На фоне масавай міграцыі беларусаў у Літву пасля 2020 года і вайны ва Украіне тэма літвінізму так ці інакш перыядычна ўзнікае ў грамадскай прасторы Літвы. Напярэдне серыі выбараў у Літве эксперты, апытаныя Delfi, заклікаюць палітыкаў не эксплуатаваць гэтую тэму, а пакінуць яе на абмеркаванне гісторыкаў – пасля таго, як у Беларусі перамогуць дэмакратычныя сілы.
Фото: DELFI, Josvydas Elinskas
Пасля масавых рэпрэсій у Беларусі, якія рушылі за прэзідэнцкімі выбарамі ў жніўні 2020 года, Вольга ў ліку 60 тысяч сваіх суайчыннікаў пераехала ў Вільню. Паводле яе слоў, беларускай дыяспары ў Літве, з аднаго боку, не вельмі зразумела, як рэагаваць на расплывістыя і незразумела да каго звернутыя абвінавачванні ў “літвінізме”. А з іншага боку, гэты наратыў стварае абсалютна канкрэтныя праблемы беларусам-мігрантам: некаторыя літоўскія палітыкі называюць іх пагрозай нацыянальнай бяспецы і прапануюць падвергнуць такім жа санкцыям, як і расейцаў.
Радыкальны і ўмераны
Аўтарам тэрміна, які ўнёс напружанне ў адносіны паміж літоўцамі і беларускімі мігрантамі, лічыцца літоўскі гісторык Томас Баранаўскас. Літвінізмам ён называе гістарычную тэорыю, сутнасць якой можна звесці да простай думкі: Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ) насамрэч стварылі беларусы. Яны і ёсць сапраўдныя Літвіны. А цяперашнія літоўцы, якія ў тыя часы былі жамойтамі (Жмудзь) або балтамі, да ВКЛ дачынення не маюць.
«Раз ёсць суфікс "-ізм", значыць гэта ідэалогія, – спрабуе разабрацца ў тэрміналогіі Вінцук Вячорка, палітык, філолаг і культуролаг, аўтар граматыкі літоўскай мовы для беларусаў.
– Атрымліваецца, што гэта агрэсіўная ідэалогія гісторыка-палітычнага рэваншызму з тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі Яна адмаўляе літоўскаму народу ў праве быць спадкаемцамі Вялікага Княства, яго традыцый і культуры
Баранаўскас дзеліць літвінізм на радыкальны і ўмераны. Паслядоўнікі радыкальнага літвінізму імкнуцца вярнуць Вільню, як сталіцу ВКЛ, то бок Беларусі. На думку Вячоркі, носьбіты гэтай ідэі з беларускага боку-абсалютна маргінальныя людзі, у большасці сваёй ананімы: «Гэта стваральнікі невялікіх груп у сацсетках. Яны вядуць там спрэчкі, але не ўплываюць на настроі ў грамадстве і адносіны паміж дзвюма краінамі. Пра іх нават не падазрае абсалютная большасць беларусаў, у тым ліку імігрантаў у Літве, думкі і клопаты якіх зусім іншыя».
Фота: DELFI, Tomas Vinickas
Сапраўды, падобныя групы ёсць, напрыклад, у Фэйсбуку. У іх можа быць да некалькіх тысяч падпісчыкаў, але актыўна ў іх пішуць і ставяць лайкі не больш за два дзясяткі чалавек. Прычым, некаторыя акаўнты выглядаюць як “прадукты” бота-фермы. Умераны ж, не агрэсіўны літвінізм – гэта прыкладна тое, чаму, па словах літоўскага палітолага Вадзіма Вілейты, беларусаў сёння вучаць у школе, а менавіта: ВКЛ было па сутнасці сваёй літоўска-беларускай дзяржавай, таму спадчына належыць і тым, і іншым. І продкі цяперашніх літоўцаў, і цяперашніх беларусаў называлі сябе Літвінамі, гэта значыць жыхарамі ВКЛ.
