Пісьменнік Алесь Кіркевіч разважае на budzma.by пра тое, чаму Расійская імперыя захоўваецца, няхай і ў іншым фармаце.
Калі зірнуць на мапу Расійскай імперыі 1815–1915 гадоў, у вочы кідаецца выступ на заходнім кірунку. Для імперыі ён меў для надзвычай важнае значэнне. Гэта Каралеўства Польскае. Дзіўнае ўтварэнне, са сваімі асаблівасцямі і нават грашыма (да часу), але цалкам падкантрольнае Пецярбургу.
Расія: імперыя як армія і армія як імперыя
Тады стратэгічны план Расіі на выпадак вялікай вайны выглядаў так: з Польшчы злучэнні ідуць на Кёнігсберг, адсякаюць Усходнюю Прусію. Іншыя — наўпрост на Берлін. Яшчэ частка — на поўдзень, блакаваць Львоў і Кракаў, біць па Аўстра-Венгрыі. Заходні выступ быў ідэальным плацдармам для вайны з Захадам.
Сёння, калі Расія адсунулася на сотні кіламетраў на ўсход, заходні выступ усё адно выглядае падобна. Імя яму — Беларусь. Варта толькі паставіць на месца Усходняй Прусіі краіны Балтыі (войскі НАТА там маюць сімвалічную функцыю), замест Германіі — Польшчу, замест Аўстра-Венгрыі — Украіну...
Беларусь для Расіі сёння важнейшая, чым некалі Польшча. Ад Віцебска да Масквы — рукой дастаць. Больш за тое, палякі заўсёды былі анталагічным ворагам Масковіі-Расіі, іншая рэч беларусы — адзін з трох «братніх народаў». Страціўшы Украіну (з калыскай Русі — Кіевам), без Беларусі Расія б геапалітычна засталася больш азіяцкай, чым еўрапейскай дзяржавай. А гэта зусім іншы статус і бачанне саміх сябе.
Зразумець імперыю
Каб зразумець Расію і яе палітыку, трэба ўсвядоміць, што гэта імперыя. Не проста тэрыторыя або «бензакалонка». Імперыя — гэта адпаведны ўзровень арміі, навукі, дыпламатыі, але найперш — амбіцыяў. Бразілія, Канада ці Індыя таксама маюць тэрыторыю, рэсурсы, але гэта не імперыі. Іншая філасофія, падыход да рэчаіснасці.
Расійскія інтэлектуалы любяць пісаць, што іх краіна заўсёды была «імперыяй наадварот». Маўляў, іншыя (Брытанія, Францыя) толькі смакталі рэсурсы з калоніяў, а Расія — аддавала, цывілізоўвала. Іншае пытанне, ці патрэбна тое было якім-небудзь узбекам, калі ва ўсёй краіне, калі коштам сельскай гаспадаркі і Аральскага мора краіну пераарыентавалі на вырошчванне бавоўны? Ці трэба было цывілізоўваць палякаў і беларусаў пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, якія і без таго былі часткай Еўропы?
Расія — гэта армія на маршы. Армія, у якой ёсць тэрыторыя і рэсурсы, агромністая краіна. Армія з прускай вывучкай, ардынскай арганізацыяй і падыходам. Магчыма, на мяжы прускага і татарскага менталітэтаў акурат і хаваецца «загадка рускай душы», праслаўленая імперскай літаратурай.
Ключавая ідэя вайсковай супольнасці — гэта абвостранае адчуванне небяспекі. Калі гэтая ідэя шчыльна ўплеценая ў дзяржаўную ідэалогію, на выхадзе атрымліваецца комплекс страхаў, які перакрываецца паказным мілітарызмам і гатоўнасцю да прэвентыўнай экспансіі ў кожны момант.
«Отечество в опасности» — найбольш лаканічная фармулёўка расійскай нацыянальнай ідэі, якая тлумачыць безліч сітуацыяў і гістарычных кейсаў: ад «прасякання акна ў Еўропу» да падзелаў Рэчы Паспалітай. Кожны раз, калі Расія нападае, яна тлумачыць гэта мэтамі справядлівай абароны сваіх межаў і інтарэсаў. Што Лжэдзмітрый, што Напалеон — усё гэта выклікі, на якія нельга не адказваць.
А яшчэ частка імперскай эліты пачынаючы з 90-х выразна адчула сябе «падманутай» Захадам. Пасля скону СССР і пачатку сяброўства са Штатамі ў Маскве імкнуліся перазагрузіць адносіны і разам дзяліць свет наноў. Але на Захадзе ўжо не ўспрымалі Расію ўсур’ёз. Кітай выглядаў больш цікавым, магутным. Мала таго, пачаліся «каляровыя рэвалюцыі» ў СНД, якія Масква расчытала як экспансію ў сваю сферу ўплыву. Вынік — крыўда, злосць, жаданне помсты.
Не разумеючы гэтага, малюючы Расію выключна як краіну-няўдаху з ачковымі сарцірамі, мы падманваем саміх сябе. Расія мае глыбінную імперскую філасофію, ад якой, у адрозненне ад Брытаніі ці Францыі, не збіраецца адмаўляцца. Мае комплекс выпрацаваных стагоддзямі рэфлексаў, згодна з якімі біць трэба не ў адказ, а першым: «...тебя так учил отец с ранних лет».
