Сёння святкуе 95-гадовы юбілей жывы класік і непахісны аўтарытэт ў галіне геолага-мінералагічных навук, прафесар, колішні віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат безлічы дзяржаўных і замежных прэмій, аўтар прарыўных манаграфій і шэрагу найважных доследаў усепланетнага значэння Радзім Гарэцкі. Нам цяжка паверыць, быццам хтосьці можа не ведаць пра шаноўнага Радзіма Гаўрылавіча, таму проста лішні раз самі сабе нагадаем, чаму для нас такое шчасце падзяліцца з вамі гэтай навіной.
Акадэмік Радзім Гарэцкі
1. Па-першае, 95 гадоў — ужо само па сабе пэўнае дасягненне
Словы гэтыя камусьці могуць падацца простымі і пуставатымі. Але варта падыйсці да першага-лепшага мінака з адкрыццём, што ёсць у Беларусі акадэмік, навукова актыўны і дзейны, усімі паважаны, на цэлы свет аўтарытэтны, а сёння яму споўнілася 95 гадоў — і рэакцыя будзе прадказальная. Літаральна кожны, адчуўшы прыліў некантраляванай стыхійнай павагі да патэнцыялу беларускіх сыноў і дасягненняў беларускай навукі, прыцмокне і пахітае галавой.
Генадзь Бураўкін, Леанід Дранько-Майсюк і Радзім Гарэцкі. Фота: zbsb.org
2. У платформах тэктанічных ён адзін разбіраецца нашмат лепей, чым усе ютуб-аналітыкі разам узятыя ў платформах палітычных
Прадметы навуковых зацікаўленасцяў акадэміка Радзіма Гарэцкага даволі спецыфічныя, каб падаваць тут іх пералік, і палягаюць далёка не ў гуманітарнай галіне, як у большасці выбітных асобаў, пра якіх мы пішам.
Не абазнаны ў найноўшых дасягненнях геалагічнай навукі паспаліты чытач ні каліва з таго спісу не зразумее, затое з лёгкасцю запомніць, што навуковіх прац, манаграфій, тэктанічных мапаў, вынаходніцтваў і да таго падобнага Радзім Гаўрылавіч стварыў агулам больш за паўтысячы, і карысці яны прынеслі нямала.
З іх дапамогай стала вядома, да прыкладу, пра газаносныя раёны Прыаралля, пра Базайскае радовішча нафты ў Казахстане. Пры непасрэдным удзеле Радзіма Гарэцкага чалавецтва атрымала тэктанічныя мапы Еўропы і Еўразіі, а Беларусь — нацыянальную школу тэктонікаў як вынік шматгадовай працы Інстытута геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і дзейнасці кафедры геалогіі на геафаку БДУ, якія ён узначальваў.
Скуль такія глыбокія веды пра далёкія краі? Так атрымалася.
3. Пацярпеў ад «тых самых» рэпрэсій 30-х гадоў
Хаця з нейкай прычыны абвінаваціць паўтарагадовага хлопчыка ва ўдзеле ў «Саюзе вызвалення Беларусі» (тагачасны народны артыкул для інтэлігенцыі) або зрабіць фігурантам справы «Працоўнай сялянскай партыі» ГПУ ў 1930 годзе не даўмелася, цяжар гэты не абмінуў ягонага бацьку, акадэміка Гаўрылу Гарэцкага. Яму двойчы выносілі расстрэльны прысуд і двойчы замянялі яго лагерамі, дзе, да шчасця, прыдаваўся яго інжынерна-геалагічны талент, што дазваляла працаваць па спецыяльнасці. Але Радзіму, яго малодшаму сыну, жыць давялося ў высылцы.
