Усім добра вядомая гісторыя кахання індзейскай прынцэсы Пакахонтас і англійскага капітана Джона Сміта. Дзякуючы галівудскаму мультфільму зараз ужо амаль няма людзей, не знаёмых з гэтай гісторыяй. Але мала хто ведае, што падчас сваіх вандровак адважны капітан наведаў і тэрыторыю нашай Радзімы, а першыя паўночнаамерыканскія фартэцыі маглі быць збудаваны па ўзоры аднаго з беларускіх замкаў.
Джон Сміт. Крыніца: biography.com
Авантурны юнак
Джон Сміт быў ахрышчаны 9 студзеня 1580 года ў царкве Святой Алены ў мястэчку Уілоўбі, графства Лінкальншыр, Англія. Яго бацькамі былі Джордж і Эліс Сміт. Джордж быў фермерам сярэдняй рукі, які валодаў зямлёй у акрузе. У дзяцінстве Джон вучыўся ў мясцовай школе, вывучаў чытанне, пісьмо, арыфметыку. Не жадаючы станавіцца фермерам, Джон збег у 13 гадоў з дому, каб стаць мараком. Бацька знайшоў сына і вярнуў яго назад, прымусіўшы ісці працаваць да суседняга купца Томаса Сэндала. Але авантурная натура юнака не давала яму спакою, таму ў 1596 годзе, пасля смерці бацькі, Джон адплыў у Францыю, суправаджаючы сына лорда Уілоўбі. Даволі хутка ён пакінуў апошняга і далучыўся да англійскіх дабраахвотнікаў, якія змагаліся з іспанцамі за незалежнасць Нідэрландаў. Перамір’е спыніла гэтыя баі ў 1598 годзе, і Джон вярнуўся ў Англію.
Сміт пачаў жыць на зямлі лорда Уілоўбі. Там будучы знакаміты даследчык усё ж такі быў вымушаны заняцца фермерствам і навучыцца жыць за кошт працы на зямлі. Але ён ніколі не замыкаўся толькі на гэтым, увесь час шмат чытаў. У асноўным гэта былі кнігі аб правілах вайны і палітыкі.
У 1600 годзе, даведаўшыся пра вайну паміж кааліцыяй хрысціянскіх дзяржаў на чале з Аўстрыяй і туркамі-мусульманамі, Сміт адправіўся ў імперыю Габсбургаў, каб далучыцца да аўстрыйскай арміі. Па дарозе ён перажыў шмат прыгод, пакуль не далучыўся да арміі Свяшчэннай Рымскай імперыі. Ваяваць яму давялося на тэрыторыі Венгрыі, Валахіі і Трансільваніі, дзе ён атрымаў некалькі ўзнагарод за сваю адвагу ў баі. Адной з узнагарод было званне капітана, якім ён ганарыўся да канца жыцця. Гаспадар Трансільваніі Сігізмунд Баторы дараваў Сміту гэты тытул, а разам з ім і герб, які складаўся з трох галоў, якія прадстаўлялі трох туркаў, забітых Смітам у індывідуальных рыцарскіх паядынках.
Герб Джона Сміта. Крыніца: wikipedia.org
Нястомны вандроўнік
Сміт паказаў сябе вельмі адважным і ўдачлівым салдатам. Але яго ўдача скончылася ў 1602 годзе, калі ён быў паранены і ўзяты ў палон у бітве і прададзены ў турэцкае рабства. Яго выкупіў шляхетны асман Багал і адправіў як падарунак сваёй нявесце Чарызе ў Канстанцінопаль. Сміт быў вымушаны прайсці пешкі 600 міль да былой візантыйскай сталіцы, дзе капітана чакала новая прыгода.
