонар.
Фота: planetabelarus.by
Лунінец, як і пераважная большасць беларускіх гарадоў, шматканфесійны. Тут існуюць храмы ўсіх трох хрысціянскіх канфесій: каталіцкі, праваслаўны і пратэстанцкі. Варта адзначыць, што пратэстантаў на Палессі больш, чым на ўсёй іншай тэрыторыі Беларусі. Была яшчэ яўрэйская сінагога, але да нашага часу яна не захавалася.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
А яшчэ дзякуючы цёпламу клімату і ўрадлівасці мясцовай глебы Лунінец — беларуская сталіца клубніцаў. Найперш ягады саспяваюць тут і прысутнічаюць практычна ў кожнай мясцовай гаспадарцы. Клубніцы сталі мясцовым брэндам: да пандэміі пад Лунінцам штогод праводзілася свята «Лунінецкія клубніцы». А ў вёсцы Дварэц, што за 10 км ад Лунінца, на пляцоўцы, дзе цягам клубнічнага сезону функцыянуе адзіны ў Беларусі кірмаш клубніцаў, праводзіўся буйны музычны open-air «Клубнічны фэст», які сёлета таксама не адбыўся праз пандэмію.
Чытайце таксама: Вандруем па сталіцы заходняга Палесся — Пінску
Фота: media-polesye.by
Калі размаўляць пра музыку, то варта нагадаць, што менавіта ў Лунінцы нарадзіўся і вырас вядомы выканаўца Макс Корж, які два гады таму сабраў на свой канцэрт на стадыёне «Дынама» ў Мінску ажно 35 000 чалавек. Мусіць, гэты рэкорд сярод беларускіх артыстаў замацуецца за Каржом мінімум на некалькі найбліжэйшых гадоў.
Фота: nn.by
У Лунінцы даволі шмат установаў грамадскага харчавання на любы густ, таму перад далейшым шляхам варта падсілкавацца тут. Кавярня «Отдых» (Фрунзэ, 7) будзе пасаваць аматарам сталоўскай ежы, але афіцыянты, якія прымаюць замовы, трошкі выбіваюцца з атмасферы класічнай сталоўкі. Аматарам сушы варта знайсці «Капібару» (Савецкая, 26), аматарам выкшталцоных гатункаў кавы і свежых круасанаў трэба скіравацца ў кавярню «Кофейня» на Прывакзальнай плошчы, піцы пакаштаваць можна ў рэстарацыі-клубе «Юна» (Прывакзальная, 7). Карацей, галодным не з’едзе ніхто.
Фота: media-polesye.by. Паромная пераправа вёскі Кораб’е
Калі пашчасціць павандраваць па Палессі ўвесну, то варта палюбавацца разлівам Прыпяці. Адзін з варыянтаў — скіравацца з Лунінца ў бок вёскі Кораб’е, каб перабрацца на іншы бок ракі на пароме «Лунінец».
Паром у дарозе каля 15 хвілінаў, праезд на ім бясплатны. Варта звярнуць увагу на расклад, каб не марнаваць час у чаканні парома (актуальны з красавіка па кастрычнік 2021 года): з лунінецкага боку паром адыходзіць у 7.15, 8.00, 10.00, 12.00, 14.00, 16.00, 17.30, 19.00, 20.00.
Пойма Прыпяці вядомая сваімі ўнікальнымі для ўсёй тэрыторыі Еўропы балотамі. Тут знаходзіцца Прыпяцкі нацыянальны парк, дзе захаваліся ўнікальныя прадстаўнікі флоры і фаўны. Паводле меркавання некаторых навукоўцаў, на месцы палескай нізіны шмат тысячагоддзяў таму было мора.
Упершыню пра мора на гэтай тэрыторыі згадвае старажытнагрэцкі гісторык Герадот, які жыў амаль 2,5 тысячы гадоў таму, адсюль умоўная назва нашага мора — «мора Герадота». Чацьвёртая з дзевяці кніг Герадота — "Мельпамена"— з’яўляецца, бадай, самай ранняй пісьмовай згадкай пра тэрыторыю сучаснай Беларусі, яе прыроду, насельніцтва і дагэтуль выклікае спрэчкі ды дыскусіі сярод навукоўцаў. Як бы там ні было, але краявіды тут сёння надзвычай маляўнічыя!
