Пасля 70-гадовага перапынку Рада БНР аднавіла традыцыю выпуску паштовых марак. Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбук намеснік старшыні Рады БНР, журналіст Сяргей Навумчык.
«Маю прыемнасьць паведаміць шаноўнаму спадарству, што Рада БНР пасьля 70-гадовага перапынку аднавіла традыцыю выпуску паштовых марак, і першая прысьвечана Васілю Быкаву.
Як вядома, Рада БНР прапанавала абвясьціць 2024-ты годам Быкава, 100-годзьдзе якога беларусы адзначаць праз некалькі дзён.
Дызайн маркі зрабіў беларускі мастак, па сюжэце цяпер ужо клясычнага фотаздымка Ўладзімера Кармілкіна.
Для выпуску мы скарысталіся паслугамі Чэскай пошты, якая друкуе счэпкі разам зь дзейнымі знакамі паштовай аплаты Чэскай Рэспублікі. Зробленыя два лісты ў розных міжнародных літарных наміналах — як для ўнутраных, гэтак і міжнародных адпраўленьняў.
Акрамя таго, абмежаваным накладам выпушчаныя два лісты з павялічанай выявай маркі з партрэтам Быкава і з сюжэтам вядомай паштоўкі з «Пагоняй» і выявамі беларускіх гарадоў. Між іншым, нам удалося скарыстаць марку Чэскай пошты зь літапрай В (пры жаданьні, можна чытаць як «Васіль», а можна — як «Bykau»), дзе ёсьць выява бел-чырвона-белага сымбалю.
Падобныя выданьні ў счэпках зь дзейнымі знакамі паштовай аплаты зьяўляюцца прадметам філятэліі, і мы пастараемся, каб хаця б невялікая колькасьць «быкаўскіх» марак патрапіла на тэрыторыю Беларусі.
Спадзяемся, што ў вольнай Беларусі выява гэтай маркі зьявіцца, напрыклад, на блёку пошты будучай вольнай Беларусі.
Нагадаю, апошнім разам Рада БНР выдавала маркі ў пачатку 1950-х гадоў у Францыі. Тады зь ініцыятывы Прэзыдэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка выпушчаныя дзьве сэрыі марак. Аўтар сэрыі з выявамі Прэзыдэнтаў БНР Пётры Крэчэўскага, і Васіля Захаркі, а таксама Дому Рады БНР, да гэтага часу застаецца невядомым. Сэрыя з Пагоняй і мапай Беларусі друкавалася паводле эскізаў Уладзімера Шыманца — бацькі Івонкі Сурвіллы», — напісаў Сяргей Навумчык.