«Менск і Мінск — дзьве паловы сталічнай душы», — спявае ў песні Лявон Вольскі. Вядомы жарт, што ў беларусаў усяго па два, знаходзіць сваё адлюстраванне нават у Вікіпедыі. Іх у нас таксама дзве — класічным правапісам і школьным. Але ці толькі ў правапісе розніца? Адзін з рэдактараў беларускай Вікіпеды Андрусь (імя зменена ў мэтах бяспекі), кажа, што не толькі. А ў чым менавіта? Паразмаўлялі з ім пра гэта, а таксама пра аб’ектыўнасць інфармацыі, дынаміку развіцця абедзвюх версій і асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца рэдактары.
У беларускай Вікіпедыі два раздзелы — тарашкевіцай і наркамаўкай. Малюнак створаны нейрасеткай Poe.com
— Распавядзіце, якія адрозненні ёсць у двух раздзелах Вікіпедыі — афіцыйнага і класічнага правапісу
— Напачатку гэта быў адзін раздзел, у якім розныя рэдактары спрабавалі дамаўляцца і пісаць на двух правапісах. Падыходы да напісання артыкулаў ніяк не адрозніваліся. Але гэта не дало ніякага плёну, бо ўся энергія сыходзіла на пустыя спрэчкі пра правапіс, у выніку чаго беларускую Вікіпедыю падзялілі на дзве. Сёння акрамя правапісу, адрозненне паміж раздзеламі палягае ў асноўным у тым, што ў раздзеле на тарашкевіцы выкарыстоўваюцца гістарычныя назвы беларускіх гарадоў, якія за савецкім часам былі перайменаваныя. Такі падыход не выкарыстоўваецца паслядоўна: некаторыя вуліцы, якія маюць савецкія назвы, застаюцца з такімі ж назвамі ў артыкулах.
Доўгія гады паміж двума раздзеламі не было моцнага ідэалагічнага супрацьстаяння. Але ў апошнія гады сітуацыя змянілася.
Раздзел тарашкевіцай стаў адыходзіць далёка ад закладзеных у Вікіпедыю прынцыпаў нейтральнасці. Рэдактары «тарашкевіцы» фактычна ствараюць альтэрнатыўную рэальнасць.
Калі там адкрыць артыкул «Беларусь», можна заўважыць у якасці афіцыйнага сімвала бел-чырвона-белы сцяг, адзіную дзяржаўную мову — беларускую, і прэзідэнтку Святлану Ціханоўскую. І тут узнікае пытанне: калі ў нас усё добра, у чым тады праблема беларусаў? Гэтая старонка адлюстроўвае чаканні і жаданні рэдактараў, але не рэчаіснасць. На гэтай глебе ўзнікае новы канфлікт паміж раздзеламі.
Старонка «Беларусь» на тарашкевіцы
Калі адкінуць ідэалагічныя адрозненні, рэдактары «тарашкевіцы» таксама адмоўна ставяцца да стварэння артыкулаў на аснове перакладаў з рускага раздзелу. У «наркамаўцы» такога няма: любая інфармацыя будзе каштоўнай. Вядома, пры стварэнні артыкулаў па беларускай тэматыцы лепш пісаць па наяўных крыніцах, але артыкул пра якую-небудзь англа-бурскую вайну, які добра напісаны ў рувікі, лепш перакласці.
Вікіпедыя не мае на мэце стварэнне ўнікальнага беларускага кантэнту, яна мае на мэце падаваць веды на беларускай мове.
— Ці можна сказаць, што актыўнасць у «тарашкевіцы» нашмат меншая, чым у «наркамаўцы»?
— Гэта натуральна. Напачатку праект «тарашкевіцы» быў моцна прадстаўлены ў інтэрнэце. Ёсць статыстыка, паводле якой у 2007 годзе колькасць актыўных рэдактараў «тарашкевіцы» складала 57 чалавек, а «наркамаўкі» 39. На дадзены момант сітуацыя іншая: раздзел з афіцыйным правапісам значна вырас па колькасці аўтараў. Нельга сказаць, што актыўнасць на раздзеле з класічным правапісам нулявая. Але колькасць рэдактараў не расце з 2009 года: іх як было 120, так і застаецца.
Прычынай гэтага можа быць тое, што новыя аўтары проста не ведаюць, як пісаць на тарашкевіцы. У школе гэты правапіс не вывучаюць, а слоўнікаў на ім мінімальная колькасць. Не зразумела, дзе і як правяраць гэтыя словы, бо праграмаў па праверцы правапісу таксама няшмат. Чалавеку, які скончыў беларускую школу, цяжка адаптавацца да яго. Тарашкевіца — гэта не проста мяккія знакі паміж н, яна мае больш складаныя правілы, якія даводзіцца вучыць з нуля. «Школьны» акадэмічны правапіс найбольш пашыраны, і людзям на ім зручней пісаць.
— Ці былі спробы аб’яднання двух раздзелаў у адзін?
— Пасля падзелу беларускай Вікіпедыі пра гэта не заходзіла размоваў. На мяжы 2000-х — 2010-х гг. быў моцны канфлікт паміж двума раздзеламі. Рэдактары абвінавачвалі адно аднаго ў скраданні артыкулаў, быццам яны перапісваюць чужыя тэксты і адаптуюць пад свой правапіс. Гэта былі вечныя бойкі. З 2014 года раздзел з акадэмічным правапісам значна вырас па колькасці артыкулаў, і канфлікт з «тарашкевіцай» пачаў сціхаць. Бо было ўжо вядома, які раздзел будзе першым, і нічога гэтаму нельга было супрацьпаставіць.
На сёння два раздзелы існуюць як паралельныя праекты, якія ніяк не звязаныя паміж сабой. Рэдактары «наркамаўкі» ведаюць некаторых рэдактараў «тарашкевіцы», але яны не бачаць патрэбы аб’ядноўвацца.
— Калі казаць пра тэмы, якіх артыкулаў не хапае ў беларускай Вікіпедыі?
— Мне здаецца, што ўсе тэмы хоць неяк прадстаўлены ў абедзвюх Вікіпедыях. Але не хапае артыкулаў пра дакладныя і натуральныя навукі. У той час, калі дастаткова артыкулаў пра розныя біяграфіі, гістарычныя падзеі, кнігі. Многія могуць падумаць, што гэта праз адсутнасць спецыялізаванай тэрміналогіі. Аднак з тэрміналогіяй усё добра, бо хапае беларускіх тэматычных слоўнікаў. І шмат словаў у навуковых артыкулах складаюць інтэрнацыяналізмы.
Таксама ёсць праблема з рэлігійнымі тэмамі, дзе якраз узнікаюць складанасці з перакладамі. Напрыклад, царкоўнаславянская мова цяжка перакладаецца на беларускую, каб захаваць у ёй пазнавальныя абліччы словаў з рэлігійнай тэрміналогіі. У Беларусі дзве асноўныя канфесіі, дзе амаль кожны тэрмін і імя будуць адрознівацца паводле напісання. Гэтая варыятыўнасць стварае праблемы, і праз гэта мала хто хоча занурацца ў такія тэмы.
У раздзелах ёсць і свае перакосы. Напрыклад, у раздзеле «тарашкевіцай» масава ствараюцца артыкулы пра імёны літвінаў. І яны ніколі не з’явяцца ў Вікіпедыі акадэмічным правапісам, бо для нашых рэдактараў крыніцы, выкарыстаныя для напісання тых артыкулаў, з’яўляюцца маргінальнымі.
