1 лістапада ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”, арганізаванай Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”, адбылася сустрэча слухачоў гомельскай філіі курсаў “Мова Нанова” з пісьменнікамі, прадстаўнікамі выданняў “Гарбузік” і “Дзеяслоў”.
Гомель наведалі рэдактаркі літаратурна-забаўляльнага альманаха для дзетак “Гарбузік” Паліна Грынчанка і Вольга Мазурава, а таксама паэт, супрацоўнік часопіса “Дзеяслоў” Анатоль Івашчанка. Да гасцей далучыўся знакаміты мясцовы бард Андрэй Мельнікаў.
Гаспадары, выкладчыкі курсаў “Мова Нанова” Юлія Сівец і Мікола Бянько зрабілі экскурс у гісторыю друкаваных выданняў на беларускай мове, згадаўшы першыя беларускамоўныя часопісы і газеты, у тым ліку – для дзетак.
Вольга Мазурава і Паліна Грынчанка
Як думаеце, што зашыфравана ў гэтым рэбусе?
Менскія госці працягнулі гэтую гаворку глыбей у гісторыю, запытаўшыся ў аўдыторыі, калі, кім і дзе была надрукаваная першая кніга на старабеларускай мове. Атрымаўшы адказ – 6 жніўня 1517 года ў Празе Францыск Скарына надрукаваў сваю першую кнігу “Псалтыр” – Анатоль Івашчанка заклікаў прысутных браць удзел у галасаванцы “Пяцісотгоднасць: абярэм 20 знакавых кніг разам”.
Паліна Грынчанка і Вольга Мазурава распавялі пра ідэю стварэння альманаха “Гарбузік” і падзяліліся ідэямі што да далейшых выпускаў выдання, а таксама правялі майстар-клас па стварэнні і разгадванні рэбусаў.
Анатоль Івашчанка
Гледачы пазнаёміліся з некаторымі тэкстамі свежага “Гарбузіка”: былі зачытаныя лімерыкі Эдварда Ліра ў перакладзе Макса Шчура – сёлетняга пераможцы прэміі імя Ежы Гедройця, а таксама жахалкі Андрэя Хадановіча. Сярод віртуальных гасцей імпрэзы быў гомельскі літаратар Сяргей Балахонаў, лімерыкі якога таксама прагучалі.
Анатоль Івашчанка распавёў пра новы нумар “Дзеяслова”, што днямі пабачыў свет і пазнаёміў слухачоў курсаў “Мова Нанова” са сваімі новымі вершамі ды перакладамі расійскай рок-паэзіі на беларускую мову.
Андрэй Мельнікаў выканаў нефармальны гімн Гомеля і свой хіт пра раён Сяльмаш.
Цягам сустрэчы самыя актыўныя ўдзельнікі мелі мажлівасць атрымаць прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і часопіса “Дзеяслоў”.