Драматург, рэжысёр Мікіта Ільінчык, які нарадзіўся ў 1995 годзе ў беларускім Навагрудку, намінаваны на ўзнагароду Paszporty Polityki ў катэгорыі «Сцэна», — піша reform.news са спасылкай на выданне Polityka.
Мікіта Ільінчык. Фота: Лешук Зых / Polityka
«Я гляджу, як нараджаюцца новыя героі і хто яны: мігранты, гібрыды. Гібрыднасць таксама з’яўляецца лінзай, праз якую можна глядзець на грамадства», так пазначаў Мікіта Ільінчык сваю творчую стратэгію. Мікіта Ільінчык мае польскія карані і называе сябе «гібрыдным палякам», — згадвае Polityka.
У 2020 годзе ён скончыў рэжысёрскі факультэт ГІТІСа (Расійскі інстытут тэатральнага мастацтва), там жа вучыўся на тэатразнаўчым. Яшчэ падчас вучобы паставіў спектаклі «Дочки Лира», «Смерть Пазухина» у Расіі, «Казіны востраў» у Бруселі, «М» па паэзіі Вальжыны Морт у мінскім цэнтры ОК16.
У 2021 годзе ўвайшоў у трупу Тэатра на Броннай, дзе з вялікім поспехам паказаў першую ў Расіі тэатральную версію рамана Джонатана Літтэла «Благоволительницы». Другі спектакль — «Вишневый сад» Чэхава з трансгендарнай актрысай у ролі Ранеўскай — ён не скончыў па незалежных ад яго прычынах.
Пасля ўварвання Расіі ва Украіну Мікіта Ільінчык пераехаў у Польшчу, дзе паставіў спектакль «F***ing in Brussels» у Teatr Polski Bydgoszcz і працаваў над стварэннем лібрэта для оперы «María de Buenos Aires» для опернага тэатра ў Варшаве.
Яго драмы «Цёмны пакой» і «Скажы прывітанне Абдо» перамаглі ў Міжнародным конкурсе «Аўрора» — драматургічнай прэміі горада Быдгашч.
Мікіта Ільінчык паставіў на сцэне Teatr Polski w Poznaniu od 1875 спектакль «Пігмаліён» паводле матываў слыннай аднайменнай п’есы Шоу. Спектакль У новым спектаклі, сцэнарый да якога беларускі драматург і рэжысёр напісаў з польскім паэтам Анджэем Блажэвічам, дзеянне адбываецца ў антыўтапічнай будучыні: у Польшчы працягваюцца аблавы і вываз мігрантаў, каб выжыць, гераіні трэба пазбавіцца ад усходняга акцэнту.
Апошні спектакль з яго драматургіяй, «Un-packing» (рэжысёр Кацярына Кальват, драматычны тэатр у Варшаве і Вроцлаўскі Сучасны тэатр), заснаваны ў тым ліку на рэпартажнай кнізе «Камяні павінны былі паляцець: мінулае Падляшша» Анэты Прымакі-Онішк. Кніга — рэпартаж пра досвед беларускай меншасці на Сакольшчыне ў час санацыйнай Польшчы, ваенны перыяд і пасляваенны час — калі праваслаўных беларусаў выганялі ў «Савецкі Рай».
«Беларускі кантэкст мне заўсёды быў важны. І ў Расіі, і тут, у Польшчы, усе мае героі — беларускія. Нават з польскімі акцёрамі і ў польскіх тэатрах — гэта ўсё роўна беларускія героі», — тлумачыў Мікіта Ільінчык у адным з інтэрв‘ю.
Paszporty Polityki — польская ўзнагарода ў сферы культуры, якая ўручаецца штотыднёвым часопісам Polityka з 1993 года. Намінантаў, якія спаборнічаюць у сямі намінацыях, часопісу дапамагаюць вылучыць прадстаўнікі польскай крытыкі.
Уручэнне ўзнагароды адбудзецца 11 студзеня 2026 года.