У цэнтры Мінска паставяць памятны знак з макетам Мінскага замчышча

01.12.2023 Гісторыя

Мінгарвыканкам аб’явіў конкурс эскізных праектаў памятнага знака «Макет «Мінскае замчышча». Устаноўка гэтай скульптурнай кампазіцыі — адно з мерапрыемстваў музеефікацыі помнікаў археалогіі гістарычнага цэнтра сталіцы. Размесціцца яна на беразе ракі Свіслач каля будынка па праспекце Пераможцаў, 2.


макет Менскага замчышча

Адна з версій макета Мінскага замчышча.  Фотаvivascalemodels.com

«Памятны знак павінен змяшчаць аб’ёмныя і рэльефныя выявы асноўных элементаў мясцовасці, пабудоў, абарончых збудаванняў, мастоў, дарог, людзей, жывёл і інш. За аснову ўзяты гістарычны перыяд XII–XIII стагоддзяў, а для вырабу прапануецца выкарыстоўваць метал, ліццё з бронзы, граніт», паведамляе БелТА.

Арганізатары конкурсу разлічваюць знайсці найбольш выразнае вобразнае рашэнне, якое дазволіць наглядна паказаць, як выглядаў старажытны горад.

Арганізатарам конкурсу выступае Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт (упраўленне культуры), заказчыкам — КУП «Мінская спадчына». Да яго ўдзелу запрашаюцца аўтарскія калектывы скульптараў, архітэктараў, мастакоў і іншых спецыялістаў.

Заяўкі прымаюцца да 15 снежня ўключна, конкурсныя матэрыялы — не пазней за 15 лютага 2024 года.

Для таго каб пазбегнуць папрокаў у гістарычнай недакладнасці, НАН Беларусі падрыхтавала свае прапановы на аснове аналізу наяўных даных па Мінскаму замчышчу.

Макеты старажытных гарадоў, забудоў служаць візуалізацыі страчанай гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны. Падобныя рэканструкцыі засноўваюцца на аўтэнтычных дакументах, часцяком з метрычнымі апісаннямі, планамі, чарцяжамі перыяду Сярэднявечча — Новага часу.

У дачыненні ж да Мінска, як адзначаюць навукоўцы, на жаль, такія адсутнічаюць. Першыя планы адносяцца да канца XVIII стагоддзя, пасля яго ўваходжання ў склад Расійскай імперыі. Таму гісторыкі звяртаюць увагу на тое, што макет Мінскага замчышча і навакольнай яго тэрыторыі будзе нейкім зборным чынам летапіснага замчышча і пасадаў. Спатрэбіцца шырокае прыцягненне аналогій для візуальнага афармлення асобных элементаў.