Цырымонія развітання з дачкой пісьменніка Алеся Адамовіча Наталляй Адамовіч адбудзецца сёння, 9 верасня, а 12‑й у рытуальным доме ў Мінску (Кульман, 33а), піша «Наша Ніва» са спасылкай на інстаграм-канал, прысвечаны Алесю Адамовічу.
Пахаванне пачнецца а 15‑й гадзіне на могілках у пасёлку Глуша Бабруйскага раёну. Там жа, дзе пахаваныя бацькі Алесь і Вера Адамовічы, а таксама іншыя сваякі.
Наталля Адамовіч памерла ў панядзелак, 7 верасня.
Шмат гадоў яна працавала ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Пасля смерці бацькі яна захоўвала і вывучала яго сямейны архіў, дапамагала публікаваць лісты і запісныя кніжкі пісьменніка, удзельнічала ў падрыхтоўцы новых выданняў яго твораў.