«Беларускі жаночы фонд», які падтрымлівае палітзняволеных жанчын у Беларусі, разам з мастачкай з Шатландыі Карыс Іў Найт запускае сумесны праект «Голас жанчын/ Мой крок да свабоды», піша «Новы Час».
Мэта праекта — даць магчымасць беларускім жанчынам расказаць пра сябе на мове вобразаў і фарбаў, тым самым зрабіць іх гісторыі зразумелымі і блізкімі жанчынам ва ўсім свеце.
«Мы верым, што гісторыя кожнай жанчыны ўнікальная і вартая быць пачутай мільёнамі. Часцяком культурныя, моўныя, палітычныя адрозненні становяцца тымі перашкодамі, якія аддаляюць жанчын адна ад адной», — кажуць арганізатары.
Мастачка Карыс Іў Найт вырашыла дапамагчы жанчынам з гэтым.
Перад тым, як прыступіць да працы над карцінай, Карыс сустракаецца з гераіняй, каб разам з ёй абмеркаваць радасныя імгненні яе жыцця. Нават калі гераіня знаходзіцца ў дэпрэсіі і бывае вельмі складана ўспомніць пра іншую частку свайго жыцця, прагаворванне траўмы можа дапамагчы.
«Каб не застацца ў траўме назаўжды, важна сабраць па крупінках усё светлае, што было ў тваім жыцці і дзеля чаго варта жыць. Карыс малюе партрэты жанчын, якія ідуць па гэтай дарозе да святла і радасці, усё далей аддаляючыся ад болю і траўмы», — расказваюць аўтары праекта.
Між тым першая карціна ўжо гатовая, яе Карыс малявала ў адной з лонданскіх кавярняў.