Гурт Poniemnie ўтварыўся ў 2022 г. на факультэце навук аб культуры і мастацтве Варшаўскага ўніверсітэта, спявае на панямонскіх дыялектах беларускай і польскай мовы. У чэрвені 2022 г. гурт стаў лаўрэатам конкурсу Stara Tradycja, a нядаўна выпусціў дыск. Мы пагутарылі з натхняльніцай праекта Настай Някрасавай і з некаторымі ўдзельнікамі, каб даведацца, чаму палякі цікавяцца беларускай музыкай.
Гурт Poniemnie. Фатограф: Krzysztof Sójka
Этнамузыколаг Наста Някрасава скончыла педагагічны ўніверсітэт у Мінску і Інстытут музыкалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Хаця сама яна родам з Палесся, для палявых даследаванняў абрала Панямонне. З 2013 г. Наста штогод ездзіць на Гродзеншчыну, а з 2019-га ў фармаце анлайн падтрымлівае сувязь з выканаўцамі і мясцовымі асяродкамі культуры. Эфект сваёй працы даследчыца прэзентуе на міжнародных канферэнцыях, у навуковых артыкулах, у рамках адукацыйных і артыстычных праектаў (больш даведацца пра Панямонне можна, напрыклад, тут). Як выкладчыца ў Інстытуце музыкалогіі Наста Някрасава праводзіць аўтарскія курсы па традыцыйных тэхніках спеваў. У 2022 годзе яна вяла курс «Песні Панямоння», у якім удзельнічалі студэнты розных факультэтаў Варшаўскага ўніверсітэта. Сёння некаторыя з іх ужо выпускнікі, але працягваюць спяваць у гурце Poniemnie, які ўтварыўся на занятках.
Наста Някрасава. Фатограф: Jagoda Tonderys
Наста расказвае: «У рамках курса студэнты шмат слухаюць палявых аўдыязапісаў, музычных прыкладаў, узятых з альбомаў беларускіх і польскіх выдавецтваў, робяць свае першыя ў жыцці транскрыпцыі, урэшце — спяваюць традыцыйныя песні. Нярэдка мы разам выконваем працу па рэканструкцыі мелодыі ці тэксту канкрэтнай песні, бо палявы запіс мог быць няпоўны, альбо выканаўца быў «не ў форме». У пошукаў найлепшага рашэння выкарыстоўваем шматлікія крыніцы — зборнікі музычнага фальклору суседніх рэгіёнаў (Падляшша і Сувальшчыны), аўтарскія апрацоўкі, базы даных па фальклоры, аўдыя- і відэавыданні. Істотна, што толькі падчас практычнага выканання музыкі можна праверыць і лепей зразумець некаторыя тэарэтычныя пабудовы. І наадварот — пэўныя тэарэтычныя мадэлі і высновы вынікаюць з практыкі. А сутнасць і эфекты, якія дае супольны спеў, дагэтуль застаюцца ў сферы зацікаўленасці і тэарэтыкаў, і практыкаў».
Вокладка дыска гурта Poniemnie
Мы спыталі некаторых удзельнікаў гурта Poniemnie, чаму ім цікава выконваць традыцыйную музыку, запісаную на тэрыторыі Беларусі. Даведаліся таксама пра іх папярэдні музычны вопыт. Вось што нам адказалі.
Анна Данілюк: «Я выпускніца факультэта фізікі, цяпер выкладаю ў дзвюх школах. На факультэце ёсць свой хор, я дасюль там спяваю. У дзяцінстве таксама спявала ў хоры. Мяне зацікавіў рэгіён Панямонне, бо там жывуць і беларусы, і палякі, і літоўцы. Польскамоўныя песні адтуль — з беларускім акцэнтам, а беларускамоўныя — з польскім. Ёсць таксама запісы песень па-літоўску. Спадзяюся, іх мы таксама калі-небудзь вывучым. Мне здаецца, на Панямонні ўсе мовы перамешваюцца, і гэта цудоўна! Моўная сітуацыя там падобная да маіх родных мясцінаў. Я з Паўднёвага Падляшша і асабліва не чула там беларускай гаворкі, але калі ездзіла на поўнач нашага рэгіёна, то часам не магла зразумець мясцовых песень. Там большы ўплыў беларускай мовы, і мне ўжо было цяжка. У нас пад Бялай Падляскай засталіся толькі асобныя словы на мясцовай гаворцы. Пакуль расцеш, гэтага не заўважаеш. А калі я прыехала вучыцца ў Варшаву, мне казалі, што я размаўляю «троху па-іншаму».
Дыск гурта Poniemnie
Антаніна Шчэнсны: «Я вучуся ў магістратуры па сацыялогіі. Частка маёй сям’і паходзіць з цяперашняй тэрыторыі Беларусі: бабуля нарадзілася недалёка ад Мерачоўшчыны, сёння гэта Івацэвіцкі раён. Усю сям’ю каля 1945/46 г. рэпатрыявалі на Вармію (рэгіён на паўночным усходзе Польшчы — рэд.). Бацькі бабулі размаўлялі з выразным усходнім акцэнтам. Аказалася, што адну з песень, якія мы выконваем, мая бабуля ведае з дзяцінства. Сямейная гісторыя была адной з прычын майго ўдзелу ў занятках «Песні Панямоння». Акрамя таго, у мяне ёсць сябры з Беларусі і Украіны.
Я скончыла музычную школу па класе флейты. Пэўны час хадзіла на майстар-класы па «белым спеве» (так у Польшчы называюць манеру гуказдабычы ў традыцыйных песнях — рэд.) у сваім ліцэі, але перад заняткамі «Песні Панямоння» быў вялікі перапынак. Пра традыцыйную музыку ў мяне былі толькі базавыя веды са школы, а пра музыку Панямоння да заняткаў Насты Някрасавай я ўвогуле нічога не ведала. Да нядаўняга часу я спявала з уласным гуртом, у стылістыцы, якая спалучала элементы папулярнай музыкі, джазу, індзі-фолку, фолк-року і класічнага року. Я таксама з задавальненнем выконваю рэпертуар з мюзіклаў і маю вялікі вопыт спявання ў хоры.
З песень Панямоння мяне найбольш цікавяць шматгалосныя і тыя, якія звязаны з побытам ці гадавым колам. Мне таксама цікава было даведацца пра абставіны выканання асобных песень і пра адрозненні ў выкананні, якія вынікаюць, напрыклад, з месца запісу (у межах Панямоння), ці з прызначэння песень».
Эміль Ласоха: «Я матэматык, вучуся на другім курсе. Паходжу з Замосця пад Люблінам, гэта досыць блізка да Украіны. Маю вясковыя карані, таму традыцыйная музыка для мяне не чужая. Дванаццаць год хадзіў у музычную школу па класе фартэпіяна, восем год спяваў у хоры. Сярод агульнаўніверсітэцкіх прадметаў я шукаў звязаныя з музыкай: мне хацелася займацца чымсьці акрамя таго, што я раблю кожны дзень. Заняткі «Песні Панямоння» парэкамендаваў мне сябар, таксама матэматык, які паралельна вывучаў музыкалогію (студэнты даволі часта навучаюцца адначасова на двух факультэтах — рэд.). Я запісаўся (у Варшаўскім універсітэце шмат неабавязковых прадметаў, на якія студэнты запісваюцца самастойна з дапамогай электроннай сістэмы, пакуль не скончацца вольныя месцы — рэд.). Запісацца было нялёгка, шмат ахвочых. Месцы вельмі хутка скончыліся. Мне падабаецца «ўсходняе» гучанне, і Панямонне для мяне было адным з рэгіёнаў, дзе выконваюць такія песні».
Гурт Poniemnie. Фатограф: Jagoda Tonderys
Зузанна Балікоўска: «Я вывучаю сацыялогію і сацыяльную антрапалогію ў магістратуры Інстытута прыкладных сацыяльных навук. Спяваю з дзяцінства, хадзіла ў музычную школу, але сур’ёзных заняткаў вакалам ніколі не мела. У мяне было шмат бар’ераў, якія традыцыйныя спевы дазваляюць пераадолець. Напрыклад, гучны спеў, плынь паветра і тое, як усё цела рэзануе, калі спяваеш. Я ўвесь час вучуся. Спяваю таксама аўтарскія песні пад псеўданімам Zu Blus, у асноўным індзі-поп/рок-кампазіцыі і балады. Гэта адрозная ад традыцыйных спеваў тэхніка, таму выкарыстанне абедзвюх — для мяне выклік. Пасля далучэння да гурта Poniemnie я пачала чэрпаць больш натхнення ў народнай музыцы.
