Ёсць у нас выдатнае слова “строй”. Так называецца функцыянальна і стылістычна завершаны традыцыйны комплекс адзення. Звыклы да шматмоўя беларус вычытае ў гэтым слове не толькі ягоны змест, але і шэраг схаваных сэнсаў. Ён прыгадае расійскія словы строй — адмысловы парадак размяшчэння, і стройка — будоўля, а таксама слова настройваць — напрыклад, музычны інструмент. Старапольскае strój — прылада, інструмент — ён наўрад ці прыгадае, але ёсць і такое.
Урэшце, ёсць этымалагічны слоўнік, які патлумачыць, што слова “строй” паходзіць ад праславянскага strojь — стан упарадкаванасці, гатоўнасці да ўжытку, якое ў сваю чаргу ўтрымлівае праіндаеўрапейскі корань (s)ter — распасціраць, наслойваць, дапасоўваць. Пашанцавала нам з гэтым словам — яно таксама шматслойнае, падобнае да спосабу формаўтварэння таго, што яно азначае.
Строй не ўзнікае выпадкова. Слой за слоем, год за годам, ён як бы сам выбудоўваецца паводле правілаў архітэктонікі і кампазіцыі, складаецца ў спосаб, які найлепей адпавядае асаблівасцям матэрыялу, а ягоныя элементы дапасоўваюцца адзін да аднаго утвараючы адзіны стыль, заўсёды функцыянальны. Традыцыйны строй — гэта канон, адмысловы парадак, які ў сваю чаргу ёсць неад’емным элементам той культуры, той прасторы і таго парадку, у якім ён нараджаецца і працяглы час функцыянуе.
Строй акумулюе і візуалізуе калектыўнае ўяўленне пра “прыгожае”, адлюстроўвае светапогляд той групы, якая яго спарадзіла і выкарыстоўвае. Ён — маркер ідэнтычнасці, а ў пэўных выпадках — сцяг, сімвал гэтай ідэнтычнасці. Менавіта такую ролю адыгрываў традыцыйны шляхецкі (сармацкі) строй у другой палове XVIII стагоддзя падчас зацяжнога канфлікту дзвюх розных светапоглядных мадэляў, спрэчкі так званых “сарматаў” і “касмапалітаў”.
Канкурэнцыя гэтых мадэляў адбывалася на трагічным тле крызісу ўлады і паслаблення дзеяздольнасці дзяржавы, яе падзелаў і ў выніку страты самой дзяржаўнасці. “Сарматызм” і “касмапалітызм” не былі рухамі палітычнымі, яны ўвогуле не былі аформленыя ў якія-кольвек арганізацыйныя структуры, але іх супрацьстаянне яшчэ болей ускладняла няпростую палітычную сітуацыю, прыўносячы ірацыянальныя матывацыі і даводзячы яе да абсурду.
Тагачасны “касмапаліт” — гэта прыхільнік французскай культурнай мадэлі часоў Асветніцтва і, што важна, у асноўнай сваёй масе — прыхільнік некрытычны. Механічнае пазычнне замест пераасэнсавання і адаптацыі справакавала канфлікт са звычаёвымі нормамі і выклікала спантанную рэакцыю адмаўлення — “сармат” (гэтаксама некрытычна) адмаўляў любыя рэформы і змены, услаўляючы старасветчыну і татальны кансерватызм.
Светапоглядны, шмат у чым ірацыянальны характар канфлікту моцна ўскладняў мажлівасць яго канструктыўнага палітычнага вырашэння. У выніку структурна неаформленая вайна светапоглядаў матэрыялізавалася ў супрацьстаянне стыляў. На соймах “касмапаліты” красаваліся ў парыках, карунках і панталонах, “сарматы” на сваіх тулавах горда неслі традыцыйны шляхецкі строй — кунтуш, падперазаны адмысловым пасам жупан і іншыя неад’емныя гаджэты.
Мода і стыль — магутная зброя. Колькасць паслоў у сармацкіх строях паступова меншала, а тых, што ў карунках, рабілася ўсё болей. 23 лістапада 1793 года, на апошнім сойме ўжо дэ-факта няіснай краіны апошнім паслом, апранутым у традыцыйны строй, быў Караль Станіслаў Радзівіл, наш Пане Каханку, негалосны франтмэн “сарматаў”. Увогуле “сарматызм” быў найбольш распаўсюджаны менавіта тут, на Літве, і менавіта тут найдаўжэй захоўвалася жывая шляхецкая (сармацкая) традыцыя — побытавая і светапоглядная.
