“Re1ikt” у Пружанах

У мінулыя выходныя, 10 мая у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” прайшла творчая вечарына-сустрэча з вядомым беларускім гуртом “Re1ikt”, які прыехаў з Мінска ў рамках свайго чарговага “Будзьма-туру”.

Госці, якія, нягледзячы на дажджы, прыйшлі на вечарыну, атрымалі сапраўднае задавальненне ад шчырых і ўдумлівых кампазіцый ў выкананні музыкаў: Уладзіміра Казлова (вакал), Алеся Дземідзенкі (кіраўнік гурту), Зміцера Наркевіча і Віталя Макшуна.

Гурт “Re1ikt” існуе з 2007 г. і на сенняшні дзень, на думку шэрагу крытыкаў, з’яўляецца адным з найцікавейшых калектываў Беларусі. За гэты час гурт выдаў два альбомы – “Kryhachod” і “Рэкі прабілі лед”, зняў некалькі якасных і цікавых відэаролікаў, даў вялікую колькасць канцэртаў, прычым не толькі на буйных пляцоўках, зведаў змены свайго складу. У мінулым годзе “Re1ikt” здзейсніў даволі цікавы і крэатыўна-нестандартны праект – стварыў музыку да беларускай нямой кінастужкі У. Корш-Сабліна “У агні народжаная”, знятай у 1929 годзе. Музыканты змаглі глыбока пранікнуцца сутнасцю фільма, і, фактычна, напоўніць яго дадатковым сэнсам, які можа стаць зразумелым цяперашняму слухачу і гледачу. Як адзначаюць кіназнаўцы, гэты стары савецкі рэвалюцыйна-прапагандысцкі фільм, напоўнены сучаснай музыкай “Re1ikt”, набыў іншае гучанне і набыў рысы фантастычнага арт-экспэрыменту. У 2013 г. фільм з жывой музыкай быў прадстаўлены на Міжнародным кінафестывалі «Лістапад» у Мінску, кінаканцэрты прайшлі ў Брэсце і Цярэспалі (Польшча).

Гурт “Re1ikt” у час выступлення ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”.

Фестывальнае жыцце калектыву з’яўляецца асобнай старонкай дзейнасці “Re1ikt”. Гурт быў  удзельнікам самых разнастайных праектаў у Беларусі і Польшчы. На працягу апошніх гадоў калектыў стаў пераможцам прэстыжных фестываляў “Rockowisko” і “Jesien Bardow” у Польшчы. У 2013 г. “Re1ikt” атрымаў узнагароду “Героі году” ад парталу Tuzin.fm, абыйшоўшы такіх вядомых музыкаў, як “Ляпіс Трубяцкі” і “N.R.M.”.

Падчас вечарыны ўдзельнікі “Re1ikt” выканалі каля дзесятка твораў. У першую чаргу гэта вядомыя аўтарскія праекты – “Вочы”, “Тры хвіліны перакур”, “Брудная дзяўчына”, “Рэкі пад ільдом”. Выканаўцы таксама прадставілі ўласную беларускамоўную інтэрпрэтацыю культавай кампазіцыі Н. Янга “Old men” (“Стары”) і нестандартна апрацаваны вядомы фолк-матэрыял (“Ой рана на Йвана”) і інш. Такая разнастайнасць ў выбары музычнага матэрыялу сведчыць аб пастаянных пошукавых памкненнях і схільнасці да творчых эксперыментаў, прагі да новых форм самавыяўлення, безупыннум руху наперад і, у той жа час, своеасаблівым почырку, які прасочваецца ў кожным творы, з якім працуюць гуртоўцы. Трэба адзначыць, што гурт не абмяжоўвае сябе прыналежнасцю да пэўных стыляў, накірункаў і тэм, хаця ў іх развіцці былі і гранж, і пост-метал, арт- і прагрэсіў-рок і інш. У той жа час “Re1ikt” не ідзе па шляху эксперымента дзеля эксперымента, ен добра адчуве мяжу, таму творы ў іх выкананні вызначаюцца густам, зваротам да найлепшых музычных традыцый, эмацыянальнасцю і ўдумлівым стаўленнем да музыкі і слова. Можна сцвярджаць, што гэтыя пастаянныя творчыя шуканні – вынік безупыннай працы над сабой, выяўленне глыбіні, сапраўднага сэнсу.

Паміж выкананнямі музыкі праводілі конкурс на чытанне беларускамоўных вершаў – удзельнікі атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма Беларусамі!”, а таксама промапрадукцыю гурта.

Знаемства пружанскай публікі з гуртам “Re1ikt” стала сапраўдным святам для тых, хто шануе сапраўдную творчасць.

 

Наталля Пракаповіч

Тэгі: