Сёння ў Беларусі 258+ кніг забаронены па палітычных і ідэалагічных прычынах. Мець такую кнігу дома — рызыка штрафу і зняволення. Пад забаронай знаходзяцца 208+ аўтараў. За апошнія 5 гадоў ліквідаваныя пяць выдавецтваў, не менш за 33 людзей слова знаходзяцца ў няволі, піша polskieradio.pl.

Крыніца: ain.ua
Забарона кніг — гэта не толькі акт цэнзуры, але і парушэнне права на свабоду слова і на доступ да інфармацыі, замацаванага міжнароднымі дамовамі. Беларускі ПЭН дакументуе кожны выпадак, каб праўда пра культурныя рэпрэсіі была захавана і пачута.
На адмысловым сайце збіраюцца спісы забароненых кніг, некаторыя гісторыі аўтараў і іх твораў, юрыдычныя наступствы забароны. Гэта напамін: нават калі кнігу забараняюць, яна не знікае. Беларускі ПЭН уключае ў свае спісы тыя кнігі, якія паводле міжнародных стандартаў не могуць быць забаронены, бо не з’яўляюцца злачынствам.
У Беларусі тры спісы забароненых кніг: афіцыйны «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», афіцыйны спіс «матэрыялаў, якія могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам», нефармальны спіс, які не існуе ў адкрытым выглядзе, але бібліятэкі і кнігарні ведаюць, якіх аўтараў нельга мець у доступе. Ён ствараецца праз даносы, візіты ідэолагаў і самацэнзуру.
За што забараняюць тую ці іншую кнігу? Сваім меркаваннем і ацэнкай дзеліцца кіраўніца Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай:
— Мы можам рабіць ацэнку, грунтуючыся на нашым разуменні сітуацыі. Але экспертныя меркаванні павінны грунтавацца на падставе судовых рашэнняў, на аснове таго, што кажуць самыя ўлады, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні. У нармальнай сітуацыі павінна быць судовае рашэнне з аргументацыяй, чаму, на думку суда, гэтая кніга з’яўляецца экстрэмісцкай. Мы такой раскошы не маем. Таму нашыя меркаванні базуюцца на разуменні сітуацыі. На маю думку, туды трапляюць кнігі з-за гістарычнай памяці. То бок кнігі, якія маюць адрозную ад афіцыйнай версіі гісторыю ў шырокім разуменні гэтага слова. Гэта кнігі, якія датычаць ідэнтычнасці Беларусі, і кнігі, наратыў у якіх адрозніваецца ад наратыву ідэалагічных сервісаў дзяржавы. Улады ўспрымаюць літаратуру і культуру як нешта, што павінна абслугоўваць ідэалагічныя інтарэсы сённяшняй дзяржавы. І гэта, напэўна, той ключ, які можа патлумачыць выбар кніг.
Выстава Беларускага ПЭНа пра забароненыя кнігі
Адной з адметнасцяў беларускай сітуацыі з’яўляецца тое, што ўлады забараняюць кнігі, якія яшчэ некалькі гадоў таму выдавалі тыя ж дзяржаўныя выдавецтвы.
— Кніга Алеся Петрашкевіча прайшла цэнзуру Савецкага Саюза, але не прайшла беларускую пасля 2020 года. Маім любімым прыкладам з’яўляюцца кнігі Уладзіміра Арлова. Яго кніга ёсць у спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, але мы ведаем, што і іншыя яго кнігі не могуць з’явіцца ў кнігарнях. Яны ў нефармальным спісе. Яго кнігі да 2020 года, калі яшчэ быў жывы міністр замежных спраў Макей, былі часткай падарункаў замежным дэлегацыям.
Забарона кніг — гэта прамая пагроза існаванню мовы, літаратуры і культуры. Беларускі ПЭН падкрэслівае, што беларусы, намагаючыся захаваць сваю ідэнтычнасць, дзейнічаць не толькі без падтрымкі дзяржавы, але і змагаюцца з яе абмежаваннямі. Друк шмат якіх беларускіх кніг у Беларусі на сёння немагчымы. З аднаго боку, ліквідаваныя ў Беларусі і выштурхнутыя за мяжу беларускія незалежныя выдавецтвы не маюць магчымасці сістэмна пастаўляць свае кнігі ў Беларусь, з другога — мова, тэма або аўтар кнігі могуць стаць прычынай для адмовы выдаваць яе ў выдавецтвах, што яшчэ засталіся ў Беларусі.