Чым больш ВКЛ у Беларусі, тым менш там Крамля
Па словах Вілейты, калі ў Беларусі ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя зʼявіліся новыя – нацыянальныя, а не савецкія – падручнікі гісторыі, для беларусаў яны сталі літаральна глытком свежага паветра. «Да гэтага многія беларусы жылі з комплексам нацыянальнай непаўнавартаснасці. Казалі пра сябе: у нас няма нічога свайго – ні мовы, ні гісторыі, музыку слухаем расейскую, літаратуру чытаем расейскую. Увогуле, “неданарод”, – тлумачыць Вадзім, які сам да 9 класа, пакуль не пераехаў у Літву, вучыўся ў беларускай школе. – А ў новых падручніках пісалі пра Вялікае Княства Літоўскае, якое беларусы стваралі разам з літоўцамі, пра тое, што гэтая краіна была прагрэсіўнейшая за Маскоўскае княства, бо там была шляхецкая дэмакратыя і рэлігійная памяркоўнасць. То бок атрымлівалася, што ў нас была гісторыя, асобная ад расейцаў. І моладзь, якая вырасла на гэтых падручніках, успрымае ВКЛ як залаты век беларускай гісторыі».
Гэты ж падыход да гісторыі беларусам спрабавалі прышчапіць і неабыякавыя да лёсу краіны еўрапейцы, тлумачыць дацэнт Віленскага ўніверсітэта Віціс Юрконіс.
«Да 2020 года краіны Еўропы імкнуліся дапамагчы беларусам здабыць новую ідэнтычнасць: Пагоня, бел-чырвона-белы (БЧБ) сцяг, беларускамаўнасць, кампанія “Будзьма беларусамі!”. Падыход быў такі: чым больш ВКЛ у Беларусі, тым менш Крамля. І гэта правільная формула!»- лічыць Юрконіс.
І Віціс, і Пагоня
Вінцук Вячорка нагадвае, што і літоўцы, і беларусы пачыналі сваё нацыянальнае адраджэнне амаль адначасова, пасля краху Расейскай імперыі і менавіта пад знакам «Віціса/Пагоні». І гэта не выклікала спрэчак паміж бацькамі-заснавальнікамі дзвюх маладых рэспублік — Літоўскай Рэспублікі і Беларускай Народнай Рэспублікі, якая праіснавала нядоўга. Па словах эксперта, Ёнас Басанавічус сябраваў з братамі Антонам і Іванам Луцкевічамі, усе яны разумелі, што гэтая сімволіка – агульная традыцыя, агульная еўрапейская ідэнтыфікацыя.
Фото: ELTA, Orestas Gurevicius
«"Паставіўшы" Пагоню на герб у 1918 годзе, беларусы далі зразумець, што сыходзяць ад імперскага двухгаловага арла і бальшавіцкага сярпа і молата. Пашпарт з “Пагоняй” быў афіцыйным пашпартам Рэспублікі Беларусь да прыходу Лукашэнкі, з распаду СССР да 1995 года, – нагадвае Вячорка. – Паводле звестак беларускай праваабарончай арганізацыі “Вясна”, у Беларусі за апошні год было 30 выпадкаў пераследу за выкарыстанне “Пагоні” на машыне, на акне, на вопратцы. Людзі дзеля гэтага сімвала рызыкуюць, і нават ідуць у турму. І гэта ніяк не звязана з жаданнем пакрыўдзіць літоўцаў».
У той жа час, паводле яго слоў, у Беларусі ў цэлым захоўваецца грамадскі кансэнсус адносна тэрміна «беларусы», якім прыблізна з 16 стагоддзя пачыналі вызначаць людзей, якія жывуць паміж Нёманам і Дняпром.
