Гадоў 20 таму пра графа Чапскага шмат чуў, мабыць, любы беларус, які любіць папіць піва. На жаль, тыя часы мінулі, і з 1999 года піва “Аліварыя” гатунку “Граф Чапскі” з ядлоўцам выпускаецца толькі зрэдку, абмежаванымі партыямі. Таму памяць пра легендарнага мінскага “мэра” крыху сцерлася. А дарма: якраз днямі самы паспяховы, мабыць, кіраўнік Мінска адзначаў бы свой чарговы дзень нараджэння. У гонар гэтага ўспомнім, хто ж быў гэты граф і чым праславіўся.
Караль Ян Аляксандр Гутэн-Чапскі нарадзіўся ў 1860 годзе ў Станькаве. Вучыцца яго адправілі ў сапраўды легендарную навучальную ўстанову, вартую асобнага абзаца. Гімназія Святой Ганны ў Санкт-Пецярбургу, таксама вядомая як Annenschule, была адной з найстарэйшых навучальных устаноў сталіцы Расійскай імперыі. Першапачаткова яе заснавалі для дзяцей нямецкіх пасяленцаў, якіх запрашаў з Германіі Пётр І. З часам гімназія набыла такі аўтарытэт, што традыцыі навучання не адкінулі нават пасля рэвалюцыі. У розны час тут вучыліся падарожнік Мікалай Міклуха-Маклай, жонка вялікага пісьменніка Ганна Дастаеўская, матэматык Рыгор Перэльман, паэт Іосіф Бродскі, музыкант Барыс Грабеншчыкоў. У ХХІ стагоддзі гэта была самая старая піцерская школа, і шлях яе завяршыўся толькі ў 2008 годзе, калі чыноўнікі закрылі яе, бо… Словам, узялі і закрылі, вы ведаеце, як гэта робіцца.
Скончыўшы Аненшуле, Караль Чапскі адправіўся вучыцца ў Дэрпцкі ўніверсітэт, скончыў і яго і з 1884 года працаваў у Міністэрстве фінансаў калежскім сакратаром. Працаваў, мяркуючы па ўсім, вельмі і вельмі добра. Інакш цяжка растлумачыць, чаму ўжо ў 1890 годзе трыццацігадовы малады чалавек стаў галавой губернскага Мінска. Горад, праз які ў другой палове ХІХ стагоддзя праклалі чыгунку, бурна рос і развіваўся. Чапскі таксама не стаў плыць па цячэнні і ўклаў у развіццё будучай сталіцы ўсю сваю энергію.
Пачаў з тэатра. Мінскі губернскі тэатр, будучы Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы, будаваўся ўжо даволі даўно. Але будаўніцтва вечна спынялася праз недахоп сродкаў, і толькі Чапскі здолеў зрушыць справу. Далей новаўвядзенні пасыпаліся як з рога багацця — тэлефонная станцыя, ламбард, каменная набярэжная Свіслачы, Ігуменскі рынак (цяпер Чэрвенскі рынак у Лошыцы). Нарэшце, ужо праз два гады пасля ўступлення Чапскага на пасаду па Мінску паехала першая конка, папярэдніца трамваяў. Быў пабудаваны мост праз Свіслач, які дапамог падоўжыць лінію конкі да піўзавода Чапскага (таго самага, будучай “Аліварыі”).
На другі тэрмін Караля Чапскага пераабралі лёгка і без праблем, і ён атрымаў чын калежскага асэсара. Мінчане захапляліся тым, што ён добраахвотна адмовіўся ад дзяржаўнага жалавання, працуючы на пасадзе мэра бясплатна. Зрэшты, калі ў цябе ва ўласнасці больш за 30 000 гектараў зямлі, не лічачы піўзавода і іншага, без зарплаты, напэўна, абысціся не так ужо цяжка.
Бурную дзейнасць Чапскі працягнуў і на другім, а потым і на трэцім тэрміне кіраўніцтва Мінскам (прычым на выбарах на трэці тэрмін у графа нават не знайшлося канкурэнта — настолькі відавочная была ягоная перамога). Па яго ўказанні ў Мінску адкрылі электрастанцыю, рамеснае і прыходскае вучылішча, радзільны прытулак, а дзяржава ўзяла пад дакладны кантроль вываз з горада адходаў (ці не адтуль растуць карані легендарнай чысціні беларускіх гарадоў, якой ганарацца ўсе каму не лянота?).
З сучасным Мінскам Караля Чапскага звязваюць не толькі чысціня і Купалаўскі тэатр. Ужо ў 1894 годзе графам быў пабудаваны на месцы старога бровара Рохлі Фрумкінай сучасны піўзавод з паравым рухавіком і іншымі навінкамі. Па правераных рэцэптах нямецкіх півавараў тут варылі піва некалькіх гатункаў, а коркі бутэлек былі зробленыя ў выглядзе бюста самога Чапскага. Прамы “нашчадак” гэтага завода, першы мінскі піўзавод “Аліварыя”, пастаўляе на стол беларусаў піва і сёння.
Іншыя заслугі графа з цяжкасцю паддаюцца падліку, іх можна пералічваць доўга. Ляхаўскі мост, рамеснае крэдытнае таварыства, шпіталь для прастытутак, Другая жаночая гімназія, публічная бібліятэка. Горад рос, набываў усё больш еўрапейскае аблічча, і толькі за час кіраўніцтва Чапскага двойчы быў прыняты новы план Мінска, настолькі сур’ёзнымі былі перамены.
На жаль, настолькі маштабныя мерапрыемствы патрабавалі адпаведнага ўкладання сіл, і гэта падарвала здароўе наватара. Ужо ў 1900 годзе прагучаў страшны дыягназ: сухоты. У 1901 годзе Караль Чапскі пакінуў пасаду кіраўніка горада, якому аддаваў усе сілы цягам 11 гадоў. Столькі зрабіўшы для паляпшэння гігіены і аховы здароўя Мінска, ён не змог вылечыцца сам.
Памёр ён у 1904 годзе ва ўзросце ўсяго 44 гадоў. Помнік графу Каралю Чапскаму з’явіўся ў Мінску толькі ў 2014-м.
Дзяніс Буркоўскі