Ёсць прыклады, калі ў адным раздзеле штосьці ёсць, а ў іншым няма, таму што мы не прымаем тую крыніцу за надзейную. Напрыклад, рэдактары раздзела з класічным правапісам спасылаліся на аўтара Алёхна Дайліда, які праз самвыдат публікуе свае кнігі і даследаванні ў інтэрнэце. Ягонае імя — гэта псеўданім. Сябе ён пазначае як бакалаўр гуманітарных навук (то-бок проста выпускнік універсітэта). Няма ніякай крытыкі (ні станоўчай, ні адмоўнай) на публікацыі гэтага ананіма ад навукоўцаў, таму мы не прымаем такую крыніцу.
Артыкул на тарашкевіцы пра Вікіпедыю, адміністратараў і правілы
— Ці адчуваецца падтрымка Беларускай Вікіпедыі з боку міжнароднай супольнасці, калі казаць пра Google?
— Беларуская Вікіпедыя за апошні час стала займаць вышэйшае месца на старонцы пошуку. Аднак ёсць свае нюансы: у большасці беларусаў будзе расейскамоўны інтэрфейс, а значыць, што артыкул з расейскай Вікіпедыі будзе на першым месцы, нават калі рабіць запыт па-беларуску. Артыкул з беларускай Вікіпедыі можа быць як на другім, так і на дваццаць другім месцы. Расейскі Yandex выдае артыкулы з беларускай Вікіпедыі лепш за амерыканскі Google.
Таксама ёсць праблема нябачнасці дадзеных раздзела з акадэмічным правапісам. Google карыстаецца базай дадзеных Wikidata, і падцягвае ў правы бок старонкі картку з кароткай інфармацыяй (напрыклад, пра вядомых асобаў). І калі загугліць што-небудзь напісанае акадэмічным правапісам, у тую картку чамусьці падцягваюцца звесткі з «тарашкевіцы». Хтосьці ўвёў тарашкевіцу па змоўчанні як асноўны беларускі правапіс, хаця ён не з’яўляецца афіцыйным. Пры гэтым інтэрфейс Google аформлены «школьным» правапісам.
— Як, на ваш погляд, рэдактары могуць паўплываць на гэтую сітуацыю?
— Фактычна ніяк. Тут трэба ўмешвацца палітычным структурам. Амерыканскія карпарацыі не цікавяцца тым, наколькі прадстаўлена беларуская мова на іх сервісах, і ці ёсць яна там наогул. Бо яны не могуць на гэтым зарабіць. Такое стаўленне ў іх да многіх невялікіх моваў, і ў гэтым сэнсе мы не адзінокія. Праблема не толькі ў тым, што Google не выдае беларускую, а ў тым, што ў Беларусі ёй мала карыстаюцца.
— Калі вяртацца да тэмы актыўнасці ў беларускай Вікіпедыі, як заахвоціць больш людзей далучацца да напісання артыкулаў?
— Канешне, прымусова нікога не пасадзіш, адназначнага адказу, як прыцягуць людзей пісаць артыкулы ў Вікіпедыю, я не маю. Да гэтага мусіць быць уласнае памкненне. Можна сто раз распавесці чалавеку, як лёгка правіць Вікіпедыю, але ён не зробіць ніводнай праўкі, і наадварот — чалавек, які не мае ніякага ўяўлення пра тое, як пісаць у Вікіпедыю, прыйдзе і сам пачне разбірацца ва ўсім з нуля.
Не магу сказаць, што галоўная праблема беларускіх Вікіпедый у адсутнасці рэдактараў. Для невялікай еўрапейскай моўнай супольнасці, якая знаходзіцца ў дыскрымінацыйным становішчы, нас даволі шмат.
Беларуская Вікіпедыя большая за раздзелы на еўрапейскіх мовах, якія з’яўляюцца адзінымі дзяржаўнымі ў сваіх краінах. Грэчаскай мовай валодае 13 млн чалавек, але грэчаская Вікіпедыя трохі меншая за беларускую.
Для нас як рэдактараў сёння куды больш важна, каб крыніцы былі даступныя, каб было па чым пісаць артыкулы. Сёння адной з асноўных праблем з’яўляецца тое, што многія крыніцы папяровыя і не заўсёды ёсць у бібліятэках. Вялікая колькасць інфармацыі не выходзіць у Інтэрнэт.
