«Radyjo Niamiha». Гурт Syndrom Samazvanca анансаваў выхад альбома кавераў на песні беларускай рок-сцэны 1990-х

Новы альбом «Radyjo Niamiha» ад беларускага гурта Syndrom Samazvanca з’явіцца ў сеціве 6 кастрычніка, але ўжо цяпер на Bandcamp можна зрабіць перадзаказ лічбавай плыткі, паведамляюць музыкі на сваёй старонцы ў Фэйсбук.


Vokladka

«Сем пераасэнсаваных песень (часам даволі радыкальна) з архіваў беларускай незалежнай музыкі.

Версія на Bandcamp уключае бонус — альтэрнатыўную версію «Шэфа ў гістэрыцы» Заставайцеся на нашых хвалях!

Pre-order: тут».

Чытайце яшчэ: «Чарговая спроба вызваліць сваё выказванне»: Уладзь Лянкевіч пра новы альбом, «вечную» гісторыю пра дармаедаў і вялікае (не)свядомае музыкі

Таксама музыкі распявялі пра гісторыю стварэння новага альбома.

«Недзе год таму мы пайшлі на Студыю 42 у Менску, каб запісаць свае версіі песень беларускай рок-сцэны канца XX ст. Адцягваць не было куды, бо Уладзю трэба было класціся ў лякарню. Рабілі ўсё хутка ды спантанна. Пакуль наладжвалі гук, памянялі ў адным месцы басовую партыю, пісалі пачкам бас, гітару, барабаны.

Наогул пераасэнсаваць трэкі 90-х нас прымусіў гурт Relikt — Belarus, які ў 22 годзе выпусціў альбом «Былі. Ёсць. Будзем». Уладзь хадзіў і енчыў, маўляў, чаму яны пераспявалі тую песню, а не тую, а чаму так, а яшчэ ж вось такое ёсць і г.д. Цярпець ныццё было немагчыма, і ў выніку Самазванцы пастанавілі зрабіць уласныя каверы на легендарныя гурты.

Нябачным, прывідным натхняльнікам таксама стаўViktar Siamaška, які пастаянна публікуе хронікі мінулых часоў. Яму ж дзякуй за адну падказку, якая дапамагла вызначыцца з назвай рэлізу.
Легендам дзякуй за музыку і словы», — адзначыла каманда.

Syndrom Samazvanca — беларускі гурт, які стварае музыку на стыку псіхадэл-року, панку і нью крафтроку. На пачатку гэтага года ў гурта выйшаў экзістэнцыяльны альбом «Востраў скаргаў».