«Слова “літвін” было хутчэй палітонімам, гэта значыць азначала палітычную прыналежнасць да ВКЛ. І русін, і літовец мог быць літвінам, таму што быў падданым ВКЛ, – удакладняе Вінцук Вячорка. – Але калі ў канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя фармаваўся Беларускі нацыянальны рух, то яго лідары зусім свядома настойвалі на тэрміне “беларус”, таму што тэрмін “літвін” мог асацыявацца з носьбітамі іншых ідэй, зусім неабавязкова прабеларускіх. Напрыклад, літвінамі сябе называлі людзі Жалігоўскага [польскі генерал Люцыян Жалігоўскі, зладзіўшы ваенны мяцеж, захапіў у 1920 годзе Вільню. – Delfi], гэта значыць носьбіты “агульнапольскай” свядомасці».
Вінцук Вячорка. Фото: DELFI
Гульні ў літвінізм
У сучасным геапалітычным кантэксце важна сачыць, каб наратыў Вялікага Княства не прасоўвалі Пуцін і Лукашэнка, паколькі з іх боку гэтая любоў да ВКЛ можа апынуцца ідэалагічным хітрыкам, лічыць Віціс Юрконіс.
Лукашэнка, па назіраннях Вадзіма Вілейты, сапраўды прасоўваў так званы ўмераны літвінізм пасля 2014 года. Пасля анэксіі Расеяй Крыма ён проста спалохаўся, што Пуцін анэксуе і Беларусь. Лукашэнка спрабаваў падлашчвацца да Захаду, ахвотна аднаўляў (на еўрапейскія грошы) замкі і ўсталёўваў помнікі вялікім князям Вітаўту і Альгерду.
«Праўда, пачынаў Лукашэнка з іншага: называў ВКЛ варожай дзяржавай, у якой беларусаў прыгняталі польскія і літоўскія феадалы, і прасоўваў тэорыю трыадзінага рускага народа. Гэта было звязана з тым, што Лукашэнка хацеў пасля смерці Барыса Ельцына стаць на чале “абноўленага” Савецкага Саюза. Калі ж стала ясна, што яму, акрамя Беларусі, больш нічога не свеціць, то спатрэбілася падвесці базу пад тую дзяржаву, якая яму дасталася, і пазначыць яе, дзяржавы, унікальнасць», – тлумачыць Вадзім Вілейта.
Зрэшты, наратыў пра «беларускае ВКЛ» для рэжыму Лукашэнкі заўсёды меў другараднае значэнне ў параўнанні са спадчынай Русі і дасягненнямі Беларускай ССР. Дастаткова паглядзець, да якой эпохі адсылае пераважная большасць помнікаў на вуліцах беларускіх гарадоў, дзяржаўных свят і гарадская тапаніміка. А вось дэмакратычныя сілы Беларусі гэты перыяд гісторыі па-ранейшаму ўспрымаюць як асноўны, які сфарміраваў беларусаў як нацыю, кажа палітолаг: «Гэта своеасаблівы міф аб залатым стагоддзі, які дае базу для будаўніцтва будучай дэмакратычнай дзяржавы. Не было б ВКЛ – не было б Беларусі».
Тэорыя нікчэмная, але ў палітыцы спатрэбіцца
На фоне вайны Расіі супраць Украіны Лукашэнка канчаткова звязаў сябе з Масквой. Але гэта зусім не азначае, што Крэмль і ягоная прапагандысцкая машына таксама адмовяцца ад ідэі павярнуць сабе на карысць спрэчкі вакол літвінізму.
Nerijus Maliukevičius. Фота: DELFI
«У мяне свайго роду дэжавю. Тэма “чыя Вільня?” выкарыстоўваецца ўжо не першы раз. Успомнім, як востра гучала яна ў 90-я, калі абмяркоўвалася гісторыя адносін Польшчы і Літвы. Аляксандр Дугін, філасофскі і ідэалагічны гуру Крамля, тады пісаў, што трэба ўсяляк выкарыстоўваць напружанасць паміж Літвой і Польшчай у пытанні Вільнюса, – нагадвае прафесар Нерыюс Малюкявічус, даследчык з Інстытута міжнародных адносін і паліталогіі Віленскага ўніверсітэта.
