Калядны час — гэта час для цудаў і новых магчымасцяў. Таму мы ствараем Жаночую інавацыйную сетку — WIN2BY — і запрашаем усіх беларусак незалежна ад месцазнаходжання далучыцца да яе.
WIN2BY дапаможа раскрыць напоўніцу свой прадпрымальніцкі патэнцыял, знайсці новую цікавую працу альбо адчуць натхненне, каб распачаць уласную справу. І ў выніку — спрычыніцца да стварэння сяброўскай супольнасці, дзе можна будзе знайсці аднадумцаў, партнёраў, падзяліцца сваімі навыкамі і досведам.
У межах праекта будуць арганізаваныя навучальныя семінары, трэнінгі і індывідуальныя кансультацыі па актуальных пытаннях працаўладкавання і развіцця ўласнага бізнесу як у Беларусі, так і за яе межамі. Усе сустрэчы будуць адбывацца анлайн, таму вы зможаце далучыцца з любой кропкі.
Разам з замежнымі і беларускімі экспертамі вы даведаецеся пра тэндэнцыі рынку працы, навучыцеся эфектыўна складаць рэзюмэ і карыстацца адмысловымі онлайн-пляцоўкамі для яго прасоўвання, пазнаёміцеся з юрыдычнымі нюансамі працаўладкавання ў Беларусі і ў суседніх краінах.
Жаночая інавацыйна сетка для беларусак — гэта новыя магчымасці для самаразвіцця і самарэалізацыі. Актуальна?
Рэгістрацыя тут. Заяўкі прымаюцца да 16 студзеня 2022 года ўключна.
Удзел у праекце бясплатны — для ўсіх беларусак у Беларусі і па-за яе межамі.
Ёсць пытанні? Пішыце на win2belarus@gmail.com, а таксама далучайцеся да старонкі ў Facebook.
Створым жаночую інавацыйную сетку разам!
Праект «Жаночая інавацыйная сетка для беларусак» (WIN2BY) — частка міжнароднага праекта Women Innovation Network, які аб’ядноўвае жанчын у прафесійную супольнасць і дапамагае знайсці сваё месца на рынку працы. Дзякуючы працы праекта ва Украіне і Грузіі, больш за 200 украінскіх і грузінскіх жанчын атрымалі дапамогу ў працаўладкаванні і неабходныя веды для павышэння сваёй канкурэнтназдольнасці на рынку працы.
Ажыццяўляецца фондам Ignatianum у супрацоўніцтве з Ініцыятыўнай групай «Бацькаўшчына» з Літвы.