Кнігу «Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць» прэзентавалі ў НББ

13.10.2021 Культура

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прэзентавалі кнігу пра багацце архітэктуры вадзяных млыноў Францішка Жылкі «Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць», паведамляе «Радыё Рацыя».


7_1633.jpg

У выданні адлюстравана гісторыя мукамольнай справы Беларусі, праілюстраваная амаль 500 даўнімі і сучаснымі фатаграфіямі. Апісаны цікавыя тэхнічныя і гістарычныя дэталі, а таксама выкарыстаны матэрыялы з успамінаў нашчадкаў беларускіх млынароў.

Францішак Жылка склаў фотатэку здымкаў пачатку ХХІ стагоддзя, на якіх зафіксавана багацце архітэктуры вадзяных млыноў, іх гарманічнае спалучэнне з навакольным асяроддзем. «Гэта кніга краязнаўчая, таму там усё рэалістычна. Я ставіў перад сабой мэту апісаць стан старога млынарства на пачатак ХХІ стагоддзя», — падкрэсліў аўтар выдання.

Кніга будзе карысная краязнаўцам-даследчыкам у справе вывучэння і абнаўлення мясцовых млыноў, а таксама экскурсаводам і нават турыстычным фірмам.

Францішак Жылка — ураджэнец Смаргонскага раёна, мецэнат, даследчык-краязнавец, аўтар кнігі «Вілія вачыма вандроўніка: краязнаўчыя нарысы» (2012), складальнік выдання «Мае ўспаміны» (2018).

«Радыё Рацыя»