Для нас важна, каб усё было даступна online: фатаздымкі і біяграфічныя звесткі публікаваліся пад свабоднымі ліцэнзіямі, а творы, якія перайшлі ў грамадскі набытак, сканаваліся. Музеі маглі б сканаваць карціны і кнігі.
У заходніх краінах гэта практыка вельмі папулярная, бо стала вядома, што музеі нічога ад гэтага не губляюць: людзі ўсё роўна іх наведваюць, каб паглядзець карціны. Праз Вікіпедыю магчыма папулярызаваць музеі. У Беларусі ж такая практыка амаль адсутнічае, усё вельмі закрытае. Музеі і архівы не супрацоўнічаюць з беларускай Вікіпедыяй, бо адсутнічаюць загады ад вышэйшых інстанцый. Прапаганда Вікіпедыі — гэта добра, але яна не можа працаваць так, як нам бы хацелася.
Неабавязкова пісаць пра вайскоўцаў, палітыкаў і гістарычных дзеячаў, калі ў вас да гэтага не ляжыць душа. Сфера дзейнасці шырокая.
У беларускай Вікіпедыі мала артыкулаў пра сучасныя фільмы і камп’ютарныя гульні. Калі вам падабаецца нейкі акцёр ці актрыса, альбо камп’ютарная гульня, можна паглядзець, ці ёсць пра гэта артыкул у Вікіпедыі, і па жаданні дадаць. Гэта самы просты шлях, як увайсці ў Вікісупольнасць.
— Ці часта ў Беларускай Вікіпедыі вядзецца праца над паляпшэннем старых артыкулаў?
— Справа ў тым, што наш раздзел невялікі. Хоць мы добра спраўляемся з колькасцю артыкулаў на душу насельніцтва ў параўнанні нават з украінцамі і расейцамі, агульная колькасць рэдактараў у нас меншая. Гэта стварае праблему з чалавечымі рэсурсамі. І часта бывае, што артыкул пра нейкую калісьці актуальную падзею, які быў распачаты даўно, працягвае існаваць у такім жа выглядзе і на сёння.
У вялікіх раздзелах такіх праблем няма, бо там заўсёды падтрымліваецца актуальнасць і падпраўляецца тэкст. Мы як рэдактары не можам пастаянна падтрымліваць актуальнасць, бо колькасць такіх артыкулаў расце. Перыядычна мы пераафармляем іх і дапісваем, але нашых магчымасцяў мала, каб рабіць гэта добра. У беларускай Вікіпедыі можна знайсці якую-небудзь біяграфію і пабачыць, што з 2018 года там нічога не абнаўлялася.
Я вельмі спадзяюся на Штучны Інтэлект, што вялікія раздзелы будуць хутка перапісвацца пад актуальную інфармацыю, а малыя раздзелы будуць мець магчымасць з дапамогай нейрасетак у адзін клік перакладаць новыя дадаткі і абнаўленні. Пакуль да гэтага яшчэ далёка. Я спрабаваў карыстацца ChatGPT для стварэння артыкулаў і заўважыў, што шмат месцаў у тэкстах выглядаюць ненадзейнымі. Гэта пакуль яшчэ не той інструмент, якім можна карыстацца штодзень, але за гэтым, відавочна, будучыня Вікіпедыі.
Кацярына Луцэвіч, Budzma.org
Некаторыя тэзы інтэрв’ю апублікаванага вышэй, выклікалі незадаволенасць аднаго з рэдактараў раздзела Тарашкевіцы, які прадставіўся як Кастусь. Ён звярнуўся ў рэдакцыю Budzma.org з просьбай апублікаваць ягоныя каментары адносна згаданага інтэрв’ю. Публікуем іх без зменаў.
Таксама хацелі б адразу заўважыць, што меркаванні, выказаныя ў згаданым інтэрв’ю (як і ва ўсіх іншых інтэрв’ю) адлюстроўваюць пазіцыю героя інтэрв’ю, а не пазіцыю рэдакцыі.