У матэрыялах з Панямоння мяне перш за ўсё цікавіць, як шмат культур пераплятаецца ў гэтай мясцовасці і як яны ўплываюць адна на адну. На занятках для мяне адбылася першая блізкая сустрэча з Усходам і памежжам, да таго я ведала толькі нешта з кніг і масавай культуры».
Барбара Кусіньска: «Я выпускніца факультэта біялогіі. Пры нашым універсітэце дзейнічае некалькі акадэмічных хораў, але гурта, дзе можна было б спяваць традыцыйныя песні, не было. І вось я пабачыла сярод агульнаўніверсітэцкіх заняткаў «Песні Панямоння», запісалася, уцягнулася і засталася. Спяваю яшчэ ўкраінскія традыцыйныя песні ў гурце «Морэ». Вялікая частка нашага рэпертуару з Палесся, але не толькі, з розных рэгіёнаў Украіны. Мая бабуля — полька з-пад Львова.
З 2018 г. я ўдзельнічаю ў летніх школах традыцыйнай музыкі, якія арганізуе люблінскі фонд «Музыка Крэсаў». Для мяне панямонскі рэпертуар быў цікавы, бо я ўжо ведала, што спяваюць на польскім Падляшшы, украінскім Палессі, а Беларусь заставалася белай плямай».
Гурт Poniemnie ў студыі гуказапісу. Фатограф: Наста Някрасава
Эдыта Баяноўска: «Я выпускніца, вучылася адразу па дзвюх спецыяльнасцях: філасофія і багемістыка. Не маю музычнай адукацыі, не граю на музычных інструментах. Раней займалася традыцыйнымі танцамі, удзельнічала ў імпрэзах Дома танца (няўрадавая арганізацыя, пра яе дзейнасць мы пісалі тут — рэд.), у фестывалі Wszystkie Mazurki Świata. Некалькі год таму спявала ў міжуніверсітэцкім хоры.
Калі я пабачыла курс «Песні Панямоння» ў спісе агульнаўніверсітэцкіх прадметаў, то вельмі ўзрадавалася, бо мне не хапала практычных заняткаў. Яшчэ я сумавала па музыцы. Мне здаецца, што ў чалавека без спецыяльнай адукацыі ўвогуле няшмат магчымасцей займацца музыкай, а традыцыйныя спевы гэта дазваляюць. На занятках Насты Някрасавай я ўпершыню мела кантакт з традыцыйнай музыкай як спявачка.
Рэгіён Панямонне малавядомы і сярод этнамузыколагаў, і сярод аматараў. Ён вельмі мяне захапіў. Я мару паехаць на Панямонне. Таксама істотнай для мяне была мова, на якой там спяваюць. Мяне цікавяць славянскія мовы, акрамя польскай я размаўляю па-чэшску. Мне падабаюцца мяккія фарбы беларушчыны. Вельмі цешыць, што на занятках мы працуем над правільным вымаўленнем гукаў. Мы разам перакладаем тэксты песень, і гэта мне таксама вельмі цікава рабіць, хаця я і разумею арыгіналы. У гэтым дапамагае веданне іншых славянскіх моў: я бачу сувязі між беларускай і чэшскай. Я б хацела вывучыць беларускую мову».
Гурт Poniemnie падчас канцэрта-заліку. Фатограф: Jagoda Tonderys
На 14 красавіка запланавана прэзентацыя дыска. У красавіку таксама адбудзецца вялікі канцэрт гурта Poniemnie на фестывалі Wszystkie Mazurki Świata. Сачыць за навінамі можна тут.
Гурт Poniemnie. Фатограф: Jagoda Tonderys
Алена Ляшкевіч, budzma.org
Фота і відэа з архіва гурта Poniemnie