Купалаўскі тэатр пакажа легендарную «Паўлінку» у Лідскім замку

21.07.2020 Тэатр

У рамках святкавання 100-га сезона і адмыслова ў рамках праекту «Ліда — культурная сталіца Беларусі» Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пакажа славутую «Паўлінку». Паказ адбудзецца ў завяршэнні 100-га сезона Купалаўскага тэатра 31 ліпеня 2020 года ў Лідскім замку. Яскравы, насычаны і запамінальны 100-ы юбілейны сезон Купалаўскага тэатра скончыцца на значнай ноце. У завяршаючы вечар спектаклі Купалаўскага тэатра пройдуць адразу ў дзвюх гарадах Беларусі: у Мінску на Камернай сцэне пакажуць кранальную «Зямлю Эльзы», а ў Лідзе — сапраўдны сімвал тэатра «Паўлінку».


Легендарны спектакль «Паўлінка», які з’яўляецца неад’емнай часткай рэпертуару Купалаўскага тэатра з 1944 года, завітае да жыхароў Ліды як шчыры падарунак на Дзень горада ад купалаўцаў. Найстарэйшы спектакль тэатра карыстаецца вялікай любоўю гледачоў і за доўгія гады свайго існавання ператварыўся ў сапраўдную візітоўку, сімвал Купалаўскай сцэны. Сакрэт такога ўнікальнага поспеху — у спалучэнні яскравых народных характараў, цікавага сюжэту, народных песень і танцаў, мілагучнай мовы класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы і выдатнага майстэрства выканаўцаў.


«Паўлінка» Л. Літвінава на працягу дзесяцігоддзяў з’яўляецца візітоўкай Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Што тычыцца пакаленняў артыстаў, нават у ролі самой Паўлінкі выступілі ўжо больш за 10 артыстак, некаторыя з якіх выконвалі ролю на працягу многіх сезонаў і, захоўваючы традыцыйны малюнак ролі, стварылі адметныя характары: як кажуць, у кожнага пакалення гледачоў — свая Паўлінка. Напрыканцы 2019 года «Паўлінка» была ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Купалаўскі тэатр шчыра запрашае жыхароў Ліды і гасцей горада на паказ аднаго з самых знакамітых спектакляў Беларусі ў гістарычным месцы — Лідскім замку. Паказ можна наведаць бясплатна.

Паводле прэс-рэлізу