– Гэта заўсёды выклікае страх у літоўцаў. Мы бачым, як сёння Пуцін выкарыстоўвае падобныя гістарычныя схемы. Пасля пачатку агрэсіі супраць Украіны была ўзятая на ўзбраенне канцэпцыя “Наваросіі”. Яна гістарычна нікчэмная, але палітычна – добры інструмент».
«Расійскія і савецкія спецслужбы заўсёды старанна адсочвалі патэнцыйна канфліктныя вектары ў сваіх “калоніях”», – кажа Вінцук Вячорка. Таму, паводле яго слоў, вельмі важна сачыць за расійскай прапагандай, разумець, адкуль зʼяўляюцца наратывы, якія ўносяць разлад у грамадства. Так, напрыклад, нібыта беларускі рэсурс belvpo («Беларускі ваенна-палітычны агляд») апублікаваў артыкул Мікалая Крылова, які ў выданні адказвае за тэму літвінізму. Яна называецца «Ці зможа літвінізм падарваць Літву?». Гэты матэрыял імгненна перапосцілі некалькі сотняў парталаў расійскай прапагандысцкай сеткі.
«Аўтар тэкства ўмела грае на страхах літоўцаў і беларусаў: літоўскіх гісторыкаў абвінавачвае ў хлусні, беларускіх мігрантаў называе “радыкаламі”, “ідэйна зараджаным анклавам”, “пагрозай нацыянальнай бяспекі Літвы” і “парахавой бочкай”. Для мяне гэта доказ таго, што за ўсім гэтым стаіць нейкі лялечнік», – кажа Вінцук Вячорка. Іншая гісторыя, якая выклікала вострую рэакцыю ў Літве, гэта з'яўленне на самай вялікай платформе анлайн-петыцый Change.org маніфеста з патрабаваннем “вярнуць” Вільню Беларусі. Петыцыя была зарэгістраваная беларускім клубам «Літвіны». Ён месціцца ў Літве. Але сябры клуба тут жа абверглі сваё дачыненне да скандальнага тэксту і ўвогуле заявілі аб адсутнасці якіх-небудзь палітычных амбіцый і ўжо тым больш – тэрытарыяльных прэтэнзій.
«Гэта быў свядомы ўкід, – лічыць Ганна Красуліна, прэс-сакратар лідара беларускай апазіцыі Святланы Ціханоўскай. – Падобныя рэчы ініцыююць правакатары, каб пасварыць нашы народы. А ў нас агульны вораг – саюз Лукашэнкі і Пуціна. Пасварыць нас паміж сабой, унесці разлад у нашы шэрагі – задача рэжымаў Мінска і Масквы. Яны вядуць пастаянную і мэтанакіраваную работу ў гэтым напрамку. Наша задача – супрацьстаяць гэтым правакацыям адзіным фронтам».
Аддзяліць палітыку ад гісторыі
Як гэта зрабіць? Эксперты сыходзяцца ў меркаванні: сачыць за прапагандай, не выносіць дыскусію ў палітычнае поле і перадаць тэму гісторыкам на дэталёвую прапрацоўку. «Брэнд ВКЛ ужо дастаўся літоўцам, кропка пастаўлена, – кажа Вадзім Вілейта. – Беларусы, як бок, які прайграў у гэтай спрэчцы, проста хочуць пэўнай паблажлівасці з боку літоўцаў: даць ім магчымасць лічыць, што яны таксама частка гэтай супольнай гісторыі. Літоўцы цалкам свайго дабіліся: вярнуліся ў еўрапейскую цывілізацыю, у сям'ю дэмакратычных народаў, уступілі ў НАТА. А беларусы ўсё яшчэ жывуць у няволі і спадзяюцца, што літоўцы працягнуць ім руку».
Vytis Jurkonis. Фота: DELFI
«Не трэба ўпадаць у канспіралогію і рабіць з мухі слана, – заклікае Віціс Юрконіс. – Гісторыя Вялікага княства Літоўскага – гэта гісторыя рэгіёна. Нармальна, калі кожны народ будзе мець свой погляд на гісторыю і сваіх герояў. Але адмаўляць, што гэта агульная гісторыя, немагчыма. Калі беларус кажа, што Вільня вельмі важная для беларускай гісторыі, я не магу з гэтым спрачацца. І гэта не супярэчыць тэзе, што Вільня – сталіца Літвы, як і не супярэчыць і таму, што гэта, скажам, вельмі важны горад і для яўрэйскай культуры».