Хацелася б падкрэсьліць, што аўтар лічыць годным і найбольш вартым у цяперашніх надзвычай цяжкіх для беларусаў варунках займацца найперш стваральніцкай працай дзеля ўмацаваньня беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці, а не разводзіць звады. Але калі штосьці выходзіць за межы прыстойнага, то гэта, на жаль, нельга проста праігнараваць. Вытрачаць на гэты камэнтар час (які можна было б скіраваць на паляпшэньне Беларускай Вікіпэдыі) вымушае непаважлівая і фактычна не падмацаваная аргумэнтамі атака на Беларускую Вікіпэдыю, зробленая ў публічнай прасторы ў паважным праекце з назвай «Будзьма беларусамі!» (а ня «Будзьма касмапалітамі!»), які як раз такі дэкляруе папулярызацыю і ўмацаваньне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Таму хацелася б прапанаваць шаноўным чытачам, якія сапраўды жадаюць высьветліць, хто ёсьць хто, сьпярша проста параўнаць два вельмі важныя артыкулы, якія апісваюць найбольшую пагрозу для той самай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці: Русіфікацыя Беларусі ў разьдзеле Вікіпэдыі традыцыйным стандартам беларускай мовы і Русіфікацыя Беларусі ў разьдзеле русіфікаваным моўным стандартам [Ад рэдакцыі: «Аўтар мае на ўвазе Раздзел Вікіпедыі з афіцыйным правапісам беларускай мовы»].
Далей можна скіраваць да параўнаньня, магчыма, менш відавочных сваімі адрозьненьнямі ў зьмесьце і грунтоўнасьці, але разам з тым таксама вельмі важных дзеля беларускай ідэнтычнасьці артыкулаў Пагоня і Бел-чырвона-белы сьцяг (з Пагоня і Бела-чырвона-белы сцяг). Што да моўнага пытаньня, то не залішнім будзе адзначыць, што ў разьдзеле русіфікаваным моўным стандартам дагэтуль няма артыкула Палітычная камісія для перагляду расейска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы. Пра многае гаворыць і параўненьне артыкулаў Рэформа беларускага правапісу 1933 году ў Беларускай Вікіпэдыі і Рэформа беларускага правапісу 1933 года у наркамаўскім разьдзеле.
Далей можна хіба прапанаваць параўнаць іншыя важныя для беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці артыкулы, зрэшты, пэўны, што і пададзенага ўжо дастаткова. Як кажуць, sapienti sat.
Цяпер што да канкрэтных агучаных у артыкуле закідаў. Пачнем зь відавочнай хлусьні, якую кожны можа хутка праверыць на ўласныя вочы, вось адпаведная цытата з матэрыялу: «Калі там адкрыць артыкул «Беларусь», можна заўважыць... прэзідэнтку Святлану Ціханоўскую». Вядома, падобнага сьцьверджаньня нідзе ў адпаведным артыкуле «Беларусь» няма. Зрэшты, узьнікае пытаньне: ці рэдакцыя «Будзьма беларусамі!» праз акцэнтаваньне ўвагі на падобныя рэчы хоча сказаць, што яна фактычна выступае за прапаганду прызнаньня легітымнасьці прэзыдэнцкага статусу за іншай вядомай асобай? [Рэдакцыя, вядома, не выступае за прызнанне легітымнасці згаданай асобы, але пакуль, на жаль, улада ў Беларусі па-ранейшаму належыць гэтай асобе].