Паводле апавядання Сміта, Чарыза захапілася ім. Але ён даволі хутка надакучыў прыгажуні, і яна адправіла яго да свайго родзіча Тымора Башы, на Дон. Тымор дрэнна абыходзіўся з ім, галіў яму галаву, надзяваў жалезнае кальцо на шыю, марыў яго голадам і часта здзекаваўся з яго. Падчас адной з такіх экзекуцыяў Сміт не вытрымаў. Ён збіў ката цэпам да смерці і ўцёк, выкарыстаўшы каня і вопратку Тымора. Пятляючы па бяскрайніх стэпах, амаль ужо згубіўшы надзею на тое, што яму ўдасца выжыць, ён раптам натыкаецца на маскоўскую заставу. Але паблізу Бранска караван змяняе шлях і рухаецца ў напрамку Ноўгарада-Северскага. Восенню 1603 года караван перасякае мяжу Вялікага Княства Літоўскага. Наш край пакінуў у Сміта добрае ўражанне. «Людзі цывілізаваныя, добра адзетыя, дамы іхныя маюць цікавую мэблю... Хаты збудаваныя з бярвёнаў, пакладзеных адно на аднаго ды злучаных зарубамі па рагох...». Такім чынам, можна зрабіць выснову, што зрубныя хаты беларускіх сялян, убачаныя ім на тэрыторыі ВКЛ, маглі стаць узорам для будучых будынкаў першых пасяленцаў у Паўночнай Амерыцы, вядомых зараз як «лог-кабін». Вандруючы па нашай Радзіме, Джон Сміт трапляе ў «Рэчыцу на рацэ Ніпер». Відавочна, гэта сучасны горад Рэчыца Гомельскай вобласці. Прабыў ён там не надта доўга, але за гэты час не мог не заўважыць ахоўны замак на беразе Дняпра. Замак займаў тэрыторыю каля аднаго гектара, меў пяць вежаў і быў апаясаны глыбокім рвом і зямельным валам. Існуе меркаванне, што сістэма замкавых умацаванняў, з якой ён пазнаёміўся ў Рэчыцы, стала прататыпам драўляных палісадаў — высокіх плотаў, якія каланісты будуць выкарыстоўваць пазней у Паўночнай Амерыцы.
Хутка Сміт змог аднавіць свае сілы і працягнуць сваё падарожжа. Сярод краін, якія ён наведаў за гэты час, узгадваюцца Італія, Іспанія, Францыя, Германія і Марока. Ёсць звесткі, што Джон Сміт нейкі час нават здолеў папірацтваваць у Міжземным моры. Вярнуўся ў Англію ён толькі ў 1604 годзе. Па некаторых падліках, за час гэтай вандроўкі Сміт у перыяд з 1600 па 1604 гады пераадолеў амаль 11 000 міль.
Вялікі даследчык
Вандроўнік нарэшце апынуўся дома, але ненадоўга. Ваенныя подзвігі Сміта моцна ўразілі выбітных людзей у Англіі, асабліва капітана Барталам’ю Госнальда, чалавека, які намерваўся заснаваць англійскую калонію ў рэгіёне Чэсапік, у Паўночнай Амерыцы. Госнальд і іншыя заможныя людзі ў Лондане арганізавалі кампанію «Вірджынія», якая 10 красавіка 1606 года атрымала хартыю караля Якава I на стварэнне калоніі. У снежні 1606 года кампанія накіравала тры караблі з 104 пасяленцамі, у іх ліку быў і капітан Джон Сміт. Караблі дасягнулі Амерыкі 13 траўня 1607 года. Заснаваная калонія атрымала назву Джэймстаўн. Яна стала першым сталым англійскім пасяленнем на тэрыторыі будучых Злучаных Штатаў Амерыкі. Лёс Джэймстаўна шмат гадоў вісеў на валаску, і некаторыя гісторыкі лічаць, што выстаяў ён менавіта дзякуючы намаганням капітана Сміта. Першапачаткова калоніяй кіраваў савет з сямі чалавек, і Сміт быў адным з яго чальцоў. Тут яшчэ трэба ўзгадаць адзін з цікавых эпізодаў з жыцця гэтага неардынарнага чалавека. Ён быў арыштаваны за мяцеж падчас падарожжа ў Вірджынію, ледзь пазбегнуў павешання і прыбыў у Джэймстаўн палонным. На шчасце, намаганнямі капелана Джэймстаўна вялебнага Роберта Ханта яго апраўдалі і дазволілі заняць пасаду ў савеце.
Ілюстрацыя мастака Smith, E. Boyd (Elmer Boyd, 1860-1943) , 1906 год
Першыя месяцы існавання Джэймстаўна былі вельмі цяжкімі з-за недахопу ежы, дрэннай пітной вады, хвароб і выпадковых сутычак з індзейцамі. На гэта наклалася неэфектыўнае кіраўніцтва саветам з-за спрэчак і заўчаснай смерці Барталам’ю Госнальда. Восенню Сміт арганізаваў паходы ў індзейскія вёскі, каб забяспечыць ежу для каланістаў, якія былі ў адчаі. Падчас адной з такіх экспедыцый у снежні ён быў схоплены вялікай паляўнічай групай індзейцаў паўхатанаў і быў дастаўлены да вярхоўнага правадыра гэтага народа, Вахунсунакока, больш вядомага як Вялікі Паўхатан. Ён стаяў на чале так званай Паўтаханскай канфедэрацыі — вялікага саюзу англакінскіх плямён. Гэтая сустрэча прывяла да вядомай усім гісторыі, апісанай Смітам. Гісторыі пра выратаванне яго ад смерці Пакахонтас, дачкой Паўхатана. Цяпер большасць амерыканскіх гісторыкаў і антраполагаў лічаць, што гэтая падзея адбылася на самай справе, але Сміт няправільна зразумеў яе сэнс. Гэта магла быць сімвалічная цырымонія ўсынаўлення Сміта індзейскім народам.
