З мінулага года святкаванне перамогі ва Украіне праходзіць па новым сцэнары. 8 траўня адзначаецца Дзень памяці і прымірэння – як у еўрапейскіх краінах. 9 траўня застаўся дзяржаўным святам, Днём перамогі, толькі пад назвай «Дзень перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне». Ідэя гэтых зменаў – у пераасэнсаванні спадчыны.
У Другую сусветную ўкраінцы ваявалі ў Чырвонай арміі, партызанскіх атрадах, шэрагах супраціву еўрапейскіх краін, у складзе канадскай, амерыканскай, аўстралійскай, брытанскай армій. У 2014 была афіцыйна вызначаная роля Украінскай паўстанцкай арміі ў здабыцці краінай незалежнасці.
Сучасны свет дае зразумець, што ў вынішчальнай вайне не можа быць пераможцаў. Таму навошта пышныя парады, якія дэманструюць патэнцыял смерці? 8 траўня. Дзень памяці. «Ніколі зноў».
Далучэнне да еўрапейскай традыцыі паступова змяняе стаўленне да падзей вайны. «У людзей нават твары сталі іншымі», – мужчына гадоў 40 звяртаецца да сваіх сяброў. Гэта дзень смутку і малітвы за загінулых.
Асаблівай рысай новага Дня перамогі па-ўкраінску разам са зваротам да герояў мінулай вайны робіцца ўвага да герояў сённяшніх. Вайскоўцы з ужо сучаснымі ўзнагародамі на грудзях сустракаліся ва ўсіх частках горада. Роўна год таму Пётр Парашэнка, прымаючы прысягу ў 500 навабранцаў, аддаў гонар усім воінам, якія змагаліся за свабоду і незалежнасць Украіны, і адзначыў, што «ў найбольшай меры іх аб’ядналі іх унукі і праўнукі, якія сёння б’юцца за свабоду, б’юцца за незалежнасць, за суверэнітэт, за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны».
Фота з фэйсбуку П.Парашэнкі
Святкаванне перамогі супала з Днём маці, таму на тэрыторыі Нацыянальнага музея гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне была ўсталяваная выстава партрэтаў матуль герояў ваенных дзеянняў 2014-2016 гадоў. Матчын погляд не зблытаць ні з чым. Ён поўны любові і болю. Зрэшты, вы ўсё бачыце самі.
Другі год запар галаву Радзімы-маці на свята ўпрыгожваюць вянком з макаў. Яе вобраз робіцца менш жорсткім, яна здабывае сапраўды матчыны рысы, перастаючы быць вялікай сталёвай канструкцыяй савецкай эпохі. Кветка маку стала новым сімвалам памяці і перамогі. Яе стылізаваная выява таксама адсылае да следу ад кулі, якая пакінула крывавыя сляды ў гісторыі свету.
Спачатку мак сімвалізаваў памяць ахвяраў Першай сусветнай вайны, а затым стаў ўвасабляць загінулых ва ўсіх войнах. Сёння ён пазнаецца ва ўсім свеце. Сімвалічнае параўнанне з’явілася ў 1918 годзе дзякуючы вершу канадскага ваеннага хірурга Джона Мак-Крэя, напісанаму ім пасля страты сябра.
На палях Фландрыі калышуцца макі
сярод крыжоў, якія стаяць за шэрагам шэраг…
Аднак сімвалы мінулага не сыходзяць проста так з памяці людзей. 9 мая – мабыць, адзіны дзень, калі тыя, хто сімпатызуюць Савецкаму Саюзу, адчуваюць сябе асабліва ўпэўнена. Не абышлося без слоўных сварак і дробных сутычак на «ідэйных» падставах: іконы з выявай Сталіна, георгіеўскія стужкі, савецкі сцяг, лозунгі.
Тым, хто з’яўляўся на вуліцах Кіева з камуністычнай сімволікай, паліцэйскія тлумачылі, што гэта забаронена законам. Наогул паліцыя стараецца падтрымліваць свой імідж. Фармаванне пазітыўнага стаўлення да новай паліцыі пачалося са стыхійнага флэшмобу «сэлфі з копам» адначасова са з’яўленнем новай службы. Яны гатовыя дапамагчы, нават калі просьба не тычыцца грамадскага парадку.
Замест параду былі праведзены тэматычныя маршы. Марш «Бессмяротны полк» аб’яднаў людзей з кветкамі і партрэтамі блізкіх, якія загінулі або без вестак прапалі падчас Другой сусветнай вайны. З урадавай вуліцы Грушэўскага на Еўрапейскую плошчу прайшоў марш ваенных духавых аркестраў, якія выконвалі класічныя і сучасныя кампазіцыі для прыкладна тысячы слухачоў.
У гэтыя дні памяці і прымірэння ўкраінцы вучацца знаходзіць баланс паміж ушаноўваннем ветэранаў, герояў і смуткам па тых, каго незваротна забрала вайна. Гэта не бразганне зброяй у духу «можам паўтарыць» – гэта жаданне міру, шчыры жаль і непахісная вера ў перамогу.
Марыя Караткевіч
Фота аўтара