Адкрыты прыём заявак на новы набор у Школу маладога пісьменніка. Вітаем заяўкі з усёй Беларусі.
Умовы паступлення
* Узрост: ад 18 гадоў.
* Заяўка на адрас shkola.pismennika@gmail.com У заяўцы: 1) уласны празаічны мастацкі тэкст любога жанру на беларускай альбо рускай мове аб’ёмам 2-5 старонак; 2) матывацыйны ліст з адказам на пытанне, чаму вы хочаце вучыцца ў Школе пісьменніка; 3) спіс з 5-10 кніг ці пісьменнікаў або пісьменніц, якія на вас паўплывалі найбольш.
Правілы афармлення заяўкі:
* Тэма ліста: Школа 2018-2019
* Вашыя прозу, матывацыйны ліст і спіс кніг дасылайце разам адным файлам у фармаце .doc. На першай старонцы пазначце сваё імя і прозвішча, адрас пражывання, дату нараджэння, e-mail і кантактны нумар тэлефона.
* Файл назавіце лацінкай наступным чынам ― “вашае прозвішча, ніжняе падкрэсліванне, вашае імя”, напрыклад:
Pashkevich_Alaiza.doc
Bahdanovich_Maksim.doc
*Заяўкі для паступлення на курс 2018-2019 дасылайце на адрас shkola.pismennika@gmail.com да 21 верасня 2018 г.
Заяўкі не рэцэнзуюцца. Прыём паводле конкурсу. Пра вынікі прыёмнай кампаніі будзе паведамлена на пачатку кастрычніка на сайце lit-bel.org і ў паштовай рассылцы на адрасы, пададзеныя ў заяўках.
Пра праект
Школа маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” працуе з 2012 г. як нефармальны адукацыйны праект для дарослых. На практычных занятках з пастаяннымі выкладчыцамі, лекцыях і майстар-класах запрошаных навукоўцаў і аўтараў маладыя, апантаныя літаратурай людзі вучацца чытаць і пісаць прозу і слухаць сябе ды іншых.
Заняткі:
Заняткі ў Школе маладога пісьменніка пачынаюцца ў кастрычніку і праходзяць у Мінску два разы на месяц па суботах цягам васьмі месяцаў. Фармат: практычныя заняткі з пастаяннымі выкладчыцамі, лекцыі і майстар-класы запрошаных навукоўцаў і аўтараў.
Навучанне ў Школе — бясплатнае, група — 15-20 чалавек. Сертыфікат аб заканчэнні Школы не замяняе дыплома афіцыйных навучальных устаноў.