Роўна 35 гадоў таму, 25 жніўня 1991 года, Вярхоўны Савет БССР прыняў лёсавызначальнае рашэнне — надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона. Расказваем, як нашая краіна стала незалежнай мірным і законным шляхам.

Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» на Доме ўраду, 1991 год. Крыніца: Радыё Свабода
Папярэднічала абвяшчэнню незалежнасці ў 1991 годзе доўгая і цяжкая барацьба за яе, якую распачалі беларускія адраджэнцы яшчэ ў пачатку абвешчанай Міхаілам Гарбачовым «перабудовы» ў сярэдзіне 80-х гадоў. Па задуме саюзнага кіраўніцтва эпоха так званага «застою», якая была пры Брэжневе і загнала краіну ў глыбокі грамадскі, палітычны і эканамічны крызіс, мусіла змяніцца часам, калі ўсё было можна: займацца дробным бізнесам, гаварыць, што хочаш і канешне ж крытыкаваць уладу.
Нарэшце з падполля выйшлі і дысідэнты, якія дзесяцігоддзямі не маглі і думаць пра тое, каб свабодна выказвацца, без наступстваў. Час «Перабудовы» стаў для іх тым самым «акном магчымасцяў» — калі многія нефармальныя і нефарматныя групкі і гурткі пачалі афармляцца ў грамадскія і палітычныя рухі. Мэты ў іх былі розныя, і часам дастаткова амбітныя.
Асноўнай сілай, якая ў той час рашуча і адкрыта выступала за поўны дзяржаўны суверэнітэт Беларусі быў Беларускі Народны Фронт «Адраджэнне», заснаваны ў 1989 годзе. Нягледзячы на ціск і перашкоды з боку камуністаў, на выбарах у сакавіку 1990 года БНФ здолеў правесці ў Вярхоўны Савет амаль тры дзясяткі сваіх дэпутатаў на чале з лідарам фронту Зянонам Пазняком. Паралельна ўтварыўся таксама Дэмакратычны клуб на чале са Станіславам Шушкевічам.
Нягледзячы на ўсе захады камуністычнай вярхушкі, якая імкнулася ўсімі магчымымі спосабамі захаваць СССР, нічога з гэтага не выйшла. Бо па стане на пачатак 1991 года было ясна, што саюз у ранейшым выглядзе існаваць дакладна ўжо не будзе. Пачаўся так званы «парад суверэнітэтаў», калі саюзныя рэспублікі адна за адной пачалі не толькі дэклараваць свае намеры на выхад са складу Саюза, але і ўвасабляць гэтыя планы ў жыццё.
Беларусь не была ў ліку першых, хто заявіў аб гэтым намеры. Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР была прынята 27 ліпеня 1990 года, пасля іншых рэспублік, у тым ліку і РСФСР, якая ў той момант была флагманам і адной з першых імкнулася да дэмакратыі. Абумоўлена гэта было тым, што кіраваў Расеяй Барыс Ельцын — чалавек, які сам выйшаў з савецкай наменклатуры, але пры гэтым добра адчуваў дух часу.
Тым не менш юрыдычна Беларусь усё яшчэ заставалася ў складзе СССР. Шанец нарэшце вырвацца з камуністычных путаў з’явіўся пасля драматычных падзей у Маскве, якія адбыліся ў жніўні 1991 года і цяпер добра вядомыя пад назвай ГКЧП (Государственный комитет по чрезвычайному положению). Тут і сама абрэвіятура гучыць неяк ну вельмі няўдала. Як, зрэшты, і спроба захавання СССР сілавымі метадамі.
Усё пачалося 19 жніўня 1991 года, калі на вуліцах савецкай сталіцы з’явіліся танкі, а па тэлевізары круцілі «Лебядзінае возера». Група найбольш кансерватыўных камуністаў-сілавікоў з кіроўнай вярхушкі вырашыла навесці «парадак». У адказ на гэта народ вываліў на плошчы ў вялікіх гарадах у абарону дзейнай законнасці. На заклік дэпутатаў ад БНФ выйшлі на вуліцу і жыхары беларускай сталіцы.

Дэманстрацыя каля Дому ўрада ў жніўні 1991 года. Фота: radabnr.org
За чатыры дні свайго існавання ГКЧП не адзначыўся нічым, акрамя «жорсткіх заяваў», а скончыў тым, што сам сябе скасаваў. Ніхто з актывістаў дэмакратычнай расейскай апазіцыі, у тым ліку і сам Барыс Ельцын, не быў арыштаваны путчыстамі. А войскі, уведзеныя ў Маскву, былі заблакаваны студэнтамі. Больш за тое, варта ўзгадаць дрыжачыя рукі Генадзя Янаева — завадатара ГКЧП на іхняй знакамітай прэс-канферэнцыі. Імаверна, што ў далейшае захаванне камуністычнай сістэмы ніхто, нават самі камуністы, не верыў. Гэта была лебядзіная песня савецкага рэжыму, якой удала скарысталіся ў саюзных рэспубліках.
Ужо 24 жніўня незалежнасць абвесціла Украіна, а на наступны дзень і Беларусь. Па патрабаванні дэпутатаў ад БНФ, да якіх далучыліся іншыя дэмакратычныя дэпутаты, была склікана пятая пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР XII cклікання, якая адбывалася 24-25 жніўня 1991 года. На ёй Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце 1990 года абсалютнай большасцю дэпутатаў быў нададзены статус канстытуцыйнага закона.

