8-га жніўня не стала найстарэйшай нашай пісьменніцы Алены Сымонаўны Васілевіч, паведамляе lit-bel.org.
Алена Васілевіч нарадзілася ў вёсцы Ліпнікі Слуцкага раёна 22 снежня 1922 года. Бацькі памерлі рана. Гадавалася ў дзядзькі, а пасля ў стрыечнай сястры. Скончыла сямігодку ў мястэчку Урэчча. Вучылася ў Слуцкім педагагічным вучылішчы, а пасля двух курсаў паехала ў Рагачоў, скончыўшы там у 1941 годзе літаратурны факультэт настаўніцкага інстытута. У часы вайны працавала бібліятэкаркай і пісарам вайсковай часці. У 1944 годзе паступіла на філалагічны факультэт БДУ, які скончыла ў 1946 годзе, і пераехала ў Курск да мужа. Там працавала літкансультантам у мясцовым выдавецтве. У Мінску жыла з 1950 года. Дваццаць два гады загадвала аддзелам культуры папулярнага і шматтыражнага па тым часе часопіса «Работніца і сялянка». Пасля працавала ў рэдакцыях дзіцячай літаратуры ў выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». Напісала і выдала не так многа кніжак, але большасць з іх былі адметнымі і запатрабаванымі маладой чытацкай аўдыторыяй. Асабліва любімая школьнікамі хрэстаматыйная тэтралогія «Пачакай, затрымайся...» (1966–1972), у якую ўвайшлі аўтабіяграфічныя аповесці «Расці, Ганька», «Доля знойдзе цябе», «Новы свет» і «Пачакай, затрымайся...». За гэты выбітны і ўжо даўно класічны твор Алена Васілевіч атрымала Дзяржаўную прэмію БССР (1976). У 1977 годзе ёй было нададзена званне Заслужанага работніка культуры. Апроч згаданай тут тэтралогіі можна вылучыць такія выданні пісьменніцы, як «Выбраныя творы» (у трох тамах, 1983), «Люблю, хвалююся — жыву...» (1986), «Элегія» (1988), «Першая жонка нябожчыка» (2002), «Выбраныя творы» («Беларускі кнігазбор», 2010).