«Гістарычныя, этналагічныя пытанні трэба аддаць гісторыкам, не рабіць з іх палітычныя дубінкі з абодувх бакоў. У нашым рэгіёне “гістарычная палітыка” – справа выбуханебяспечная, асабліва калі за ўзгоркам вораг, – лічыць Вінцук Вячорка. – Гэтыя спрэчкі трэба прытушыць, аддаць на семінары, круглыя сталы і паспрабаваць будаваць агульную культурна-цывілізацыйную прастору. Мы ж ужо жылі ў агульнай дзяржаве на працягу доўгіх стагоддзяў, ніколі не ваявалі сябар з сябрам!»
Ён прыводзіць у прыклад немцаў і французаў. Яны якраз доўга ваявалі паміж сабой, але ў рэшце рэшт дамовіліся і зараз ствараюць агульныя падручнікі са стандартным тэкстам і па-нямецку, і па-французску. Больш свежы прыклад – спрэчкі вакол Вільні з Польшчай. Нерыюс Малюкявічус нагадвае, як сучаснай Літве і Польшчы ўдалося пазбавіцца ад узаемных прэтэнзій: «Гэта заняло час, але ў выніку здаровы сэнс перамог, гісторыкі і інтэлектуалы праз форумы і дыялогі змаглі закрыць гэтае пытанне. Наша будучыня – у агульнай Еўропе, а гісторыя павінна застацца гісторыяй».
Кажыце часцей і гучней
У той жа час Малюкявічус лічыць: прадстаўнікам беларускай апазіцыі ў Літве не варта займаць пазіцыю «Я ж ужо адзін раз гэта сказаў, навошта паўтараць?». Стратэгічная камунікацыя працуе зусім па-іншаму. Такія важныя “мэсэджы” неабходна ўслых прагаворваць часта, выразна і рэгулярна іх паўтараць. Ганна Красуліна кажа, што ў офісе Ціханоўскай зрабілі высновы з гісторыі з літвінізмам.
Фото: ASMENINIO ALBUMO NUOTR
Краіна прыняла беларусаў і вельмі хутка арганізавала дапамогу, калі нам гэта было неабходна, – адзначае Красуліна. – Мы цудоўна разумеем, што Літва – наш стратэгічны партнёр і саюзнік будучай Беларусі. Мы паважаем незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Літвы. Магчыма, мы недастаткова часта гэта казалі, але гэта сапраўды так, і мы гатовы паўтараць».
Акрамя таго, па словах Красулінай, усё большая колькасць беларусаў у Літве пачынае вывучаць літоўскую мову – і ў знак павагі да літоўцаў, і для лепшага ўзаемаразумення. Магчыма, што намаганні дапамогуць згладзіць напружанне ў літоўскім грамадстве, заклапочаным рэзкім наплывам мігрантаў.
«Нам бы не хацелася, каб штучна раздзіманая праблема «літвінізму», пра якую большасць беларусаў і не ведала да апошняга часу, разыгрывалася за кошт антыэмігранцкіх настрояў», – дадае Красуліна. Віціс Юрконіс прапануе пачаць дыялог з беларускімі гісторыкамі ў выгнанні ўжо цяпер, з ім згодная і Ганна Красуліна. Але ў цэлым апытаныя Delfi эксперты сыходзяцца ў меркаванні: галоўныя дыскусіі аб агульным мінулым і будучыні пачнуцца тады, калі Беларусь перастане быць заходнім фарпостам Расіі, а стане дэмакратычнай дзяржавай.
Чытайце яшчэ:
«У нейкай ступені і культ Ф. Скарыны можна прачытаць як «літвінізм...» Палітолаг Андрэй Казакевіч пра дыскусію аб «літвінізме»