Пастанова аб наданні статуса канстытуцыйнага закону Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Фота: radabnr.org
У гэты ж дзень Вярхоўны Савет прыняў пастановы «аб часовым прыпыненні дзейнасці КПБ КПСС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» і «аб дэпартызацыі органаў дзяржаўнай улады і кіравання Рэспублікі Беларусь».
Зянон Пазняк, звяртаючыся да дэпутатаў Вярхоўнага Савета на той знакамітай пазачарговай сесіі парламенту, адзначаў:
«Беларусь перажыла некалькі трывожных дзён, калі наменклатурна-камуністычная хунта на чале з КПСС спрабавала ажыццявіць дзяржаўны пераварот у Савецкім Саюзе. Гэтыя злачынныя падзеі ў СССР перш за ўсё пагражалі рэспублікам, што імкнуцца да свабоды і незалежнасці. Путч пагражаў дэмакратыі і культуры, правам чалавека, правакаваў грамадзянскую вайну. Гэта быў крымінальны шлях да бальшавісцкай дыктатуры, да новага камуністычнага рабства, да няшчасця і разбурэння народаў, якое доўжыцца з 1917 года. Аднак на гэты раз народы знайшлі ў сабе сілы супроцьстаяць разбою — і путч праваліўся».

Дэпутаты Апазыцыі БНФ Валянцін Голубеў, Зянон Пазняк, Вольга Галубовіч. 24 жніўня 1991 года
Карыстаючыся разгубленасцю камуністычнай большасці, дэпутаты ад БНФ здолелі іх пераканаць у тым, што незалежнасць рэспублікі варта абвесціць, не зацягваючы час. У той момант незалежніцкія пазіцыі сітуацыйна пачалі займаць і ўчорашнія прыхільнікі ГКЧП, верагодна, баючыся магчымай расправы з боку Масквы, дзе Барыс Ельцын разам з камандай ужо святкаваў рашучую перамогу над ГКЧП.
Так, дэпутат Вярхоўнага Савета з Гарадзеншчыны Міхаіл Жэбрак, які скептычна ставіўся да незалежніцкіх ідэяў і меў непрыхаваную прыхільнасць да путчыстаў, ужо 25 жніўня заяўляў:
«Я до вчерашнего дня стоял за обновленный Союз, но события в Украине заставляют меня сделать заявление: надо принимать этот закон или объявлять себя западным краем в составе Российской Федерации. Другого выхода нет, иначе Белоруссия не будет существовать, Белоруссии абсолютно не будет».
Для галачкі адзначым, што ніхто з путчыстаў за свае дзеянні ў выніку пакараны не быў. Больш за тое, усіх сябраў ГКЧП неўзабаве амніставалі, а генерал Валянцін Варэннікаў, які той амністыі не прыняў, быў пазней цалкам апраўданы ў сваіх дзеяннях Ваеннай Калегіяй Вярхоўнага Суда Расейскай Федэрацыі.
Выступ Зянона Пазьняка ў Вярхоўным Савеце. 25 жніўня 1991 года. Фота: Радыё Свабода
І тут зноў меў рацыю Зянон Пазняк, які ў часе сваёй прамовы 25 жніўня на той пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета падсумаваў:
«Якія высновы можна зрабіць з мінулых падзей? Перш за ўсё гэта быў замах на нашу народную чалавечую і нацыянальную годнасць. Наша дзяржава Беларусь апынулася безабароннай перад крымінальным абліччам хунты, нам не было чым бараніць свой суверэнітэт і свой шлях да свабоды. Пакуль Беларусь не будзе мець сродкаў да абароны свайго народа, сваёй дзяржавы — ні аб якой свабодзе і ні аб якім суверэнітэце не можа быць і гаворкі. З намі ніколі не будуць лічыцца ні таталітарызм, ні таталітарны і агрэсіўны Савецкі Саюз, ні маладая імперская Расія, што адраджаецца ў форме дэмакратыі, ні ўсходняя мафія, ні ўсялякая крымінальная група: ці то кэпээсэсаўскі АМОН, ці то камуністычная хунта».
Калі ГКЧП і была «попыткой спасти страну», то вельмі няўдалай. Бо пасля 25 жніўня 1991 года шанцаў у СССР як дзяржавы ўжо дакладна не было ніякіх. Затое гэты дзень адкрываў шлях да цалкам рэальнай незалежнасці нашай краіны, здабыццё якой адбылося мірным і абсалютна законным шляхам.
Глядзіце па тэме:
ПН, Budzma.org