Яе стыль і змест аказаліся наноў запатрабаванымі ў эпоху рамантызму, у пачатку ХІХ стагоддзя, у якасці матрыцы польскай нацыянальнай мадэлі, па сваёй сутнасці не так этнічнай, як звычаёвай, абапертай на светапоглядныя шляхецкія каштоўнасці і колішнюю гістарычную еднасць. Традыцыйны сармацкі строй на той момант ужо адышоў у гісторыю, аднак ягоныя паасобныя элементы яшчэ доўга выкарыстоўваліся нашчадкамі ў якасці сімвалаў патрыятызму і супраціву.
У адказ расійскія ўлады забаранялі ўжытак такіх “асабліва небяспечных” элементаў адзення, нават закрывалі мануфактуры па іх вырабе, як гэта было са славутай персіярняй у Слуцку. Традыцыйнаму народнаму строю ў гэтым сэнсе пашанцавала болей: за царамі яго не забаранялі. З іншага боку, ніхто ім асабліва не цікавіўся, не вывучаў, не апісваў, не фіксаваў. Строй існаваў сам па сабе, амаль не змяняючыся, ажно да канца ХІХ стагоддзя.
Беларускі народны строй ніколі не быў чымсьці аднародным — у розных кутках Беларусі паўставала свая адметная ўнікальная канцэпцыя, свой уласны стыль. Кожны рэгіянальны строй — стылістычна завершаны твор ужытковага мастацтва, помнік матэрыяльнай культуры і адначасова ключ да нашых глыбінных культурніцкіх кодаў, да нашага калектыўнага “я”. Разнастайнасць узбагачае нашу культуру, робіць яе вобраз больш складаным.
З іншага боку, мажліва, з прычыны гэтай шматаблічнасці, народны строй не стаў такім універсальным маркёрам, як у свой час строй шляхецкі. На жаль, наша матэрыяльная культура і — шырэй — нацыянальны стыль у пачатку паўстання беларускай нацыянальнай мадэлі былі не надта запатрабаваныя. Упершыню выраз “беларускі стыль” з’явіўся на старонках “Нашай Нівы” толькі ў 1908 годзе. Галоўным і ці не адзіным стыльмэйкерам беларушчыны быў Вацлаў Ластоўскі.
Беларуская культура, паводле запачаткаванай традыцыі, перадусім атаясамліваецца з мовай. І хаця патрэба ў беларускім стылі і яго візуалізацыі была заўсёды, ці не ўпершыню ён пачаў выкрышталізоўвацца ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Менавіта тады беларускі стыль скінуў лапці і паўстаў у хай сабе рамантызаваным, але ўласным абліччы. Дзякуючы таленту Караткевіча, намаганням мастакоў-графікаў, дзякуючы каласальнай працы Міхася Раманюка па фіксацыі і сістэматызацыі беларускага народнага строю.
Даводзілася чуць, што зробленае Раманюком было зроблена не зусім навукова. Не бяруся меркаваць, але нават калі гэта так, ён усё адно зрабіў цуд — нанова адкрыў для нас Беларусь ва ўсёй разнастайнасці, з мноствам рэгіянальных стыляў, якія спляліся ў адно цэлае. Пасля альбома Раманюка паўсталі новыя, больш і менш навуковыя даследаванні і кнігі. Веды пра нашу традыцыйную культуру робяцца больш сістэмнымі, поўнымі і даступнымі. Немажліва быць спецыялістам ва ўсім, але варта імкнуцца ведаць як найболей.
Веды пра нашы традыцыйныя строі, іх рэгіянальныя адметнасці і, наадварот, падабенствы патрэбныя не толькі дзеля таго, каб умець адрозніць сваё ад чужога. Яны патрэбныя нам, каб угледзець, вычытаць і адчуць той унутраны парадак, той лад, які ў гэтых строях закладзены. Калі мы гэта адчуем, нам будзе прасцей зразумець сябе саміх.
Фота Міхася Раманюка з альбома “Беларускае народнае адзенне”