Алонза Чапел. Пакахонтас выратоўвае Джона Сміта. Крыніца: kulturologia.ru
Капітана адпусцілі, і ён вярнуўся назад у Джэймстаўн. На той момант толькі 38 са 104 пасяленцаў былі яшчэ жывыя. У студзені 1608 года ў Джэймстаўн прыбыло больш пасяленцаў, але ў тым жа месяцы здарылася няшчасце: большая частка форта згарэла. Быў гэта напад індзейцаў ці выпадковы пажар, зараз ужо даведацца немагчыма. Надзвычайны холад той зімы разам са стратай ад пажару жылля і запасаў правізіі прывялі да смерці большай часткі новых пасяленцаў.
Нягледзячы на такое цяжкае становішча, вясной 1608 года капітан Сміт распачаў адно з найважнейшых еўрапейскіх даследаванняў Паўночнай Амерыкі. Ён адправіўся вывучаць Чэсапікскі заліў і яго прытокі. Падчас дзвюх экспедыцый, якія пачыналіся ў чэрвені і заканчваліся ў верасні 1608 года, Сміт і некалькі яго калег-каланістаў, вандруючы на адкрытай баржы каля 30 футаў у даўжыню і 8 футаў у шырыню, даследавалі 2500 міль Чэсапікскага заліву і многіх яго прытокаў, такіх як рэкі Патамак і Рапаханак. У выніку Сміт стварыў вельмі дакладную карту мясцовасці, насычаную месцазнаходжаннем розных індзейскіх вёсак і іншай важнай інфармацыяй. Гэтае даследаванне і карта рэгіёна Чэсапікскага заліву яшчэ доўгі час будуць выкарыстоўвацца пасля іншымі каланістамі.
Карта Джона Сміта. Крыніца: wikiwand.com
У верасні 1608 года Сміт быў абраны прэзідэнтам калоніі і кіраўніком савета. Пад яго кіраўніцтвам колькасць загінулых рэзка скарацілася. Форт быў адрамантаваны, пасевы адноўлены, выкапаны калодзеж. Жыццё паціху наладжвалася. Для нармальнага функцыянавання патрэбны былі спецыялісты, якіх вербавалі ў Еўропе. Не выключана, што ў Джэймстаўн такім чынам трапілі смаляры і дзегцяры з Рэчыцы.
На жаль, адносіны паміж каланістамі і індзейцамі былі цяжкімі. Апошняя сустрэча капітана Сміта і правадыра Паўхатана адбылася ў студзені 1609 года, дзе кожны з іх планаваў забіць іншага падчас перамоў. Як ні дзіўна, але план індзейцаў быў сарваны з-за своечасовага папярэджання Сміта Пакахонтас. Ён пазбег смерці, але варожасць паміж двума народамі не сціхала, і неўзабаве ўспыхнула адкрытая вайна. Але капітан Сміт ужо не стаў яе сведкам.
Атрымаўшы цяжкую траўму ў выніку выбуху пораху восенню 1609 года, ён быў вымушаны вярнуцца ў Англію. Дома Сміт марыў аб вяртанні ў Джэймстаўн, але англійскія чыноўнікі адмовілі яму ў яго просьбе. Вечны авантурыст і апантаны даследчык, Сміт здолеў такі здзейсніць экспедыцыю ў 1614 годзе. Ён даследуе берагі Паўночнай Вірджыніі, якую ён нанёс на карту і перайменаваў у Новую Англію. У яго была мара стварыць там яшчэ адну англійскую калонію, але намаганні гэтыя былі сарваныя. Ён быў захоплены французскімі піратамі падчас плавання ў 1615 годзе. Але зноў здолеў збегчы. У рэшце рэшт, няўрымслівы капітан вярнуўся ў Англію, дзе шмат пісаў пра прыгоды свайго жыцця. Памёр Джон Сміт у Лондане 21 чэрвеня 1631 года і быў пахаваны ў Царкве святой труны.
Найлепшы біёграф Джона Сміта, Філіп Л. Барбур, аднойчы напісаў: «Капітан Джон Сміт жыў у легендах значна больш захапляльных, чым ён нават мог прадбачыць. ...Безумоўна, многае з таго, што пісаў Джон Сміт, было перабольшаным. ...Сапраўды, рэдкі быў чалавек, які пісаў у часы Сцюартаў, пісаў без упрыгожанняў. Магу толькі сказаць, што нічога з таго, што Джон Сміт напісаў, яшчэ ні адзін чалавек не прызнаў хлуснёй».
Помнік Джону Сміту ў Джэймстаўне, штат Вірджынія. Крыніца: wikipedia.org
Ілля Дняпроўскі, budzma.org