Далей пяройдзем да менш відавочнага — маніпуляцыяў: дзеля гэтага вернемся да памянёнага ключавога «аргумэнту»: «Калі там адкрыць артыкул «Беларусь», можна заўважыць у якасці афіцыйнага сімвала бел-чырвона-белы сцяг, адзіную дзяржаўную мову — беларускую...». Зноў такі кожны ахвочы можа лёгка пераканацца, што ў асноўным тэксьце артыкула «Беларусь» як раз такі дакладна і падрабязна азначаецца актуальнае становішча ў Беларусі што да пытаньняў сымболікі і мовы. Нават на пададзеным у якасьці нейкага «доваду» скрыншоце шаблёну-карткі (а гэта толькі невялікая частка артыкула «Беларусь») добра відаць зноску «[a]» за подпісам «беларуская мова», дзе падаецца ўдакладненьне «У 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка незаконна (дэ-факта) надаў дзяржаўны статус расейскай мове».
На жаль, няма тэхнічных магчымасьцяў падаць падобныя зноскі да сымболікі, але ўнутраныя спасылкі «Герб Беларусі» і «Сьцяг Беларусі» вядуць на старонкі-неадназначнасьці, дзе ўсё падрабязна тлумачыцца. Урэшце, нідзе, ні ў якіх прынцыпах і правілах Вікіпэдыі ня значыцца, што ў картках абавязкова мусіць падавацца незаконнае, хоць і «фактычнае» (за прыкладамі магу скіраваць у артыкулы пра акупаваныя расейцамі ўкраінскія населеныя пункты ў ангельскім, украінскім ды іншых разьдзелах), асабліва калі яно прыймалася дзеля зьнішчэньня беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці: тут трэба ўспомніць вядомае выказваньне стваральніка-малявальніка той сымболікі расейца Сініцына: «Справа ж не ў геральдыцы. Таму што калі прыгадаць, навошта ўвогуле трэба было мяняць сымболіку, дык зразумела, што чым яна горш атрымалася, тым лепей. Бо яе замена была толькі правакуючым выпадам, прычым толькі адным — у камбінацыі зь некалькіх удараў.»
І зноў узьнікае пытаньне, ці рэдакцыя «Будзьма беларусамі!» праз акцэнтаваньне ўвагі на падобныя рэчы выступае за прапаганду прызнаньня легітымнасьці прыніжальнай для беларусаў расейскай гібрыднай акупацыйнай сымболікі за сымбалі Беларусі (што роўна за «беларускія сымбалі», і потым ня варта дзівіцца чырвона-зялёнаму графічнаму азначэньню беларускай мовы з боку староньніх асобаў) — нацыяльнай дзяржавы беларусаў, якая атрымала бясспрэчнае ўсеагульнае ўнутранае і міжнароднае прызнаньне менавіта пад нацыянальнай беларускай сымболікай, што дагэтуль мае законны зь юрыдычнага пункту гледжаньня дзяржаўны статус (бо, як вядома, скасавалі яе незаконна ва ўмовах расейскага тэрору супраць беларусаў)? [Рэдакцыя не выступае за прапаганду прызнання легітымнасці чырвона-зялёнай сімволікі. Каб упэўніцца, дастаткова проста паглядзець спіс публікацый на сайце альбо старонку «Пра нас»]
Увогуле, калі гаворка зайшла пра нейкую суб’ектыўную «альтэрнатыўную рэальнасьць» (суб’ектыўную, бо ніякіх спасылак на нібы «парушаныя» правілы або прынцыпы Вікіпэдыі не даецца), то да наркамаўскага разьдзелу можна падаць люстэркавы закід у сыстэматычным выкарыстаньні фактычна няіснай на гэты момант, афіцыйна скасаванай інструкцыі па трансьлітарацыі беларускіх геаграфічных назваў.
