З украінскай школьнай праграмы прыбяруць рускіх пісьменнікаў і Васіля Быкава

З праграмы па літаратуры ва ўкраінскіх школах прыбяруць творы расійскіх і савецкіх пісьменнікаў і паэтаў, піша Reform.by. Замест іх у праграму дабавяць творы сусветных пісьменнікаў. Такое рашэнне прыняла працоўная група Міністэрства адукацыі і навукі Украіны.


104.jpg

Рашэнне тлумачыцца псіхалагічным і фізічным траўміраваннем дзяцей у выніку ўварвання Расіі ва Украіну, а таксама «адсутнасцю ва ўмовах ваеннага становішча рэцэптыўнага кантэксту для вывучэння твораў расійскіх і беларускіх пісьменнікаў».

Пад раздачу патрапілі каля 40 пісьменнікаў, у тым ліку Васіль Быкаў. Раней яго аповесць «Альпійская балада» вывучалі ў 7 класе. У абноўленай праграме яе прапануецца замяніць раманам «Хлопчык у паласатай піжаме» Джона Бойна або раманам «Дзеці Ноя» Эрыка-Эманюэля Шміта.

З праграмы таксама знікнуць творы Аляксандра Пушкіна, Льва Талстога, Фёдара Дастаеўскага, Антона Чэхава, Міхаіла Лермантава, Міхаіла Булгакава, Івана Буніна, Осіпа Мандэльштама і іншых аўтараў.