У пятніцу, 29 жніўня, у Беластоку адбудзецца гала-канцэрт рэзідэнтаў «Беластоцкага музычнага клуба» (БМК). Гэта звязана з закрыццём канцэртнай кропкі, а таксама пачаткам новага канцэртнага сезона. Пра прычыны закрыцця сцэны і планы на будучыню Budzma. org паразмаўляў з лідарам гуртоў Kurwadziki і «Всё_CRAZY» і сузаснавальнікам БМК Антонам Сіроціным.
Антон Сіроцін
Сцэна, на якой БМК арганізоўваў канцэрты, закрываецца з-за фінансавых прычын. «Мы проста не можам за кошт канцэртаў плаціць арэнду», — сказаў Антон. На яго думку, такая сітуацыя «даволі нармалёвая».
«Большасць арганізатараў канцэртаў не трымаюць сваёй асабістай [канцэртнай — Budzma. org] кропкі, а займаюцца арганізацыяй па розных клубах свайго горада. Таму мы вырашылі перайсці на гэты фармат. Бо даволі складана штомесяц выплачваць арэнду. Можа, яна не такая вялікая, як у Варшаве ці Кракаве, але для Беластока гэта даволі істотныя грошы, і са сваёй кішэні іх не заўсёды заплаціш», — распавёў музыка.
Сцэна БМК размяшчалася ў беластоцкім бары Beer4you, які працягне працаваць, але ўжо без вялікай сцэны. Паводле слоў сузаснавальніка БМК, большасць падобных клубаў існуе за кошт бара, у якім размяшчаецца сцэна.
Антон Сіроцін
«А свайго бара ў нас, зразумела, не было, таму што гэта не наш бар. То-бок закрываецца толькі пляцоўка са сцэнай, а сам бар працягвае існаваць».
З уладальнікамі бара арганізатары БМК захоўваюць добрыя стасункі. Таму не выключаюць, што невялікія акустычныя імпрэзы, якія ладзілі яшчэ да адкрыцця сцэны, будуць там адбывацца.
Гісторыя БМК, паводле слоў Антона, пачалася яшчэ ў Беларусі — калі ён вырашыў граць на піяніна. Ён пачаў займацца з рэпетытарамі, але пакінуў Беларусь і з’ехаў у Беласток.
«Тут у мяне ўжо рэпетытараў не было і піяніна не было. Таму я хадзіў, бадзяўся па Беластоку і шукаў месца, дзе яно ёсць, каб можна было пайграць. А потым вырашылі з хлопцамі набыць піяніна, паставіць яго ў бары Berr4you, і з’явілася месца, дзе можна зайграць, — распавёў Антон. — Тут якраз Рагаты [гітарыст гуртоў Kurwadziki і „Всё_CRAZY“ — Budzma.org] прыехаў і вырашыў, што ён будзе басістам. Ён набыў сабе бас-гітару, комбік, і мы пачалі граць удвох».
Музыкі збіраліся шточацвер у бары, гралі і спявалі. На гэтыя спеўныя імпрэзы пачалі прыходзіць людзі і спяваць разам. «Хтосьці граў на чымсьці, ці проста завітвалі выпіць і паслухаць гэта ўсё».
У выніку музыкі вырашылі правесці свой асабісты канцэрт, бо мелі рэпертуар. А таксама запрасілі іншых беларускіх музыкаў, якія жывуць у Беластоку. Пасля гэтага яны вырашылі, што ім патрэбна рэпетыцыйная кропка і месца, дзе яны будуць збірацца не толькі па чацвяргах.
Ідэя арганізаваць канцэртную залю ў Антона ўзнікла раптоўна: «З гэтай пляцоўкі з’язджаў іншы клуб, і нам прапанавалі арандаваць гэтае памяшканне. Мы тады падумалі і вырашылі, чаму і не?».
У арганізацыю пляцоўкі і рамонт памяшкання музыка ўклаў свае ўласныя грошы.
«Гэта былі часткова прыватныя грошы — напрыклад, на рамонт памяшкання, а часткова падтрымалі мецэнаты, напрыклад, на „рухомую маёмасць“ — апарат, на тое, што ў нас застанецца пасля закрыцця».
Антон не шкадуе пра выдаткаваныя грошы і высілкі. Бо, на яго думку, «гэта быў афігенны досвед і афігенны час. Мы паказалі, што на адной Варшаве свет не сыходзіцца клінам. Ладзіць „варушняк“ і добрыя культурныя імпрэзы можна і ў іншых гарадах. Акрамя гэтага, мы пацешылі самі сябе. Я ніколі не быў уладальнікам клуба, а зараз — вось, пабыў. Не магу сказаць, што мне гэта вельмі спадабалася ці наадварот, але гэта быў вельмі цікавы і карысны досвед».
Пасля закрыцця сталай канцэртнай кропкі канцэрты, якія арганізоўвае БМК, будуць адбывацца ў розных беластоцкіх барах і клубах. Паводле слоў музыкі, гэта будзе «вандроўны клуб».
Антон Сіроцін
«Мы пашыраем не толькі геаграфію. Зараз мы пашыраем колькасць слухачоў. Бо ў тыя клубы, дзе мы плануем ладзіць выступы, ходзіць даволі шмат палякаў, — сказаў Антон. — У нас ужо склаўся свой нейкі касцяк людзей, якія хадзілі на імпрэзы. То яны будуць працягваць хадзіць, і будзе прыходзіць польскае асяроддзе».
Сузаснавальнік БМК лічыць, што гэта вельмі добра і вялікі крок наперад. Бо польская аўдыторыя будзе слухаць добрую музыку разам з беларусамі.