Фота: planetabelarus.by
Да стварэння тут паромнай пераправы ў 2012 годзе з Лунінца да Століна і назад на ўласным аўто трэба было ездзіць праз Пінск, што было вельмі нязручна праз лішнюю адлегласць у 60 кіламетраў. А чыгуначны мост праз Прыпяць функцыянуе і сёння: ад краявідаў з акна цягніка ці электрычкі таксама немагчыма адвесці вачэй.
Чытайце таксама: Вандруем па старажытнай Наваградчыне. Дзень першы. Дзень другі
Нова-Беражное
З парома прапануем рушыць палескімі дарогамі ў вёску Нова-Беражное, дзе знаходзіцца вельмі атмасферная сядзіба канца ХІХ стагоддзя.
Раім праехаць праз вёску Дубай, дзеля характэрных сэлфі і каб пабачыць прыгожую драўляную царкву св. Міколы 1908 года пабудовы.
Фота: vk.com/postimby
Тэрыторыя, дзе сёння размяшчаецца вёска Нова-Беражное, ажно з ХVI стагоддзя належала шляхецкаму роду Алешаў (Юрый Алеша, які напісаў у 1924 годзе вядомыя кожнаму савецкаму і постсавецкаму школьніку «Тры таўстуны», — з тых самых Алешаў, але дакладны ягоны радавод невядомы да сёння).
Фота: fotobel.by
Ажно 13 пакаленняў Алешы рабілі нешта значнае для развіцця мясцовасці. Захаваная практычна ў першасным выглядзе сядзіба ў Нова-Беражным была закладзеная Канстанцінам Алешам у 1890 годзе.
Будынак узведзены ў неагатычным стылі, мае два паверхі, навокал яго быў закладзены шыкоўны парк з 50 унікальнымі відамі дрэваў, які часткова захаваўся і сёння.
Да сядзібы была прыбудаваная невялікая шматкутная вежа з шатровым дахам. Фасад будынка ўпрыгожаны дастаткова сціпла. Асаблівую ўвагу архітэктар надаў вокнам. На першым паверсе сядзібы з боку парку аканіцы займаюць практычна ўсю вышыню ад падлогі да столі. Дзякуючы чырвонай цэгле, з якой складзены будынак, сядзіба выглядала вельмі маляўніча. Цяпер з кожным годам яна ўсё больш разбураецца, на фота — красавік 2021.
Ландшафтны заказнік «Альманскія балоты»
Фота: planetabelarus.by
Далей прапануем рушыць праз Столін да Альманскіх балотаў. У Століне можна будзе прыпыніцца даўжэй на адваротным шляху, тут асвятлення хапае, а вось на балоты варта трапіць засветла. Рухаючыся ў гэтым напрамку, варта спраўдзіць наяўнасць пашпартоў, бо на блакпосце па дарозе да Альманаў у вас абавязкова правераць дакументы і перапішуць дадзеныя аўтамабіля.
Ландшафтны заказнік «Альманскія балоты» мае плошчу 94 219 га і з’яўляецца адной з самых вялікіх асабліва ахоўваных прыродных тэрыторый на толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе. Альманскія балоты доўгі час выкарыстоўваліся як вайсковы палігон: праз гэта дасяжнасць гэтай мясцовасці была абмежаваная для людзей, што дазволіла захавацца шматлікім прадстаўнікам флоры і фаўны, занесеным у Чырвоную кнігу Беларусі. У межах заказніка ў паўночнай яго частцы знаходзяцца азёры Вялікае і Малое, якія займаюць каля 100 га. Усяго на тэрыторыі ахоўнай зоны каля 23 невялікіх азёраў.
Сёння тут актыўна развіваецца экалагічны турызм, сплавы на байдарках, як пешыя, па экасцежках, так і аўтамабільныя экскурсіі, што разам з актыўным зборам журавінаў у пэўнай ступені парушае экасістэму і дадаткова турбуе мясцовых жывёлаў і птушак. У найбліжэйшых вёсках на тэрыторыі Альманскіх балот ёсць некалькі аграсядзібаў, дзе можна заначаваць.
