У Музеі гісторыі польскіх габрэяў POLIN акрамя асноўнай экспазіцыі адкрыта для наведвальнікаў Пляцоўка сямейнай адукацыі «У караля Мацюся», дзе можна бавіць час усёй сям’ёй. Цяпер у дзіцячай бібліятэцы праекта, які ўтрымалівае кнігі на польскай, украінскай, англійскай мовах, з’явіліся і беларускія кнігі, піша reform.news.

Пляцоўка сямейнай адукацыі ў Музеі гісторыі польскіх габрэяў POLIN. Фота: M. Jaźwiecki
Іх прадставіла для бібліятэкі музея выдавецтва «Янушкевіч».
На пляцоўцы можна знайсці творы Ганны Янкута, Ціны Азевіч, Эльгі Паповай, Анджэя Малешкі, Эрвіна Мозэра і Антона Францішка Брыля.
Музей POLIN называе Пляцоўку для сямейнай адукацыі «У караля Мацюся» бяспечнай прасторай для сямей з дзецьмі, якую можна бясплатна наведваць кожныя выходныя. Тут можна маляваць, займацца музыкай, вывучаць родную мову, а таксама пазнаваць свет яўрэйскай культуры, традыцыі і гісторыі.
Нагадаем, што прагуляцца па залах аднога з найлепшых музейных комплексаў Еўропы — Музея POLIN — цяпер можна ў кампаніі перакладчыка і мовазнаўцы Сяргея Шупы. Менавіта яго голас гучыць у беларускамоўным аўдыёгідзе, створаным адмыслова для адноўленай экспазіцыі інстытуцыі.
Фота: сайт музея
Таксама для беларускай аўдыторыі ў музеі ладзяцца экскурсіі. 14 верасня на беларускай мове адбудуцца экскурсіі па часовай экспазіцыі «1945. Не канец, не пачатак», якая распавядае пра досвед польскіх яўрэяў пасля Халакосту ў першыя пасляваенныя гады. Запісацца на іх можна тут.