Цяпер пяройдзем да наступнага перакручваньня: «У раздзелах ёсць і свае перакосы. Напрыклад, у раздзеле «тарашкевіцай» масава ствараюцца артыкулы пра імёны літвінаў. І яны ніколі не з’явяцца ў Вікіпедыі акадэмічным правапісам, бо для нашых рэдактараў крыніцы, выкарыстаныя для напісання тых артыкулаў, з’яўляюцца маргінальнымі». Тут хацелася б скіраваць шаноўных чытачоў да асноўнага артыкула Імёны ліцьвінаў і няхай ужо яны самі мяркуюць, наколькі «маргінальнымі» ёсьць выпускнік Сарбоны, лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн з публікацыямі ў міжнародным рэцэнзаваным спэцыялізаваным анамастычным часопісе «Revue internationale d’onomastique», аўтарытэт якога лічыцца адным з найвышэйшых у сучасным навуковым сьвеце, наколькі «маргінальным» ёсьць найаўтарытэтнейшы лінгвіст Альфрэд Зэн, наколькі «маргінальным» ёсьць выдадзены Польскай акадэміяй навук этымалягічны слоўнік старапольскіх асабовых імёнаў, наколькі «маргінальным» ёсьць наш сучасны беларускі кандыдат філялягічным навук Аляксандар Бразгуноў або аўтарскі калектыў спэцыялізаванага анамастычнага выданьня «Віцебшчына ва ўласных іменах: мінулае і сучаснасць» (Віцебск, 2006), дзе ў аўтарах і рэцэнзэнтах значацца кандыдаты і дактары філялягічных навук.
Што да памянёнай публікацыі Алёхны Дайліды, то хлусьнёй ёсьць як сьцьверджаньне пра поўную ананімнасьць гэтага аўтара (што асабліва цікава выглядае з улікам таго, што зьвінавачваньне ў ананімнасьці выказваецца ананімна ў варунках, калі шмат неананімных беларусаў трапілі ў фактычны расейскі палон), так і тое, што няма ніякіх навуковых ацэнак яго публікацыі: з тэкстам адпаведнай навуковай рэцэнзіі цалкам сабе рэальнага навукоўца Сяргея Тарасава на публікацыю Алёхны Дайліды можа азнаёміцца кожны ахвочы, сярод іншага, на публікацыю Алёхны Дайліды спасылаецца дасьледнік Леанід Лаўрэш (Лідзкі летапісец, № 94, 2021, С. 36), сама публікацыя разьмяшчаецца на паважным рэсурсе Беларуская Палічка, а аўтар мае профільную лінгвістычную адукацыю (так, «проста выпускнік універсітэта», т.б. наяўнасьць профільнай вышэйшай адукацыі ёсьць цалкам дастатковай умовай для Вікіпэдыі, каб выступаць прынамсі дадатковай крыніцай да ўжо пералічаных безумоўна аўтарытэтных аўтараў).
Закід пра тое, што «рэдактары «тарашкевіцы» адмоўна ставяцца да стварэння артыкулаў на аснове перакладаў з рускага раздзелу» таксама не адпавядае праўдзе. Прынамсі нейкіх правілаў, рэкамэндацыяў або практык з падобных сьцьверджаньне ў Беларускай Вікіпэдыі не існуе. Зрэшты, існуе правіла, якое аддае перавагу крыніцам на беларускай мове, але гэтае правіла цалкам скапіяванае менавіта з расейскага моўнага разьдзелу ВП:ИНОЯЗ. Увогуле, каб пераканацца, што ў кожным моўным разьдзеле існуе пэўны натуральны ўхіл у «нацыянальны» бок, дастаткова параўнаць артыкулы на гістарычную тэматыку ў разьдзелах-суседзях зь беларускімі. Настойлівыя патрабаваньні менавіта да беларусаў пазбыцца ад такога ўхілу на карысьць антыбеларускага выглядае як мінімум дзіўна.
З больш-менш справядліва магу хіба адзначыць заўвагу пра непасьлядоўнасьць ужываньня беларускіх традыцыйных гістарычных назваў (прынятае супольнасьцю правіла ВП:БТГН), але памянёныя артыкулы пра вуліцы ствараліся да прыняцьця правіла, і супольнасьць Беларускай Вікіпэдыі проста ня мае рэсурсу, каб тое правіла поўнасьцю ўжыцьцявіць, хоць пэўныя заходы ўжо робяцца (напрыклад, Койданаўская вуліца). Калі хтосьці хоча дапамагчы зь пераносамі-рэдагаваньнямі, то з свайго боку магу гарантаваць падтрымку і дапамогу.
