“Севярын, магчыма ты палічыш мяне псіхам, але я прапаную ў суботу пракаціцца ў Маладзечна на Дажынкі”, — прапанаваў мне па тэлефоне прыяцель. Я ані сэкунды не вагаўся, бо ведаў, што атрымаю шмат карыснай інфармацыі пра тэндэнцыі ў разьвіцьці сучаснай афіцыйнай ідэалогіі. А яшчэ я ведаў, што пабачу шмат таго, што прынята называць прыколам.
Сымпатычныя скульптуры выклікалі пазытыў ва ўсіх, незалежна ад эстэтычных перавагаў.
“Паедзем на Дажынкі, папрыкалываемся” — вось, бадай, галоўная матывацыя тых менчукоў, якіх я сустрэў у Маладзечна. Іншая сытуацыя для пацаноў з навакольных вёсак, для якіх Дажынкі ці ня першая і апошняя магчымасьць убачыць недалёка ад сваіх дамоў грандыёзнае відовішча.
Едучы ў Маладзечна я ўзгадваў, як першы раз апынуўся на Дажынках у Слуцку ў 2005. Галоўная вуліца гораду была падобная да шматкілямэтровага вясельнага стала. Людзі пілі танныя гарэлку, піва і шампанскае, заядалі таннымі шашлыкамі, міліцыі ў форме было няшмат, аздабленьне фэсту не вылучалася разнастайнасьцю, але самае галоўнае — усе шчыра весяліліся.
Эксплюатуючы савецкую тэматыку, вытворцы імкнуцца, каб кшталт прадукту быў дыямэтральна супрацьлеглы — якасны. Праверана на піве маладзечанскага прыватнага бровару.
Відаць, 2005 — росквіт сістэмы, якая пачала будавацца ад 1994. Працаўнікі сяла ў прамым сэнсе слова малацілі немалыя для беларускай вёскі грошы, выдаваліся спажывецкія крэдыты, дзеці адпраўляліся на платнае навучаньне ў Менск, і пэрспэктывы на будучыню павялічваліся з кожнай выпітай на Дажынках чаркай.
Вуліца Вольная перакрытая салдатам унутраных войскаў. Салдатаў сотні па ўсім пэрымэтры зоны фэсту. Прайсьці ў цэнтар можна толькі праз адмысловыя КПП. У цэнтры раз-пораз маршаруюць калёны ў міліцэйскай форме.
Маладзечна сустрэла добрым надвор’ем, сымпатычным хэнд-мэйдам і панурымі галовамі большасьці ўдзельнікаў. Цэнтар быў ачэплены салдатамі ўнутраных войскаў, у самой сьвяточнай зоне раз-пораз маршаравалі людзі ў міліцэйскай форме. Было адчуваньне сьвята ў лягеры ці гета. Прыяцель перакладаў і адразу агучваў нямецкай мовай лёзунгі вонкавай агітацыі, а ў мяне узьнікалі асацыяцыі з Дажынкамі 1942 году.
Смалявіцкае РАЙПО безумоўна ў тройцы самых дзіўных крэатараў. Тэматыка Другой сусьветнай вайны ў спалучэньні з украінскай мовай і нямецкай аўтаматычнай зброяй (гл. здымак 1) выклікала асацыяцыі з Украінскай Паўстанцкай Арміяй.
Панаехаўшыя менскія турысты нязлобна кпяць з “калхознага глямуру” ад смалявіцкага РАЙПО: “У нібыта вайсковым рэстаране абрусы “па-багатаму”.
Дзяўчына-афіцыянтка вельмі старанна працавала, але якасьць ежы была блізкай да візуальнага выгляду чэку, што нам пасьля прынесла.
Рэстаранны чэк.
Калі ў 2005 я адчуваў сябе на Дажынках жуком у мурашніку — чужынцам, якому толькі і заставалася, што ёрнічаць ад уласнага бясьсільля штосьці зьмяніць, то ў Маладзечна я пачуваўся па-іншаму. Такая сабе адасобленасьць назіральніка, які дакладна ведае, што эпоха Дажынак ідзе да заканчэньня. Эпоха той радасьці і ўпэўненасьці ўзору 2005 году. Прадчуваньне завяршэньня фокусу, і набліжэньне выкрыцьця гэтага самага фокусу, які дэманстраваўся працаўнікам сяла больш за дзесяць гадоў.
Кавярня “У Скарыны”.
Торт ад кавярні “У Скарыны”.
Шар, зьлеплены з кучы статысячных купюр. Рэкляма адной з латэрэйных кампаній. “Я думаў, гэта гара сьмецьця з абясцэненай валюты”, — дзівіцца адзін зь менскіх турыстаў.
Посуд.
Адваротны бок сьвята, двор дома, што фасадам выходзіць на адну з цэнтральных вуліц.
Мне заставалася толькі дзівіцца хворай фантазіі масавікоў-зацейнікаў зь мясцовых адміністрацый розных раёнаў. Людзі імкнуліся зрабіць як лепей, як крэатыўней, а ўзабагацілі разьдзел сучаснай беларускай культуры, імя якому — by_trash. Хіт сэзону — Лагойскае РАЙПо з рэклямай кавярні “Імпэратрыца”, дзе беларускім аграрыям прапанавалі адчуць сябе расейскімі царамі часоў захопу сучаснай Беларусі. Магчыма, гэты прадукт РАЙПО-стайлу — вяршыня сучасных крэатыўшчыкаў ад улады. Ну хіба яшчэ песьня “Ваше благородие, госпожа удача…”, што гучала з галоўнай сцэны Дажынак у выкананьні хору беларускай народнай песьні. :)
Беларуская ўдарніца аграпрамысловага комплексу на хвіліну ўяўляе сябе расейскай царыцай.
Як бы магло выглядаць беларускае сьвята ўраджаю? Варыянтаў шмат. Вось у Францыі, вінаградарскай краіне, Дажынкі завуцца сьвятам маладога віна. Сьвяткуе ўвесь народ плюс заморскія тэрыторыі. Што цікава, без указаньняў зьверху і без галоўнага рэжысёра-зацейніка. Хто як можа. І атрымліваецца разнастайна, але гэта зусім іншая гісторыя. Бо ў Францыі пануе прыватная ўласнасьць, а значыць і прыватная ініцыятыва. А яшчэ наўрад ці там адкрыюць рэстаран “Кайзэр”, і прапануюць ахінуцца ў атмасфэру акупацыі Францыі прускімі войскамі. Ну, і вядома, у Францыі няма РАЙПО.
На першым фота — куток у кавярні “Победа” смалявіцкага РАЙПО