«З аднаго боку, мы будзем працягваць прасоўваць беларускую культуру і музыку ў Польшчы. А з другога — гэта магчымасць даць і музыкам, і слухачам набыць новую аўдыторыю».
«У Беластоку ёсць розныя клубы. Напрыклад, для джазу ці якога небудзь фолку. Ёсць пакой, дзе можна ладзіць канцэрты для жорсткай альтэрнатывы. Ёсць Sześcian, Zmiana Klimatu ці Motopub. То-бок можна камбінаваць, і збольшага мы ўжо маем дамовы з кожнай з гэтых кропак. Таксама гэта не патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў».
Новы музычны сезон не пачнецца адразу пасля канцэрта, які адбудзецца 29 жніўня. Паводле слоў музыкі, «спачатку трэба трошкі выдыхнуць і адпачыць. Бо за лета гэта не атрымалася зрабіць з-за фестываляў».
Таксама Антон кажа, што восенню трэба «прагнаць усе новыя кропкі і паглядзець, як там будзе гучаць наш апарат». Гэта будзе своеасаблівы пробны перыяд, калі БМК плануе запрашаць ці добра вядомыя ім гурты, з якімі яны доўга супрацоўнічаюць, ці самі будуць граць, каб адчуць, «як яно ў той ці іншай прасторы працуе».
Але на восень і зіму ўжо запланавалі некалькі імпрэзаў. Сярод іх два метал-канцэрты, а таксама выступы гуртоў Vokkr, Dymna Lotva.
Беластоцкі музычны клуб існуе два гады. «За гэты час клуб спалучыў людзей ад культуры ў самім Беластоку, то-бок — усе нашыя рэзідэнты. Адкрылі рэпетыцыйную кропку, сцэну для выступаў». Таксама клуб арганізаваў больш за 50 канцэртаў, на якіх выступілі каля 100 выканаўцаў.
Яўген, Андрусь Такінданг і Антон Сіроцін у пабе Beer4U
Галоўнае дасягненне за гэты час, на думку Антона, гэта тое, што «мы аб’ядналіся. Мы адчулі, што нас не тое каб шмат, але дастаткова для таго, каб рабіць цікавыя рэчы».
«Большасць музыкаў вынесла самыя светлыя ўспаміны, я спадзяюся. Вядома, што з нейкімі выключэннямі, бо для ўсіх не зробіш добра. Але большасць музыкаў з’язджалі і казалі: мы яшчэ прыедзем. Некаторыя выканаўцы паспелі па два разы выступіць, а некаторыя і больш».
Падчас усіх канцэртаў, якія арганізоўваў БМК, арганізатары звярталі ўвагу на аўдыторыю, якая іх наведвае.
«Усё было вельмі па-рознаму. Бо, напрыклад, выканаўца беларускамоўны і мае магутную базу сярод мясцовых — падляшскіх беларускамоўных жыхароў, — кажа Антон. — Але тут варта заўважыць, што хлопцы вельмі дасканала займаюцца прамоўтам і рэкламай. Ведаюць вельмі „чотка“, на якія рычагі і нішы можна ціснуць».
Але, на думку Антона, музыкам на гэта трэба выдаткоўваць шмат часу, каб гэтым займацца.
«Калі ты хочаш чаго-небудзь дасягнуць у Польшчы, то не трэба чакаць ад беларусаў, што яны пойдуць на твой канцэрт толькі таму, што ты беларус».
На думку Антона, беларускім музыкам цяжка дасягнуць поспехаў і прасунуцца ў Польшчы. Прычына гэтаму — мэтанакіраваная нацэленасць на беларускую аўдыторыю, а таксама тэксты на беларускай мове.
«Змянілася парадыгма. Змяніўся час. Калі ты не паспеў змяніцца, не саскочыў з рэвалюцыйнай тэмы на эмігранцкую тугу, а потым з эмігранцкай тугі на што-небудзь яшчэ, то вельмі цяжка ў Польшчы табе будзе нават з беларускай аўдыторыяй», — лічыць музыка. Паводле музыкі, ёсць якасныя прыклады такой працы. У большасці гэта металісты, у якіх графік канцэртаў распісаны на год наперад. Таксама гурт Relikt. Бо «беларускі метал — ён вельмі якасны».
«Мы ладзілі некалькі розных метал-канцэртаў. Заўсёды было некалькі мясцовых гуртоў і беларускі хэдлайнер. І беларусы гучаць заўсёды больш прыстойна. Таму прасунуцца магчыма».
Але для гэтага, на думку музыкі, трэба быць якасным выканаўцам, а таксама спяваць на міжнароднай мове.
«Таксама на гэта можа паўплываць агульны вайб і гук. У нас выступалі Ягор Забелаў і Алесь Ясінскі — яны на акардэоне граюць. То на іх таксама шмат палякаў прыходзіла, бо гэта музыка без слоў і нясе толькі эмацыйную нагрузку. Таму, па-мойму, гэта таксама значна прасцей прасунуць у Польшчы».
На яго думку, нават спяваючы па-руску, прасцей прасунуцца, бо «велізарная ўкраінская аўдыторыя ёсць. І бачым, што можна збіраць стадыёны».
У Антона ёсць і больш буйныя планы. Ён марыць арганізаваць арт-прастору са сцэнай, рэпетыцыйнай кропкай, студыяй гуказапісу, і «можа нават з галерэяй нейкай».
Музыка спадзяецца, што ў яго атрымаецца знайсці памяшканне, але не ў арэнду, «а каб яго ідэю падтрымала дзяржава, мецэнаты альбо ўладальнікі». Паводле яго слоў, падобныя прасторы існуюць у Варшаве і Кракаве.
Антон Шаранкевіч, Budzma.org