Расія страчвае пазіцыі, але застаецца імперыяй
Відавочна, Расія слабее. За апошнія 100 гадоў яна некалькі разоў страчвала тэрыторыі: пасля 1917-га, пасля 1991-га. Сёння яна надалей спрабуе гуляць у сусветную дзяржаву, але гэта ўжо зусім не СССР. РФ паступова робіцца сатэлітам Кітая, бо будучае глабальнае супрацьстаянне — акурат паміж КНР і ЗША. Для нас, беларусаў, сітуацыя нагадвае «матрошку»: Расія пры Кітаі, мы — пры Расіі...
РФ працягвае страчваць уплывы нават на прасторах СНД. Сярэдняя Азія фактычна непадкантрольная. Больш за тое, краіны Азіі нарошчваюць чалавечы капітал: ва Узбекістане ў 1991-м жыло 19 мільёнаў, цяпер — 34. Рост амаль у два разы. У Расіі ж хутка давядзецца засвойваць не Сібір, а якую-небудзь Пскоўшчыну, дзе дэмаграфія не выраўнялася з 1945 года.
Цікавая сітуацыя вынікла пасля нядаўняй сустрэчы Эрдагана і Аліева ў Шушы. Апроч дамоўленасці аб стратэгічнай супрацы вонкі выплыла ідэя «Турану» — абароны і адраджэння цюркскай цывілізацыі, ад гагаўзаў да ўйгураў. Гэта вялізны паўмесяц праз усю Еўразію. Фактычна — ідэя «рускага свету» наадварот, у цюркскім прачытанні, амбітная і перспектыўная.
Украіна, калыска Русі, ад Расіі ўжо відавочна сышла. І няма розніцы, якое прозвішча ў тамтэйшага прэзідэнта. Мабыць, расійскім палкоўнікам, якія пачыналі сваю службу 30-35 гадоў таму недзе на мяжы ЧССР і Аўстрыі, у страшным сне не магло прысніцца, што на Данбасе будзе стаяць фронт на старых пазіцыях Гудэрыяна 1943 года...
Чытайце таксама: Ці будзе новая вайна ва Украіне?
Разам з тым марна цешыць сябе надзеямі, што РФ разваліцца заўтра-пазаўтра. Краіна ў стане накарміць сваё насельніцтва. Нязгодныя, замест каб бунтаваць, з’язджаюць за мяжу. Пуцін не малады, але малодшы за Байдэна, ды і апошні — зусім не Рэйган. І няхай ВУП РФ сёння роўны ВУП Іспаніі (нават не Францыі ці Германіі), імперыя застаецца, няхай у іншым фармаце: гэта ўжо не бязмежныя багацці з насельніцтвам, але армія + тэрыторыя.
Свае 30% выбаршчыкаў расійцы тут будуць мець заўжды
Беларусь будзе залежнай ад Расіі столькі, колькі Расія будзе існаваць. У тым ці іншым фармаце. Часам, напрыклад, кажуць пра перспектыву «фінляндызацыі» (Валер Цапкала, год таму). Нагадаем, што ў Фінляндыі была забароненая крытыка СССР, стварэнне вайсковых базаў з замежнымі войскамі, нарошчванне ўзбраенняў. Такія былі ўмовы Саюза для мірнага суіснавання.
Але для Беларусі такая формула не спрацуе. СССР не ўмешваўся ва ўнутраныя справы фінаў, не ставіў там сваіх прэзідэнтаў, не інтрыгаваў праз камуністычныя структуры ўплыву. Сталінскі праект Карэла-Фінскай ССР быў закрыты, фінскіх камуністаў кшталту Куусінена злілі як непатрэбшчыну. Фінляндыя па сутнасці была незалежнай еўрапейскай краінай, якая проста не ішла з СССР на канфрантацыю.
Чытайце таксама: Акупацыя, інтэграцыя або... «фінляндызацыя»?
Гэта не пра нас. Нават калі да ўлады ў РФ прыйдзе ўмоўны Навальны, імперыя перазагрузіцца, а сітуацыя стане нагадваць новую ельцынскую эпоху, Беларусь застанецца ў сферы сур’ёзнага грашова-палітычнага ўплыву. Свае 30% выбаршчыкаў расійскія кандыдаты тут будуць мець заўжды. Што казаць, калі прарасійскія палітыкі маюць месца ў парламенце Украіны, нягледзячы на ваенны канфлікт.
Жалезная заслона не назаўжды
Іншая рэч, што настроі насельніцтва тут ужо не тыя, што ў 1994-м ці нават у 2019-м. У 2020-м РФ узмацніла свае «антыпазіцыі» на фоне палітычнага крызісу ў краіне. Калі раней Беларусь умоўна можна было браць голымі рукамі, як Крым, то цяпер, нават пры варыянце «крымскага сцэнару», Масква атрымае на сваю галаву новую Чэхаславакію ці познесавецкую Літву: «сваю» рэспубліку, у якой цябе ўсе ненавідзяць.
Чытайце таксама: «Чырвоны світанак» 1980-х. Мінулае, якое стала будучыняй
Відавочна, што нават калі новая жалезная заслона стане цалкам рэальнай, гэта не будзе перспектывай 20-40 найбліжэйшых гадоў. Усё вырашыцца і перазагрузіцца значна хутчэй. Калі кажуць: «Заўтра Беларусі не будзе!», хочацца аспрэчыць. Хто вы? Дразафілы. Сёння нарадзіліся, заўтра памраце. А Беларусь — будзе.
Нават пры найгоршым сцэнары беларусы будуць ужо не насельніцтвам, а супольнасцю, нацыяй, гатовай вырвацца з кіпцюроў пры першай магчымасці.
Алесь Кіркевіч, budzma.by