Прэзентацыя “Малой падарожнай кніжкі” адбылася на Астравеччыне

partyzan_astravec

Вядомы беларускі мастак і фатограф Артур Клінаў прэзентаваў 18 красавіка сваю аўтабіяграфічную “Малую падарожную кніжку па Горадзе Сонца”. Прэзентацыі ладзіліся ў школе мястэчка Варона і раённай бібліятэцы Астраўца.

Акрамя Артура Клінава ў імпрэзе прынялі ўдзел бард Зміцер Бартосік і выдавец Ігар Логвінаў, які распавёў пра навінкі выдавецтва “Логвінаў”. Зміцер Бартосік праспяваў кампазіцыі са сваіх альбомаў “Дарога на Вільню” і “TUT.RU”.

Падчас імпрэзы выступоўцы абмеркавалі становішча сучаснай беларускай літаратуры, тэндэнцыі яе развіцця, з’яўленне новых імёнаў у культурнай прасторы Беларусі.

Па словах Артура Клінава, арганізатары мерапрыемства ў Вароне вырашылі прымеркаваць прэзентацыю “Малой падарожнай кніжкі” да “злёту піянераў раёну”, які ў той час ладзіўся ў мястэчку.

“Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца” — аўтабіяграфічны раман Артура Клінава, напісаны як падарожная кніга па Мінску. Акрамя тэксту, кніга ўтрымлівае чорна-белыя фатаздымкі горада. “Малая падарожная кніжка” ўяўляе сабой уласнае бачанне горада яе аўтарам і з’яўляецца чарговым этапам у пераасэнсаванні Артурам Клінавым вобраза Мінску як “горада СОНца” (“Горад СОНца” – аўтарскі фотаальбом Артура Клінава, выйшаў у свет у 2006 годзе).

На фота: Артур Клінаў.

Тэгі: ,