Хацеў бы скарыстацца пададзенай магчымасьцю, каб патлумачыць асноўную прычыну «посьпеху» разьдзелу русіфікаваным стандартам беларускай мовай, якую папярэдні вікіпэдыст чамусьці сарамліва ня ўспомніў: у 2007 годзе новаствораны наркамаўскі разьдзел атрымаў асноўны беларускі дамэн be.wikipedia.org (заўважу, не пабочны кшталту be-narkam.wikipedia.org, а менавіта асноўны be.wikipedia.org ), тым часам Беларускую Вікіпэдыю, якая ад 2004 году стваралася на асноўным дамэне be.wikipedia.org традыцыйным нерусіфікаваным моўным стандартам (хоць прыхільнікі наркамаўкі маглі пісаць у ёй артыкулы сваім правапісам і той нельга было зьмяніць без істотнага дапаўненьня) бязь нейкага публічнага абгрунтаваньня перанесьлі на пабочны дамэн be-tarask.wikipedia.org, т.б. адбыўся фактычна рэйдарскі захоп асноўнага беларускага дамэну. Што праўда, на пачатковым этапе адміністратары наркамаўскага разьдзелу мусілі зьмясьціць на галоўнай старонцы дробны тэкст з упамінаньнем, што «праект у альтэрнатыўнай літаратурнай норме беларускай мовы («тарашкевіца») знаходзіцца тут», але апошнім часам той дробны тэкст з спасылкай наркамаўцы пастанавілі ўвогуле прыбраць.
У выніку, часта даводзіцца сутыкацца з тым, што многія карыстальнікі нават ня ведаюць пра існаваньне be-tarask.wikipedia.org, бо проста заходзяць на be.wikipedia.org або абіраюць «беларускую» мову ў сьпісе наяўных моўных вэрсіяў артыкулаў (якая таксама даецца бяз хоць-якіх удакладненьняў кшталту «наркамаўка»). Зрэшты, ня варта адкідаць і школьную зручнасьць наркамаўкі, а таксама распачатую як раз у тыя часы гульню ў «мяккую беларусізацыю», якая ўрэшце скончылася фактычна тым жа, што і першая беларусізацыя. Але ў мяне ўсё адно не ўкладаецца ў галаве, як можна знаходзіцца па-за кантраляванай Расеяй тэрыторыяй і прытым ня проста папулярызаваць-прапагандаваць русіфікаваны моўны стандарт, каляніяльныя расейскія назвы і гібрыдную акупацыйную расейскую сымболіку як штосьці «беларускае», але яшчэ і атакаваць тых, хто не прызнае падобнае атаясамліваньне, бо бачыць у ім мэтанакіраваную гібрыдную расейскую палітыку з дэфармацыі-зьнішчэньня беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці на карысьць расейшчыны.
У заканчэньне хацелася б адзначыць, што ад пачатку танальнасьць гэтага адказу плянавалася быць больш рэзкай, але дзеля гонару рэдакцыі трэба зазначыць, што яна выдаліла найбольш кантравэрсійныя закіды, за што можна хіба падзякаваць. Што да папярэдняга суразмоўцы, то выглядае прынамсі дзіўным (калі не падазроным), што яго, як выглядае, нашмат больш хвалюе ўяўная «неаб’ектыўнасьць» у Беларускай Вікіпэдыі за дыскрымінацыю беларусаў і беларускага ў ангельскім моўным разьдзеле (з выдаленьнем артыкула Pahonia) або цкаваньне з пазбаўленьнем правоў і блякаваньнем з парушэньнем усіх дэкляраваных правілаў за аўтарытэтныя беларускія крыніцы і беларускія назвы файлаў у Вікісховішчы, пра што падрабязна (на ангельскай мове) можна прачытаць на адпаведнай старонцы. Высновы тут няхай кожны зробіць самастойна.