Памяць паўстанцаў Каліноўскага ўшанавалі ў Гародні ўскладаннем кветак да шыльды, прымацаванай да будынка чыгуначнага вакзала.
Саму шыльду зрабілі ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя гарадзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў і каваль Юрась Мацко. На сённяшні дзень гэта адзіны напамін гарадзенцам пра падзеі 1863 года.
Пра тыя падзеі расказвае гарадзенскі краязнаўца Уладзімір Хільмановіч: “Увечары 14 сакавіка 1863 года больш за сотню паўстанцаў Каліноўскага спрабавалі прарвацца з чыгуначнага вакзала ў бок вёскі Парэчча. Аднак іх напаткала здрада, вагоны былі адчэпленыя, і ім давялося прарывацца з боем. Толькі дзясятку ўдалося прарвацца, а на астатніх пачалося паляванне па ўсёй Гародні. У дачыненні да тых, каго схапілі, былі ўжытыя катаванні, звальненні з працы і гэтак далей”.
Уладзімір Хільмановіч таксама нагадаў, што апроч шыльды на чыгуначным вакзале ў Гародні яшчэ з савецкіх часоў ёсць вуліца Каліноўскага, аднак яна ніяк не звязаная з месцамі дзе дзейнічаў Кастусь Каліноўскі. Апроч гэтага, яшчэ ў 2004 годзе жыхары горада сабралі каля 2000 подпісаў, каб перайменаваць плошчу Леніна ў плошчу Каліноўскага. Аднак адказу няма. Улады горада зацвердзілі месца, дзе павінен стаяць помнік Каліноўскаму, але помніка няма да гэтага часу.
Тэгі: Горадня