Кожны ранак для вас як пакаранне? Немагчыма прымусіць сябе расплюшчыць вочы і вылезці з-пад коўдры? Ставіце будзільнік, пасля перастаўляеце, уключаеце паўзы, дзесяціхвілінныя пераносы і ў выніку адчуваеце сябе зранку зомбі?
У гэтым артыкуле мы прапануем 5 крокаў да таго, каб ваш ранак стаў лёгкім, бадзёрым і прыемным. Бо як ранак сустрэнеш, так правядзеш увесь дзень.
1. Заводзім унутраны будзільнік
Вельмі часта прачнуцца нам перашкаджае ўпэўненасць у тым, што гэта складана... Насамрэч падняцца зранку, нават калі вы лічыце сябе стапрацэнтнай «савой», не так складана. Вядома, пры ўмове, што ў вас няма хранічнага недасыпу. Першае, на што трэба звярнуць увагу, — на якой фазе сну вы прачынаецеся. Каб лёгка прачнуцца і быць бадзёрым, гэта мусіць быць фаза хуткага сну. Дэтальна яе можна вылічыць з дапамогай спецыяльных праграм (накшталт Sleep Cycle) альбо гаджэтаў (aura rings ці больш звыклыя фітнэс-бранзалеты). Агульнае правіла такое: час вашага сну мусіць быць кратным 90 хвілінам — цыкл павольнага і хуткага сну.
Калі вы вызначыліся, а якой гадзіне будзеце паднімацца, завядзіце «ўнутраны» будзільнік. То бок падрыхтуйце свой арганізм да таго, што яму трэба будзе прачнуцца. Гэта можна зрабіць наступным чынам: заплюшчыце вочы і ўявіце сабе цыферблат, на якім паказаны час вашага пад’ёму. Спачатку — здалёк. І няхай гэты цыферблат паступова набліжаецца да вас. Бліжэй, бліжэй, пакуль не стане настолькі вялікім, што перакрые вам увесь гарызонт. На гэтым пікавым моманце расплюшчыце вочы, схамяніцеся. Спачатку гэтае практыкаванне варта паўтарыць 3-5 разоў. Пасля будзе дастаткова і аднаго.
Галава не хоча думаць: як ёй дапамагчы?
Яшчэ адзін спосаб «завесці» свой унутраны будзільнік: зноў уяўляем цыферблат з тым часам, калі вы хочаце прачнуцца, але без адной хвіліны. І гадзіннікавую стрэлку, якая ідзе да гадзіны Х. Як толькі стрэлка дасягне свайго месца, уявіце гук, які выдае каменьчык, які падае ў ваду — «бульк».
Калі вы навучыцеся ў дастатковай меры засяроджвацца на любым з гэтых практыкаванняў, будзільнік на смартфоне вам будзе без патрэбы — вочы будуць аўтаматычна расплюшчвацца ў вызначаны час. Паспрабуйце! Можаце паставіць унутраны будзільнік на 5 хвілін раней за электронны, калі баіцеся праспаць.
2. Абуджаем мозг
Вучоныя-самнолагі кажуць, што нам цяжка прачнуцца ў першыя 9 хвілін. Калі вытрымаць іх — у ложак вяртацца больш не захочацца. Але часам хапае і дзвюх хвілін, каб зноў заснуць.
Калі вы хочаце падымацца хутка і не нагадваць зомбі, то прыбярыце ўсе дадатковыя і «адкладзеныя» будзільнікі. Каб не было спакусы адным рухам пальца паставіць паўторны гукавы сігнал праз 10 хвілін — кладзіце свой гаджэт так далёка, каб па яго давялося падняцца. Па дарозе да будзільніка рассуньце фіранкі альбо ўключыце святло — як толькі знікае цемра, арганізм перастае выпрацоўваць «сонны» гармон.
Як з’есці «слана»?
Каля будзільніка пастаўце звечара кубачак з вадой — зранку папоўніце свой водны баланс і дадасце сабе энергіі. Асабліва калі кубак будзе вашым любімым. Піце не спяшаючыся, свядома. То бок не проста глытайце ваду, а «напаўняйце» сябе свежасцю, бадзёрасцю і сіламі на ўвесь дзень. Думайце пра карысць вады, пра тое, якія цуды і прыемныя сюрпрызы можа падарыць вам новы дзень. Пасля можна палюбавацца відам за акном, па магчымасці — адчыніць фортку і глыбока падыхаць свежым паветрам. Завяршыць ранішні рытуал можна запарваннем любімай гарбаты альбо кавы.
3. Абуджаем цела
Галава ўжо прачнулася, адэкватна ўспрымае навакольны свет і гатовая да рашэння новых задач, але цела ўсё яшчэ кволае і просіцца пад коўдру? Выконваем любыя фізічныя практыкаванні. Тут ужо кожны абірае тое, да чаго ляжыць сэрца. Важна! Не трэба зранку заганяць сябе.
Практыкаванні мусяць быць лёгкімі і прыемнымі. Гэта можа быць ёга, плаванне, прабежка, практыкаванні на дыханне, просты «набор» з прысяданняў і адцісканняў. А калі вы любіце музыку, ранішні энергічны танец пад любімую мелодыю — тое, што трэба!
4. Рыхтуемся з вечара
Вельмі часта арганізм не хоча падымацца не праз тое, што недаспаў. Прычынай могуць стаць руцінныя і нецікавыя справы: папрасаваць адзенне, прыгатаваць сняданак (калі вы не аматар гатоўкі), сабраць «ссабойку» і г. д.
Уладкоўваем сваё жыццё: 4 крокі
Паспрабуйце зрабіць усё па максімуме звечара. А на ранак пакіньце і заплануйце штосьці прыемнае. Напрыклад, 20 хвілін пачытаць любімую кнігу альбо пазаймацца сваім хобі. Паліць кветкі, памедытаваць, паслухаць музыку альбо цікавы падкаст. Пакіньце ранішнія 15-20 хвілін для прыемнага занятку, і вы пабачыце, наколькі прасцей стане прачынацца.
Можна таксама звечара прыгатаваць штосьці смачнае, каб быў стымул хутчэй прачнуцца і з’есці свой сняданак.
5. Камунікуем
Калі вы цалкам прачнуліся, варта пра гэта паведаміць «усяму свету». Пачынаем камунікацыі. Толькі памятайце, што зранку яны мусяць быць выключна пазітыўнымі.
Таму не варта проста з ложка адпісвацца ў сацсетках ці рабіць працоўныя сазвоны. Не варта чытаць і абмяркоўваць апошнія навіны. Лепш паабдымацца з любімым чалавекам, расказаць яму, які ён для вас харошы. Альбо падурэць з дзецьмі (гэта і ім дапаможа пачынаць свой ранак з усмешкі).
Таймінг штодня: як паспяваць больш?
Калі ў вас ёсць хатні гадаванец, ідэальным будзе прысвяціць 10 хвілін яму: паціскаць коціка, паганяцца за сабакам, паназіраць за рыбкамі, паразмаўляць з папугайчыкам. Тут галоўнае правіла — атрымаць максімальную асалоду і задавальненне ад першай у новым дні камунікацыі.
Пачынайце свой дзень з усмешкі — і дзень прынясе вам сапраўдныя цуды!
Вікторыя Лебедзева, budzma.by