“Пяцісотгоднасць”  аб’ядноўвае словам і справай

17 красавіка ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” у школе №2 г. Бяроза прайшла творчая сустрэча з пісьменніцамі  Валянцінай Осіпавай, Наталкай Бабінай і супрацоўніцай бібліятэкі Акадэміі навук Беларусі Паўлінай Скурко – аўтарам  дзіцячай кнігі “Украіна”, якая выйшла ў 2016 годзе.  На сустрэчы прысутнічалі вучні 8-ых – 11-ых класаў і настаўнікі беларускай мовы. Валянціна Осіпава пазнаёміла слухачоў з акцыяй “Пяцісотгоднасць”, якая зараз праходзіць у краіне ў сувязі з юбілеем беларускага кнігадруку, пазнаёміла вучняў з новымі вершамі і правяла гістарычную віктарыну.  Асобую ўвагу паэтка звярнула пытанню ўжывання беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці. Наталка Бабіна падняла тэму захавання мясцовых дыялектаў, на якіх размаўляюць і зараз дзядулі і бабулі вучняў, якія прысутнічалі ў зале. Старшыня  Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў  заклікала дасылаць ў беларуска-ўкраінскі альманах «Справа» творы на  памежных гаворках, у якіх  многа і украінскіх слоў, з якімі больш падрабязна ў вельмі цікавай форме пазнаёміла юных слухачоў Паўліна Скурко. Дзеці з вялікай цікавасцю засвойвалі экспрес- методыку вывучання мовы суседзяў, прыймалі актыўны ўдзел у разгадванні рэбусаў. Сустрэча прайшла ў цёплай эмацыянальнай атмасферы. Вучні  актыўна задавалі пытанні і былі ўзнагароджаны памятнымі паштоўкамі, кнігамі Паўліны Скурко. Школьная бібліятэка, дзякуючы  кампаніі “Будзьма беларусамі!”, папоўнілася новымі экзэмплярамі сучасных беларускіх часопісаў. А Наталка Бабіна прэзентавала  беларуска-ўкраінскі альманах «Справа», які выдаецца на трох мовах: па-беларуску, па-ўкраінску і па-руску.

 

 

 

 

 

Тэгі: