Прэм’ера «Пінскай шляхты» Дуніна-Марцінкевіча ў пастаноўцы беларускага рэжысёра Мікалая Пінігіна адбудзецца на сцэне варшаўскага тэатра «Рампа» 30 верасня.
Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Міністэрства культуры Беларусі Святлана Шыцікава.
Спектакль у пастаноўцы Мікалая Пінігіна стане рэпертуарным, у ім будуць іграць польскія акцёры, а галоўную ролю выканае заслужаны артыст Беларусі Віктар Манаеў.
Мастак-пастаноўшчык — Вольга Мацкевіч, кампазітар — Мікалай Зубрыч. Праект рэалізаваны пры падтрымцы міністэрстваў культуры Беларусі і Польшчы.
За некалькі дзён да прэм’еры Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пакажа на сцэне тэатра «Рампа» свой варыянт спектакля «Пінская шляхта» — той, што ідзе на беларускай сцэне.
У далейшым плануецца творчы абмен паміж Беларуссю і Польшчай: акцёры Купалаўскага тэатра будуць іграць у дэкарацыях тэатра «Рампа», а польскія акцёры — на сцэне і ў дэкарацыях Купалаўскага тэатра.
Як адзначыла Святлана Шыцікава, гэта ўжо не першы польска-беларускі тэатральны праект. Яркім прыкладам творчага супрацоўніцтва дзвюх краін можа служыць работа знакамітага польскага рэжысёра Кшыштафа Занусі з беларускімі акцёрамі, якія сыгралі ў міжнародным тэатральным праекце пад назвай «Дзева і Смерць» па п’есе Арыэля Дорфмана. Беларускія тэатралы мелі магчымасць атрымаць асалоду ад спектакля 21 верасня ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага.
Будуць развівацца беларуска-польскія адносіны і ў сферы кінамастацтва. Перспектывы такога супрацоўніцтва абмеркавалі нядаўна на сустрэчы міністр культуры Беларусі Павел Латушка і сусветна вядомы рэжысёр Кшыштаф Занусі.