Столін
Калі вырашыце не затрымлівацца на ноч на тэрыторыі Альманскіх балот, раім рушыць назад у Столін. Сёння Столін вядомы як сталіца агурковага краю. Але яшчэ ў ХХ стагоддзі тут быў адзін з самых уплывовых духоўных цэнтраў хасідызму — адной з плыняў юдэйскай рэлігіі. Тут так жа захавалася памяць пра Радзівілаў і іх культурную спадчыну, уключна са знакамітым паркам «Манькавічы» — часткай колішняга сядзібна-паркавага комплексу на беразе ракі Гарынь.
Фота: planetabelarus.by
Першая пісьмовая згадка пра Столін датуецца 1555 годам. Мястэчка ў розны час належала разнастайным шляхецкім родам: Вішнявецкім, Солтанам, Скірмунтам. Пазней яно перайшло ва ўладанні Радзівілаў, якія ў 1885 годзе заклалі адзін з самых маляўнічых пейзажных паркаў Беларусі, што захаваўся да сёння. Парк «Манькавічы» можна пабачыць на ўскрайку Століна на беразе ракі Гарынь. Большасці дрэваў тут больш за 100 гадоў.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
На тэрыторыі парку можна наведаць краязнаўчы музей. Апроч стандартнай экспазіцыі, якая знаёміць з гісторыяй і прыродай краю, тут ёсць калекцыя абразоў, створаных мясцовымі майстрамі.
Фота: planetabelarus.by
Яшчэ тут можна даведацца, як выглядала сядзіба Радзівілаў у Манькавічах у перыяд свайго росквіту. Апошні гаспадар вымушаны быў пакінуць яе ў 1939 годзе.
Фота: planetabelarus.by
У Манькавічах захавалася былая вінакурня, пабудаваная ў ХІХ стагоддзі, — узор тагачаснай прамысловай архітэктуры. Унутры і сёння можна пабачыць вялізны чан, які выкарыстоўваўся для вытворчасці спірту.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
У цэнтры Століна захавалася шараговая гарадская забудова ХІХ—ХХ стагоддзяў. Тут вы пабачыце гандлёвыя шэрагі, адміністрацыйныя будынкі, жылыя камяніцы, дзякуючы якім можна ўявіць, як выглядала тыповае беларускае мястэчка да Другой сусветнай вайны. У гэты перыяд большую частку насельніцтва Століна складалі яўрэі.
Фота: planetabelarus.by
Была тут і свая сінагога 1793 года пабудовы, ад якой сёння засталіся крушні, што працягваюць разбурацца. Саміх жа месцічаў-юдэяў расстралялі ва ўрочышчы Стасіна, дзе ўсталяваны помнік, прысвечаны гэтай трагічнай падзеі.
Фота: planetabelarus.by
Яшчэ ў Століне можна пабачыць Узнясенскую праваслаўную царкву, пабудаваную ў 1938 годзе, калі Столін яшчэ ўваходзіў у склад Польшчы.
Фота: planetabelarus.by
Былі тут і каталіцкі касцёл, і родавая капліца Радзівілаў у Манькавічах, але да сёння ад тых будынкаў засталіся толькі старыя фатаздымкі.
З месцамі, дзе падсілкавацца, у Століне не будзе праблем: ёсць сталоўка (Савецкая, 133), дзяржаўны рэстаран «Гарынь» (Савецкая, 60), бар «Славянскі» (пл. Камсамольская, 6), кафэ «Гранд» (Церашковай, 60/2) і іншыя ўстановы на любы густ.
Фота: planetabelarus.by
Ёсць тут і дзе спыніцца на ноч: у цэнтры функцыянуе гасцініца «Гарынь» (Леніна, 7). Але калі час адпачынку ці выходных моцна абмежаваны, раім спыніцца ў Пінску, бо адтуль зручней рушыць па наступных пунктах маршрута.
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.
ПЖ, Budzma.by