Гаўрыла Гарэцкі з братам Парфірам і сынам Радзімам. Магілёў. 3 траўня 1974 года. Фота: www.movananova.by
Апісаць у адным абзацы ўвесь пакручасты жыццёвы шлях сям’і Гарэцкіх у наступныя пасля арышту 40 гадоў папросту немагчыма. Нават сам Радзім Гаўрылавіч прысвяціў рэканструкцыі жыццёвага шляху свайго бацькі (а заадно і яго брата, класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага) не адну таўсценную дакументальна-эпісталярную кнігу: гэта і «Браты Гарэцкія»; і створаная на падставе архіваў КДБ, куды ў ліхія 90-я людзей пачалі былі пускаць, «Ахвярую сваім «Я»», і «Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі і Ўкраіна»...
Найбольш кранальны том з гэтай серыі — «Лісты жыцця і кахання». Сёння, калі ў Беларусі эпісталярны жанр з сумных нагодаў перажывае рэнесанс, «Лісты...» могуць прынесці сваім чытачам нямала карысці. Кніга ўтрымлівае ліставанне бацькоў спадара Радзіма — Гаўрылы Іванавіча і Ларысы Восіпаўны — і ў пэўнай ступені з’яўляецца, калі не рэцэптам, то дакументацыяй досведу захавання добрых адносін у сям’і, якая большую частку свайго жыцця вымушана пражыць у разлуцы.
4. Прайшоў шлях ад сына «ворага народа» да доктара навук і атрымальніка Дзяржпрэміі
Пра гэта ў Радзіма Гарэцкага таксама ёсць кніга, да якой мы чытачоў і адсылаем — называецца «Акадэмік Яншын — дарагі мой настаўнік і сябар».
Для нас жа найдаражэй тое, што «апантаны Бацькаўшчынай» Радзім Гарэцкі вярнуўся ў Беларусь у 1971 годзе (ягоныя бацькі — на пару гадоў раней), за плячыма маючы досвед жыцця ў мецах з нянаскімі назвамі, накшталт «Тулома» ці «Мядзвежагорск», атрыманую ў Маскоўскім нафтавым інстытуце вышэйшую адукацыю, досвед навуковай працы ў Геалагічным інстытуце Акадэміі навук СССР і доктарскае званне. Узначаліў аддзел, а пазней і Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР, а ў незалежнай Беларусі пабыў нават віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук.
І не толькі віцэ-.
5. Рабіў прэзідэнтам Бацькаўшчыны яшчэ да таго, як гэта зрабілася канстытуцыйным мэйнстрымам
Узначальваў шаноўны Радзім Гаўрылавіч, што праўда, усяго толькі аднайменную арганізацыю, затое буйную, міжнародную і цягам васьмі гадоў — «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»» (ліквідавана рашэннем суда ў 2021 г.). І хоць прэзідэнтам ён быў не першым (першым прэзідэнтам быў, як усім вядома, Васіль Быкаў), абралі на пасаду Радзіма Гарэцкага падчас эпахальнай падзеі — Першага з’езду беларусаў свету. Тое быў прарыўны акт яднання грамадскасці, дыяспары і дзяржавы ў справе аб’яднання падзеленых савецкай самаізаляцыйнай палітыкай беларусаў замежжа з беларусамі тутэйшымі, таму можна смела казаць, што на карысць Радзіма Гарэцкага быў дэмакратычны выбар беларусаў усяго свету.
Чытайце яшчэ: У адным шэрагу з аднаўленнем незалежнасці. 30 год таму ў Мінску прайшоў Першы з’езд беларусаў свету
Грамадская дзейнасць Радзіма Гаўрылавіча гэтым не абмяжоўвалася. Ён быў сябрам рады і Таварыства беларускай мовы (ліквідавана рашэннем суда ў 2021 г.), і Таварыства беларускай інтэлігенцыі, і Беларускага фонду культуры, прадказальна старшыньстваваў у Фондзе братоў Гарэцкіх, а ў Фондзе імя братоў Луцкевічаў, здаецца, таксама прэзідэнцтваваў.
Рэдакцыя budzma.org сардэчна віншуе шаноўнага Радзіма Гаўрылавіча з 95-годдзем!
Зычым моцнага здароўя і натхнення, заўжды заставацца такім жа імпэтным і актыўным!